Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гібель «Фалькона»


Абломкі фюзеляжа пацярпелага катастрофу самалёта "Фалькон", на борце якога 21 кастрычніка 2014 загінулі чатыры чалавекі
Абломкі фюзеляжа пацярпелага катастрофу самалёта "Фалькон", на борце якога 21 кастрычніка 2014 загінулі чатыры чалавекі

Вэрсіі катастрофы ва Ўнукава, у якой загінуў кіраўнік кампаніі Total, і чаканыя наступствы трагедыі

Піша расейская Свабода.

Вэрсіі катастрофы ва Ўнукава, у якой загінуў кіраўнік кампаніі Total, і чаканыя наступствы трагедыі

Па факце авіякатастрофы ў маскоўскім аэрапорце Ўнукава, якая адбылася ў ноч на аўторак, распачатая крымінальная справа ў сувязі з парушэньнем патрабаваньняў бясьпекі палётаў. Прыватны самалёт «Фалькон» падчас узьлёту зачапіў сьнегаўборачны аўтамабіль, які знаходзіўся на ўзьлётна-пасадачнай паласе, перавярнуўся і пасьля падзеньня згарэў на зямлі. Загінулі тры чальцы экіпажа і кіраўнік нафтавай кампаніі Total Крыстаф дэ Маржэры. Кіроўца сьнегаўборшчыка застаўся жывы, ён затрыманы.

Сьледзтва разглядае як магчымую прычыну катастрофы дрэнныя ўмовы надвор’я — туман, але ўсё ж такі прытрымліваецца двух асноўных вэрсіяў здарэньня: памылка дыспэтчара і кіроўцы сьнегаўборачнай машыны, які, паводле заявы афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэта, быў п’яны. Адвакат кіроўцы гэта абвяргае, спасылаючыся на хранічнае захворваньне падабароннага, якое выключае спажываньне алькаголю. І ўсё ж нават само дапушчэньне магчымасьці такой прычыны катастрофы многае сказала незалежным спэцыялістам па авіяцыйнай бясьпецы.

Тое, што адбылося мінулай ноччу з прыватным самалётам у маскоўскім аэрапорце Ўнукава, кажа пра сыстэмныя праблемы ў арганізацыі працы прадпрыемства. Так лічыць старшыня камісіі па грамадзянскай авіяцыі Грамадзкай рады Растранснагляду, заслужаны пілёт СССР Алег Сьмірноў. Жорсткасьць магчымых санкцыяў супраць Расеі з боку Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO), на думку Алега Сьмірнова, будзе залежаць ад высноваў камісіі, якая займаецца расьсьледаваньнем абставінаў сутыкненьня самалёта са сьнегаўборачнай машынай.

— Самалёт быў спраўны, у выдатным стане, экіпаж быў падрыхтаваны, надвор’е туманнае, але пілёты павінны быць падрыхтаваныя лётаць у тумане і пры любым іншым дрэнным надвор’і. Не было аб’ектыўных прычынаў для катастрофы, але яна адбылася. Значыць, ёсьць сыстэмныя праблемы ў гэтым аэрапорце, у структурах, якія забясьпечваюць бясьпеку палётаў. Там працуюць тысячы людзей, сотні кіраўнікоў усіх рангаў, пачынаючы з генэральнага дырэктара, яго намесьнікаў, памочнікаў... А на працу аэрапорта катастрафічна паўплываў нейкі кіроўца, які выпіў? Нічога сабе! Сыстэму, якая добра працуе, гэта не нагадвае ніколькі.

— Якія наступствы і санкцыі з боку расейскіх і міжнародных кантралюючых арганізацыяў можа пацягнуць гэтае здарэньне?

— Адбылася авіякатастрофа, загінулі людзі. Расьсьледаваньнем займаецца спэцыяльная камісія сумесна з францускімі прадстаўнікамі. Пасьля вызначэньня прычынаў кампэтэнтныя органы — суд, пракуратура — павінны вызначыць вінаватых. І вінаватыя павінны панесьці адэкватнае пакараньне.

— Якой рэакцыі можна чакаць ад Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO)?

— Аэрапорты не ўваходзяць у склад ICAO, у яе склад уваходзяць дзяржавы. І рашэньне ICAO будзе залежаць ад рашэньня камісіі. Калі высновы камісіі будуць абвешчаныя, тады прыйдзе час глядзець, што можа зрабіць ICAO. Таму што для ICAO галоўнае — гэта высновы камісіі аб тым, якія прычыны. І калі, вядома, камісія зробіць прычынай усяго аднаго кіроўцу, які выпіў, дык ICAO, ня выключана, прыме вельмі строгія меры да нашай краіны. Яны, напрыклад, могуць паставіць пытаньне аб вывадзе дзяржавы зь сябраў ICAO. Гэта самая строгая мера, гэта канец наогул усім нашым міжнародным палётам, канец ўсёй нашай авіяцыі. І адносна строгія меры накшталт «вымовы» — ICAO можа як-небудзь указаць Расеі на недапушчальнасьць сытуацыі, якая склалася. Але, яшчэ раз падкрэсьліваю, вельмі важна, што пакажа камісія. ICAO можа проста пагадзіцца з высновамі камісіі, калі яны будуць пераканаўчымі, а ня нейкімі незразумелымі мудрагелістымі высновамі для адводу вачэй.

Калі нашы шматлікія рэгулюючыя органы дадуць належную ацэнку сыстэмным недахопам у гэтай справе, у якой тысячы кіраўнікоў, чыноўнікаў, мэнэджэраў, як аказалася, залежалі ад аднаго чалавека, тады, верагодна, ICAO ніякіх экстраардынарных мераў рабіць ня будзе. Самая буйная ў гісторыі грамадзянскай авіяцыі сьвету «наземная» катастрофа была на Канарскіх выспах у 1977 годзе, калі два самалёты «Боінг-747» авіякампаніяў Pan American і KLM сутыкнуліся на ўзьлётна-пасадачнай паласе з-за вялікіх праблемаў у арганізацыі працы аэрапорта. Тады загінулі 583 чалавекі. Але факт, які абмяркоўваецца цяпер, кажа, што сыстэма кіраваньня бясьпекай у аэрапорце Ўнукава і дзясяткі, калі ня сотні, яго «эфэктыўных мэнэджэраў» могуць апынуцца ў залежнасьці ад аднаго алкаша. Гэта сыстэма непрацаздольная і нікому не патрэбная.

Старшыня камісіі па грамадзянскай авіяцыі Грамадсзкага рады Растранснагляду Алег Сьмірноў упэўнены, што расейскія кантралюючыя і праваахоўныя органы маюць дастаткова заканадаўчых і адміністрацыйных магчымасьцяў, каб ня проста пакараць «крайняга», але разабрацца ў сапраўдных прычынах праблемаў аэрапорта Ўнукава. Але яшчэ адна вэрсія — памылка дыспэтчара — пакуль таксама нагадвае пошукі каго-небудзь аднаго адказнага за ўсё, дае зразумець віцэ-прэзыдэнт Фэдэральнага прафсаюза авіядыспэтчараў Расеі Юры Батагаў. Сьнегаўборшчык мог апынуцца на ўзьлётнай паласе толькі з дазволу дыспэтчара, пацьвярджае суразмоўца Радыё Свабода. Але, на думку Юрыя Батагава, здагадка аб тым, што фатальнае сутыкненьне справакаваў неспрактыкаваны дыспэтчар-стажор, ня вытрымала б праверкі прынятай паўсюдна практыкай, нават калі прымаць пад увагу хранічны недахоп дыспэтчараў:

— Усе перасячэньні паласы, выезд на паласу адбываюцца толькі з дазволу дыспэтчара. Сувязь паміж дыспэтчарам і гэтым транспартным сродкам павінна быць, чым бы ён ні займаўся, і ў любым выпадку выезд на ЎПП магчымы толькі з дазволу дыспэтчара. Нават першаклясны дыспэтчар, які мае найвышэйшую кваліфікацыю, калі прыходзіць на новае месца, на новы дыспэтчарскі пункт, ён таксама будзе зьяўляцца стажорам. Дыспэтчар бяз допуску на канкрэтным працоўным месцы ня можа працаваць. Пры гэтым я выключаю той варыянт, што дыспэтчар-стажор мог быць пакінуты адзін. Стажыроўка праходзіць выключна пры ўдзеле дыспэтчара-інструктара, які мае высокую кваліфікацыю. Недахоп авіядыспэтчараў — гэта праблема паўсюдная, а ня толькі нашай краіны. Прытым што ўзровень зарплаты даволі такі прыстойны. Праца занадта адказная, і, магчыма, ня вельмі шмат жадаючых. Улічвайце яшчэ, што пры наборы ў навучальныя ўстановы ёсьць строгія патрабаваньні да здароўя, неабходна прайсьці спэцыяльны прафэсійны адбор.

У маскоўскім авіявузьле, па словах Юрыя Батагава, лішку авіядыспэтчараў, вядома, няма, але кадравая праблема ўсё ж не такая вострая, як у рэгіёнах. На момант, калі сьледзтва толькі пачалося, відавочна толькі тое, што трагічны выпадак з самалётам кіраўніка нафтавай кампаніі Total можа каштаваць стратаў ня толькі корпусу авіядыспэтчараў. Рэпутацыйныя страты непазьбежныя для расейскай грамадзянскай авіяцыі і канкрэтна для аэрапорта Ўнукава. Можа панесьці страты і «дзяржаўны» нафтавы бізнэс.

Пасьля гібелі прэзыдэнта Total Крыстафа дэ Маржэры расейскія афіцыйныя асобы заявілі пра тое, што гэтая француская нафтагазавая кампанія зьяўляецца адным з найбольш удалых прыкладаў працы замежнага бізнэсу ў Расеі. У прыватнасьці, у сваёй тэлеграме прэзыдэнту Францыі Франсуа Алянду яго расейскі калега Ўладзімер Пуцін адзначыў, што дэ Маржэры «стаяў ля вытокаў многіх буйных сумесных праектаў, якія заклалі аснову шматгадовага плённага супрацоўніцтва паміж Расеяй і Францыяй у энэргетычнай сфэры». Аднак, на думку партнэра і аналітыка кампаніі RusEnergy Міхаіла Круціхіна, працу Total на расейскім рынку наўрад ці можна прызнаць пасьпяховай:

— Гэта быў адзін зь вядучых замежных інвэстараў, і вакол яго піяру было больш чым дастаткова. Але калі паглядзець на праекты, якія кампанія ажыцьцяўляла ў Расеі, то вялікіх посьпехаў тут не прыкметна. Калісьці працу францускіх кампаніяў пачынала тут кампанія Elf, якую потым Total паглынула. Elf была вымушаная сысьці з сумесных прадпрыемстваў і з уласнага прадпрыемства на Волзе, паколькі сутыкнулася, па-першае, з непераадольнымі бюракратычнымі перашкодамі, а па-другое, праекты, якія ёй удавалася атрымаць, былі камэрцыйна нерэнтабэльнымі. А потым надышла чарга Total. Першы праект, які яна ў Расеі задумала, гэта засваеньне радовішча Хар’яга ў Ненецкай аўтаномнай акрузе, але задумала яна яго на ўмовах пагадненьня аб падзеле прадукцыі. А гэтыя пагадненьні з часам сталі карыстацца адмоўнай рэпутацыяй у колах расейскіх чыноўнікаў, іх сталі называць здрадай нацыянальным інтарэсам. Многія гады кампанія спрабавала пачаць працу на гэтым праекце, і калі, нарэшце, пачала, дык высьветлілася, што праект вельмі невялікі, сур’ёзнага прыбытку не абяцае.

Акрамя гэтых праектаў, працягвае Міхаіл Круціхін, у кампаніі Total ёсьць і ня вельмі ўдалы вопыт супрацоўніцтва зь вядучымі расейскімі кампаніямі нафтагазавага сэктару:

— Яшчэ адзін праект Total — гэта долевы ўдзел у кампаніі «НОВАТЭК», дзе яна плянуе павялічыць сваю долю да 20 працэнтаў. Аднак галоўнае пачынаньне НОВАТЭКа — гэта праект «Ямал СПГ», а ён, у сваю чаргу, сутыкнуўся зь вельмі вялікімі праблемамі. Па-першае, ускладнены пошук інвэстараў, якія згодны ўкладваць грошы ў гэты праект, а па-другое, у выніку санкцыяў многія кампаніі адмовіліся пастаўляць для завода па звадкаваньні прыроднага газу жыцьцёва важнае абсталяваньне. А Total якраз і займаецца будаўніцтвам гэтага завода. Чацьвёрты праект таксама замарожаны, паколькі Total была вымушаная пад узьдзеяньнем санкцыяў пакінуць сумесную працу з «ЛУКОЙЛам» у спробе асвоіць цяжказдабывальныя запасы нафты ў Расеі. І я яшчэ не згадаў сумесны з нарвэжцамі і з «Газпрамам» праект асваеньня Штокманаўскага радовішча. Паколькі праект адкладзены ў доўгую скрыню, кампаніі прыйшлося фактычна сьпісаць 340 мільёнаў даляраў, якія яна марна на яго выдаткавала. Гэта значыць, і тут посьпеху ніякага не відаць.

Такім чынам, робіць выснову Міхаіл Круціхін з кампаніі RusEnergy, новае кіраўніцтва Total цалкам можа перагледзець стратэгію сваёй працы і згарнуць праекты ў Расеі:

Крыстаф дэ Маржэры быў энтузіястам працы ў Расеі, і ня толькі ў Расеі, але і ў некаторых іншых рызыкоўных раёнах сьвету, такіх як ірацкі Курдыстан, напрыклад. Але мне падаецца, што рада дырэктараў кампаніі, якая будзе зыходзіць з інтарэсаў акцыянэраў, павінная цьвяроза ўзважыць і станоўчыя, і адмоўныя бакі, і досьвед працы Total ў Расеі. Я не выключаю, што рашэньне будзе прынятае на карысьць згортваньня тых нямногіх праектаў, якія ў Расеі яшчэ ў кампаніі засталіся, — сказаў Міхаіл Круціхін.

У панядзелак удзень кіраўнік Total прымаў удзел у штогадовым сходзе Кансультатыўнай рады па замежных інвэстыцыях, які праводзіў Дзьмітры Мядзьведзеў. Крыстаф дэ Маржэры быў вядомы як праціўнік санкцыяў супраць Расеі. Начным рэйсам на прыватным самалёце ён павінен быў вярнуцца ў Парыж.

Гібель старшыні рады дырэктараў францускай нафтавай і газавай кампаніі Total Крыстафа дэ Маржэры і трох сябраў экіпажа яго самалёта стала ў Францыі, зразумела, тэмай дня і выклікала мноства пытаньняў. Вось толькі два зь іх: якія фактары выклікалі сутыкненьне францускага самалёта са сьнегаўборачнай машынай на ўзьлётна-пасадачнай паласе? Ці толькі кіроўца сьнегаўборшчыка, які знаходзіўся, паводле паведамленьняў расейскіх СМІ, у стане алькагольнага ап’яненьня, зьяўляецца адзіным вінаватым трагедыі? На гэтыя пытаньні павінна адказаць сьледчая камісія францускай транспартнай жандармэрыі, створаная па ўказаньні парыскай пракуратуры, якая распачала судовую справу ў сувязі зь гібельлю ў Маскве чатырох грамадзянаў Францыі.

Але акрамя пытаньняў аб тым, што менавіта адбылося і хто вінаваты, усе прадстаўнікі палітычнай эліты Францыі, пачынаючы з прэзыдэнта і прэм’ер-міністра і, зразумела, сродкі масавай інфармацыі, паведамляюць мноства дэталяў пра неардынарную асобу Крыстафа дэ Маржэры, які загінуў ва ўзросьце 63 гадоў. Супрацоўнікі самай вялікай францускай фірмы за вочы называлі яго «біг мусташ», гэта значыць «вялікія вусы», і параўноўвалі з лагодным таўстуном Партоса з «Трох мушкецёраў».

Што ж тычыцца характару, то ў ім была, вядома ж, ня толькі лагоднасьць, але і незвычайная мэтанакіраванасьць, каласальны запас энэргіі і ўменьне ўзяць правільны тон у размове з арабскім шэйхам, кіраўніком сярэднеазіяцкай рэспублікі ці прэзыдэнтам Расеі. Вось самая, мабыць, кароткая формула, якой парыская газэта «Лё Парызе» ахарактарызавала асобу Крыстафа дэ Маржэры: «нонканфарміст, умераны каталік і непапраўны аптыміст».

Стаўшы генэральным дырэктарам фірмы Total ў 2007 годзе, калі кампанія здавала свае пазыцыі перад тварам канкурэнцыі на сусьветным рынку энэрганосьбітаў, дэ Маржэры ператварыў гэтую фірму ў адзін з самых магутных канцэрнаў сьвету. Сам дэ Маржэры казаў пра сябе і сваю ролю так: «Нафта і газ калі-небудзь скончацца, але да таго часу мы знойдзем іншыя крыніцы энэргіі. Ужо цяпер мы павінны зазірнуць за гарызонт і паспрабаваць даведацца, што будзе пасьля нас. Але ў любым выпадку — я аптыміст».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG