Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узгадваючы тое жыцьцё


29 кастрычніка ў Беларусі ўзгадваюць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. У гэты дзень 77 гадоў таму ва ўнутранай турме НКВД БССР і ў іншых турмах Менску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сем’і гэтых людзей былі кінутыя ў турмы ды лягеры, сасланыя на савецкую Поўнач ды Сыбір. Пад рэпрэсіўную савецкую машыну зь яе фабрыкай перакоўкі чалавека трапіў, паводле ацэнак незалежных гісторыкаў, не адзін мільён беларусаў. ГУЛАГ нарадзіў уласную субкультуру ды досьвед грамадзкіх дачыненьняў. Гэтыя праявы дажылі і да нашых дзён.

Рыхтуючы гэтую праграму, мы зьвярнуліся да архіваў беларускай і расейскай службаў Радыё Свабода з успамінамі вязьняў савецкіх лягераў, а таксама да сьведчаньняў нядаўніх палітзьняволеных сучаснай Беларусі.

У адных аповедах можна пачуць сьлёзы, а ў іншых — усьмешку. У тым жыцьці хапала ўсяго. Мацней за ўсё памяць захоўвае ўспаміны, зьвязаныя з эмоцыямі ды пяцьцю пачуцьцямі. Як сказаў адзін з былых палітзэкаў, падобныя ўспаміны накатваюць нечакана і асацыятыўна. Штуршком для іх можа стаць усяго толькі адно слова або музычныя фраза, пах, дотык, нейкая карцінка, проста драўляны крыж.

Беларускага паэта Тодара Кляшторнага расстралялі 30 кастрычніка 1937 году ў менскай турме НКВД. Ягонай сям’і паведамілі стандартную фармулёўку прысуду — 10 гадоў бяз права перапіскі. Дачка паэта Мая ўзгадвае, што як была з маці то ў адным лягеры, то ў другім, увесь час чула ад яе: «А чаму ж бацька нас не шукае? 10 гадоў ужо прайшло».

Народжаны на Магадане беларускі дысыдэнт і палітзэк у трэцім пакаленьні Сяргей Ханжанкоў трапіў у мардоўскі лягер у 1963-м. Узялі яго студэнтам БПІ. Адседзеў 10 гадоў. Лічыць, што галоўнай мэтай рэпрэсіўнай сыстэмы быў ціск на ЗК, каб той пайшоў на супрацоўніцтва з адміністрацыяй і такім чынам быў зьнішчаны як асоба. Некаторыя ламаліся, некаторыя, наадварот, рабіліся мацнейшымі ды больш свабоднымі.

Сяргей Ханжанкоў
Сяргей Ханжанкоў

Сяргей Ханжанкоў у маладосьці
Сяргей Ханжанкоў у маладосьці

Ханжанкоў: «Я не пісаў адтуль ніякіх прашэньняў аб памілаваньні. Мама пісала — так, а я і не хацеў. Мне самому так было лягчэй. Як бы дзіўна гэта ні гучала. Трэба нешта адно выбіраць. Або барацьба, або ўвогуле гэтым не займацца. Мардоўскі лягер называўся палітычным — так у гаворцы. А насамрэч гэта быў лягер для асабліва небясьпечных дзяржаўных злачынцаў. У нас былі людзі, якія яшчэ сядзелі на Салаўках, былі калябаранты, былі беларусы, якія пасьля вайны трапілі на Захад, а прайшоўшы там падрыхтоўку, былі закінутыя сюды. Самы вядомы сярод іх — Вострыкаў. Зь ім я пазнаёміўся, адразу як трапіў туды. Мы зь ім потым пасьля вызваленьня сустракаліся. Вельмі моцнае ўражаньне. Скокнуць з парашутам з самалёта на тэрыторыю БССР яшчэ пры Сталіну — гэта самагубства. Тады і не такіх расстрэльвалі. Ён, як і ўсе астатнія палітзэкі, шмат чытаў, спрачаўся. Вакол яго групаваліся некаторыя беларусы, у тым ліку з пасьляваенных партызанаў. Гэта была маленькая беларуская дыяспара. Яны не ішлі на ніякае супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Гэта былі асобы зь непахіснымі перакананьнямі

Народжаная ў Беларусі савецкая і расейская дысыдэнтка Валерыя Навадворская тройчы абвінавачвалася паводле 70 артыкула Крымінальнага кодэксу СССР — антысавецкая агітацыя і прапаганда.. Утрымлівалася ў Ляфортаве, у маскоўскай псыхушцы, спэцтурме ў Казані. У маскоўскай вар’ятні «псыхі» аблівалі яе кіпенем. У Казані яна сядзела ў камэры разам з забойцамі, якія «кіпенем абліваць ня будуць». Валерыя Навадворская памерла сёлета ў Маскве.

Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:02 0:00
Наўпроставы лінк


Беларускі дысыдэнт Міхась Кукабака 17 гадоў правёў у турмах, лягерах і псыхлякарнях. У сьнежні 1988 году быў вызвалены зь пермскага лягера ў сувязі з «гарбачоўскай амністыяй палітвязьняў». Як сам кажа — зь ясным розумам, без адзінага шраму ды наколкі

Кукабака: «Начальнікам вар’ятні быў Ляміц, а галоўным лекарам — Кушакоўскі. Пра яго кажуць, што цяпер ён у Ізраілі. Зразумела, яны маглі б зрабіць усё, каб я звар’яцеў. Прывязаць, прызначыць конскія дозы ці рэгулярна прапісваць так званы кулазін. Гэта ад слова „кулак“. Чалавек ідзе скардзіцца да начальніка, што ў дачыненьні да яго ўсякія злоўжываньні робяцца. Калі сыходзіць, начальнік зьвяртаецца да санітараў: прапішы-ка ты яму „кулазін“. Былі розныя іншыя здарэньні ў гэтай спэцвар’ятні, калі крымінальнікі мне спрабавалі пагражаць за тое, што не расплачваюся зь імі цыгарэтамі, перадачамі. Я тады папярэдзіў апэратыўнікаў, што не дазволю, каб усялякія бандзюганы зь мяне зьдзекаваліся. Калі адміністрацыя хоча ЧП у лягеры, то яно будзе. У мяне была добрая фізычная загартоўка, і маім словам паверылі. Ніводзін зэк, ніводзін мент, ніводзін санітар да мяне нават пальцам не дакрануўся. У мяне пасьля 17 гадоў за кратамі няма аніводнай наколкі, аніводнага шраму».

Расейскі паэт, ляўрэат прэміі часопіса «Новый мир» Яўген Карасёў правёў у ГУЛАГу 20 гадоў, працаваў на лесапавале ды на будоўлі чыгунак. Ён узгадвае пра лягерныя этапы. У тых «сталыпінскіх вагонах» жаночыя камэры былі побач з мужчынскімі, а людзі ў «сталыпінах» былі вельмі маладыя.

Яўген Карасёў
Яўген Карасёў

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:39 0:00
Наўпроставы лінк


Карасёў: Ну вось едзе малады мужык у вагонзаку, у «сталыпіне», а ў суседняй камэры едуць такія ж нестарыя жанчыны. Калі грошы ёсьць, хлопец прапаноўвае канвою такія ўмовы. Дарэчы, грошы немалыя на той час. Вось хачу мець з адной зэчкай блізкія адносіны. Плаціш, ідзеш па калідоры. Калі выбраная табой жанчына пагаджаецца, пару суправаджаюць да прыбіральні. Там усё гэта адбываецца. Зразумела, пад наглядам канвою. Але і да гэтага прызвычайваесься. Узьнікаюць іншыя адчуваньні.

Былая супрацоўніца Радыё Свабода ў Мюнхэне, паэтка і перакладчыца Юлія Вазьнясенская, якая цяпер жыве і працуе ў Бэрліне, у 1970-я была асуджаная за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Яна ўзгадвае пра ўбачаныя ёй у турэмнай лазьні татуіроўкі зь Леніным-Сталіным на грудзях адной зэчкі.

Юлія Вазьнясенская
Юлія Вазьнясенская

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:42 0:00
Наўпроставы лінк


Вазьнясенская: «Дзень лазьні на зоне. Мыюцца адразу тры атрады. Стаю за нейкай тоўстай цёткай ня з нашага атраду па ваду. Цётка нарэшце наліла тазік кіпню і абярнулася да мяне. Паглядзела на яе і не паверыла вачам. На адной зь яе вялікіх грудзей — вобраз Сталіна, а на другой — Леніна, абодва ў поўную велічыню. Я ня вытрымала і пачала рагатаць. Цётка, відаць, дасьведчаная рэцыдывістка, зразумела, з чаго я сьмяюся. Злосна зіркнула на мяне і пачала павольна падымаць свой тазік з кіпенем. Выставіла на мяне сваіх Леніна са Сталіным і грозна паглядзела на мяне: з чаго уматваесься? можа разам пасьмяемся? Са страху паспрабавала адказаць з гумарам: я проста ўявіла сабе, як гадоў праз 20 выцягнуцца твары ў гэтых тваіх герояў. Цётцы ўжо было за 50. Мае словы, відаць, пацешылі яе самалюбства. Ці, магчыма, у яе таксама было пачуцьцё гумару. Спачатку зарагатала яна, а потым уся лазьня. Карацей, пранесла.

Ірына Халіп
Ірына Халіп

Разам з татуіроўкамі з савецкіх лягерных часоў у сёньня перайшоў і такі элемэнт турэмнага побыту, як прыбіральня. Журналістка Ірына Халіп, якую арыштавалі адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, пра прыбіральні ў СІЗА КДБ:

«Прыбіральня ў нашай камэры знаходзілася ў цэнтры. Побач зь невялікім сталом. Іншыя дзяўчаты, напрыклад, Наташа Радзіна, утрымлівалася ў камэры, дзе прыбіральні не было. І я нават ня ведаю, што лепш, а што горш: рабіць тое, што робіцца інтымна, на вачах у сукамэрніц, ці, як Наташа, так бы мовіць, эканоміць свае сілы і выпіваць усяго па тры шклянкі вадкасьці ў дзень. Бо ў такіх камэрах у прыбіральню выводзілі два разы на дзень. А шостай раніцы і а шостай вечара. Зразумела, можна было папрасіцца ў кантралёра. Але прасіцца кожны раз было зьвязана зь нейкімі прыніжэньнямі. Прасіць: выведзіце мяне туды — гэта цяжка... У нашай сытуацыі мы, аднак, нешта прыдумалі, каб нам усім было лягчэй. Мы, напрыклад, адну прасьціну ўжывалі як нейкую невялікую шырму. Каму было трэба, тая завешвала яе на маленечкі праход паміж нарамі. Усе астатнія пачыналі ў гэты момант гучна размаўляць, сьмяяцца, каб ствараць такі гукавы фон... У нашай камэры не было ніякіх пахаў. Мы замаўлялі з дому розныя мыйныя сродкі і пастаянна мылі сваю прыбіральню. Яна была чысьцюткая».

Зьбіты ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў Уладзімер Някляеў
Зьбіты ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў Уладзімер Някляеў

Паэт і кандыдат на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2010 году, былы арыштант «амэрыканкі» Ўладзімер Някляеў — пра адзін са шпацыраў у турэмным дворыку.

Някляеў: «У той час у „амэрыканцы“ аднекуль зьявіліся людзі ў масках. З нашымі кантралёрамі зь СІЗА гэтыя маскі-шоў суіснавалі як каты з сабакамі. Яны лупілі ня толькі нас, але і іх. Адзін з кантралёраў, які найчасьцей мяне выводзіў на допыты, момантамі быў шчыры са мной. Ён гаварыў: ну, сабакі, я такіх ніколі ня бачыў, хоць ты ім рукі-ногі паламай. Я адказваў: маўляў, Бог іх пакарае, ногі-рукі паламае. Аднойчы мяне павялі на прагулку ў турэмны дворык. Там было вельмі сьлізка. А маскі-шоў да таго ж выдурваліся, як нам хадзіць, хоць і так, калі сьлізка, ледзь ходзіш. Адзін загарлаў на мяне: рукі за сьпіну, я сказаў! Я адзначыў, што калі за сьпіну, то адразу паляціш. Ён ускокнуў, аднак яго ногі як каўзануліся, і ён як ляснуўся. І кантралёр, які стаяў, як заржаў. Так што сьмяяліся».

Васіль Лявонаў
Васіль Лявонаў

Савецкі і беларускі дзяржаўны ды партыйны дзеяч Васіль Лявонаў у 1997 годзе быў арыштаваны ў сваім міністэрскім кабінэце пасьля вуснага прэзыдэнцкага абвінавачаньня. Васіль Лявонаў распавядае пра выкарыстаньне ў дачыненьні да яго за кратамі псыхатропных рэчываў і пра самае цяжкае сваё турэмнае спатканьне:

«Самым цяжкім днём у няволі было першае спатканьне з жонкай на „Валадарцы“. Праз тэлефон ды шкло. Калі мне сказалі, я дзьве ночы ня спаў! Лепш бы яна не хадзіла. Мяне ўвесь час не пакідала пачуцьцё віны, паколькі я за кратамі апынуўся ў адной кампаніі з самымі жорсткімі бандытамі. Я ня ведаю, што адчувала ў той момант жонка, аднак вонкава яна трымалася добра. Потым я даведаўся, што дагэтуль яна прыняла шмат супакойваючых лекаў. Яе справа была — супакоіць мяне, а мая — сказаць, што я буду жыць. Гэта спатканьне з жонкай стала вырашальным у маіх далейшых турэмных выпрабаваньнях. Пасьля гэтага я сказаў сабе: ніхто не прымусіць мяне ні адступіцца, ні пайсьці на нейкае глупства».

Таксама ў перадачы «Свабода ў турмах» прагучаць успаміны былых беларускіх палітвязьняў Андрэя Пачобута (якія гісторыі з савецкага мінулага гарадзенскай турмы яго прасілі расказаць сукамэрнікі), Сяргея Парсюкевіча (пра этап у калёнію ў адным «купэ» сталыпінскага вагона разам з хворымі на адкрытую форму сухотаў), Юрыя Бандажэўскага (пра тое, як ставіліся да яго «аўтарытэтныя» сукамэрнікі), былога кіраўніка «Валадаркі» і расстрэльнай каманды Алега Алкаева (пра тое, як у Беларусі выконваюцца сьмяротныя прысуды), маці расстралянага фігуранта па справе тэракту ў менскім мэтро Ўлада Кавалёва — Любові Кавалёвай (пра спатканьне з сынам напярэдадні выкананьня прысуду).

Данцыг Балдаеў у канцы 1940-х і ў 1950-я гг быў наглядчыкам у савецкіх турмах. Пазьней стаў вядомы як калекцыянэр турэмнага фальклёру і ўзораў турэмных наколак. У адным з апошніх інтэрвію (памёр Данцыг Балдаеў у 2005 годзе ў Санкт-Пецярбургу) ён сказаў:

«Калі я працаваў, то ў ГУЛАГу было 18 мільёнаў ЗК, як нам тады казалі. Гэта на той час насельніцтва такіх краінаў, як Швэцыя (8 млн), Данія (5 млн), Фінляндыя (4,5 млн), Люксэмбург (0,3 млн). Усе гэтыя краіны цалкам сядзелі б у ГУЛАГу. Працаўнікамі ГУЛАГу маглі б быць усе жыхары тагачаснай Альбаніі (2 млн). Канкрэтна наглядчыкамі (іх было 180 тысяч) маглі б стаць агулам жыхары такіх краінаў, як Сан-Марына (18 тыс.), Ліхтэнштэйн (22 тыс.), Андора (25 тыс.), Манака (22 тыс.), ды палова насельніцтва Ісьляндыі (90 тыс.)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG