Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маральныя пакуты чыноўніцы суд ацаніў у 7 мільёнаў


Крычаўскі райвыканкам
Крычаўскі райвыканкам

Крычаўскі раённы суд задаволіў пазоў начальніцы ідэалягічнага аддзелу Крычаўскага райвыканкаму Марыны Максімавай да незалежнай газэты «Вольны горад».

Паводле выраку судзьдзі Алены Азаранкі рэдактар і выдавец газэты мусяць сплаціць чыноўніцы 7 мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды.

Акрамя таго аплаціць працу адваката Максімавай (3.600 тысяч руб) і судовыя выдаткі (450 тысяч руб).

Нагодай для судовага разьбіральніцтва стаўся газэтны матэрыял «Не в своём кресле». Чыноўніца палічыла, што журналісты зьняважылі яе як чалавека і кіраўніка выказваньнямі, якія яна працытавала ў пазове: «Как известное животное в апельсинах» і на душы «бабье лето».

«Фактычна мяне назвалі жывёлай, якая села ў крэсла кіраўніка»,— даводзіла ў пазове Марына Максімава.

Першапачаткова Максімава патрабавала ад газэты і абвяржэньня зьняважлівага, паводле яе, выказваньня, але ў ходзе судовага працэсу ад гэтага патрабаваньня адмовілася. Маральную шкоду ад газэтнай публікацыі чыноўніца ацаніла ў дзесяць мільёнаў рублёў.

Выдавец газэты Ўладзімер Кудраўцаў і яе рэдактар Сяргей Няроўны прэтэнзіі Максімавай не прызналі. Яны заяўляюць, што будуць абскарджваць рашэньне судзьдзі Азаранкі.

Як зазначае Сяргей Няроўны, адказчыкам застаюцца незразумелымі матывы, паводле якіх судзьдзя вынесла вырак на карысьць чыноўніцы. Што да прэтэнзіяў Максімавай, то журналіст адзначае:

«Паводле нормаў заканадаўства першаснае патрабаваньне — гэта абвяржэньне абразьлівых зьвестак, а потым кампэнсацыя маральнай шкоды. Зьмяніўшы свае патрабаваньні да нас Максімава паказала, што ёй не істотная рэпутацыя ў вачах грамадзкасьці, а важныя грошы. Падаючы пазоў, чыноўніца паддалася эмоцыям або ціску іншых людзей. Факт абразы выяўляецца кампэтэнтным органам на падставе заключэньня экспэрта-лінгвіста. Суд жа ня ёсьць такім экспэртам. У ім працуюць юрысты, а не лінгвісты».

Паводле адказчыкаў аўтар публікацыі «Не в своём кресле» крытыкуе мясцовую ўладу і раённую газэту за адсутнасьць інфармаваньня пра выпадак, калі напярэдадні сёлетняга навучальнага году абвалілася частка будынку мясцовай гімназіі.

«А паколькі Максімава курыруе пытаньні інфармаваньня насельніцтва, то аўтар і згадаў яе ў сваім артыкуле»,— кажа Сяргей Няроўны.

Паводле журналіста на судзе гэтак і не прагучала, чаму газэта райвыканкаму, працу якой каардынуе Максімава і якую пакрытыкавалі ў газэце за бязьдзейнасьць, ніводнага разу не паінфармавала жыхароў райцэнтру пра сытуацыю з расьсьледаваньнем надзвычайнай сытуацыі з гімназіяй.

У скарзе ў суд Марына Максімава адзначае, што ёй публікацыяй «нанесьлі маральную шкоду, якая выявілася ў зьнявазе, сораме, немагчымасьці працягваць актыўную грамадзкую дзейнасьць».

«Я апынулася ў стане стрэсу, празь які ў мяне зьявіліся праблемы са здароўем», —даводзіла суду чыноўніца.

Выносячы вырак, судзьдзя Азаранка спаслалася і на тлумачэньне расейскай прымаўкі «Как свинья в апельсинах понимает» і зрабіла выснову, што ў газэтнай публікацыі Максімаву ахарактарызавалі як «чалавека легкадумнага, непрафэсійнага выканаўцу сваіх функцыянальных абавязкаў па працы». У той жа час паводле службовай характарыстыкі з Крычаўскага райвыканкаму, зазначана ў судовым рашэньні, Максімава — кваліфікаваны спэцыяліст. «За сумленную працу яе ўзнагародзілі ганаровай граматай галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкаму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG