Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Крычаве: Чыноўніцы абвяржэньні не патрэбныя — грошы даражэй


Начальніца ідэалягічнага аддзелу Крычаўскага райвыканкаму Марына Максімава, якая судзіцца зь незалежнай газэтай «Вольны горад», адмовілася ад часткі прэтэнзіяў да выданьня.

Чыноўніца больш не патрабуе абвяржэньня зьвестак, якія, на яе думку, зьняважылі гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Пра гэта Максімава заявіла 2 сьнежня на пасяджэньні суда. У пазове застаецца кампэнсацыя маральнай шкоды ў памеры дзесяці мільёнаў рублёў і аплаты судовых выдаткаў.

Чым выклікана адмова ад часткі прэтэнзіяў, Марына Максімава суду не патлумачыла. Судовае пасяджэньне доўжылася ня болей за пятнаццаць хвілінаў.

Нагодай для судовага разьбіральніцтва стаўся газэтны матэрыял «Не в своём кресле». Чыноўніца палічыла, што журналісты зьняважылі яе як чалавека і кіраўніка выказваньнямі, якія яна працытавала ў пазове: «Как известное животное в апельсинах» і на душы «Бабье лето». «Фактычна мяне назвалі жывёлай, якая села ў крэсла кіраўніка», — даводзіць суду ў пазове Марына Максімава.

«Мне нанесьлі маральную шкоду, якая выявілася ў зьнявазе, сораме, немагчымасьці працягваць актыўную грамадзкую дзейнасьць, а таксама я апынулася ў стане стрэсу, празь які ў мяне зьявіліся праблемы са здароўем», — зазначана ў скарзе чыноўніцы.

Адзін з адказчыкаў паводле пазову, рэдактар газэты Сяргей Няроўны, выказаў меркаваньне, што Максімава адмовілася ад абвяржэньня, бо райвыканкам ня хоча працягваць інфармацыйную вайну:

«У райвыканкаме зразумелі, што апублікаваньне абвяржэньня прыцягне яшчэ большую грамадзкую ўвагу да судовага працэсу. І другое: паводле нашай інфармацыі, цяпер у райвыканкаме праводзяць праверку супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, і чыноўнікам самім бы ўратавацца. Акрамя таго, спадарыня Максімава не магла адказаць на нашае пытаньне, як мусіць гучаць абвяржэньне».

Сяргей Няроўны і яшчэ адзін адказчык паводле пазову выдавец газэты Ўладзімер Кудраўцаў прэтэнзіяў чыноўніцы не прызнаюць. Даводзяць, што аўтар сваёй публікацыяй крытыкуе мясцовую ўладу і раённую газэту за адсутнасьць інфармаваньня пра выпадак, калі напярэдадні сёлетняга навучальнага году абвалілася частка будынку мясцовай гімназіі.

«А паколькі Максімава курыруе пытаньні інфармаваньня насельніцтва, то аўтар і згадаў яе ў сваім артыкуле. Ён дазволіў сабе такі журналісцкі мэтафарычны прыём, каб давесьці, што ідэалягічны аддзел са сваёй начальніцай працуе непрафэсійна»,— кажа Сяргей Няроўны.

Паводле яго, за прамінулы ад здарэньня час раённая газэта не апублікавала ніводнага матэрыялу на гэтую тэму. Няма на старонках «Крычаўскага жыцьця» і публікацыяў пра суд між чыноўніцай і недзяржаўнай газэтай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG