Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўніца хоча спагнаць зь незалежнай газэты 10 мільёнаў рублёў


Belarus – trial of Mobile mechanized column VS independent newspaper “Volny horad”. Krychau, Mahilyou region 17jun2013

Супрацоўніца Крычаўскага райвыканкаму Марына Максімава вінаваціць незалежную газэту «Вольны горад» у зьнявазе гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Праз суд яна зьбіраецца спагнаць дзесяць мільёнаў рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды. Крычаўскі раённы суд прызначыў разгляд скаргі Максімавай на 22 кастрычніка.

Як вынікае з пазову, Марыну Максімаву зьняважыла выказваньне ў публікацыі «Не в своём кресле», якая зьявілася на сайце выданьня. Яно тычылася выканьня чыноўніцай службовых абавязкаў. «Фактычна мяне назвалі жывёлай, якая села ў крэсла кіраўніка», — кажа пра абразу пазоўніца ў скарзе.

«Паколькі да артыкула дададзена мая фатаграфія, а большая частка жыхароў Крычава карыстаецца інтэрнэтам, я часта ў крамах і грамадзкім транспарце чую за сваёй сьпінаю абгаворы і ўсьмешкі», — адзначае ў пазове Максімава.

Як вынікае з пазову, зьняважлівая публікацыя давяла Марыну Максімаву да таго, што яна ня можа сканцэнтравацца на сваёй працы, пагоршылася яе самаадчуваньне і псыхалягічны стан.

«Мне нанесена маральная шкода, якая выразілася ў зьнявазе, сораме, немагчымасьці працягваць актыўную грамадзкую дзейнасьць, а таксама я апынулася ў стане стрэсу, празь які ў мяне зьявіліся праблемы са здароўем», — даводзіць у скарзе ў суд Марына Максімава.

Паводле рэдактара газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага, у публікацыі «Не в своём кресле» аўтар крытыкуе мясцовую ўладу і раённую газэту за адсутнасьць інфармаваньня пра выпадак, калі напярэдадні сёлетняга навучальнага году абвалілася частка будынку гімназіі.

«Жыхары Крычава, — даводзіць журналіст, — чакаюць, што скажа ўлада пра здарэньне, але яна маўчыць».

Сяргей Няроўны
Сяргей Няроўны

«Аўтар у публікацыі падае законы, якія гарантуюць грамадзянам права на атрыманьне інфармацыі. Ён пачаў дасьледаваць, хто мусіць адказаць за такое маўчаньне, і палічыў, што гэта ідэалягічны аддзел і яго кіраўніца Марына Максімава. Аўтар дазволіў сабе такі журналісцкі мэтафарычны прыём, каб давесьці, што ідэалягічны аддзел з сваёй начальніцай працуе непрафэсійна. Наагул, сытуацыя з замоўчваньнем мясцовых праблемаў у гаспадарцы і сацыяльнай сфэры характэрная для Крычава», — заяўляе Сяргей Няроўны.

Сяргей Няроўны лічыць, што пазоў у суд на «Вольны горад» мае тыя ж карані, што і перасьлед журналістаў-фрылансэраў. «Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, — кажа ён, — улады імкнуцца прыціснуць незалежных журналістаў, каб тыя менш крытыкавалі, а больш хадзілі па судах».

«Вольны горад» рыхтуецца да суду, заяўляе рэдактар газэты.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG