Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін на менскім саміце СНД прамаўчаў пра вайну ва Ўкраіне


Уладзімер Пуцін высупае ў Менску 10 кастрычніка
Уладзімер Пуцін высупае ў Менску 10 кастрычніка

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту кіраўнікоў краін СНД у Менску выступілі толькі прэзыдэнт Казахстану і кіраўнік Выканкаму СНД.

Нурсултан Назарбаеў, у прыватнасьці, заявіў, што найважнейшай задачай лічыць годнае сьвяткаваньне 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выніковую прэсавую канфэрэнцыю казахстанскі прэзыдэнт праводзіў на правах кіраўніка краіны, якая ў 2015 годзе пераймае ад Беларусі старшынства ў СНД.

Паводле Назарбаева, усе ўдзельнікі менскага саміту задаволеныя яго вынікамі. Падпісаныя важныя дакумэнты, якія закладаюць базу для далейшага супрацоўніцтва ў межах СНД, сказаў ён.

Кіраўнік выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў, падводзячы вынікі старшынства Беларусі ў СНД на працягу двух гадоў, заявіў, што Беларусь пацьвердзіла свой статус камфортнай пляцоўкі, на якой ажыцьцяўляюцца шмат якія інтэграцыйныя мерапрыемствы.

Лебедзеў не згадаў, што Беларусь была вымушаная сёлета пераняць старшынства ў СНД, пасьля таго як Украіна адмовілася ад яго, пакрыўджаная тым, што Саюз Незалежных Дзяржаў не падтрымаў яе ў час анэксіі Расеяй Крыму.

Уладзімер Пуцін, выступаючы на саміце СНД, таксама не згадаў пра вайну, якая вядзецца баевікамі і расейскімі вайскоўцамі ў Данбасе.

Пуцін у Менску заявіў, што Расея ня супраць збліжэньня з Эўразьвязам

Паводле расейскага прэзыдэнта, прымяненьне эканамічнай часткі пагадненьня аб асацыяцыі Ўкраіны з ЭЗ удалося адкласьці да 31 сьнежня 2015 году па выніках «інтэнсіўных кансультацыяў» Расеі з ЭЗ і Ўкраінай.

Расейскі прэзыдэнт, выступаючы на паседжаньні кіраўнікоў краін СНД у Менску 10 кастрычніка, паскардзіўся на тое, што рашэньне Малдовы і Ўкраіны зблізіцца з ЭЗ пагоршыла гандлёвы зварот у межах садружнасьці.

Па словах Уладзімера Пуціна, у першым паўгодзьдзі 2014 году гандлёвы абарот зьменшыўся на 9 працэнтаў — да 111 млрд даляраў. За такі ж пэрыяд 2013 году ён складаў 123 млрд, а за ўвесь 2013 год — 235 млрд.

Такім чынам расейскі прэзыдэнт адказаў на заўвагу кіраўніка Малдовы Мікалае Цімафці, які адзначыў абмежавальныя дзеяньні Расеі ў дачыненьні да малдаўскіх тавараў і зьвязаў іх з усё большым збліжэньнем краіны з ЭЗ. Уладзімер Пуцін заявіў:

«Мы ніколі не былі праціўнікамі збліжэньня з Эўразьвязам і самі хочам збліжацца. Пытаньне — ва ўмовах нашага супрацоўніцтва».

Па словах Пуціна, партнэры па СНД, Малдова і Ўкраіна, ня лічаць патрэбным абмяркоўваць усе рызыкі для расейскай эканомікі і іншых краінаў садружнасьці ў сувязі зь дзеяньнем нормаў зонаў свабоднага гандлю пасьля далучэньня гэтых краінаў да «іншых гандлёва-эканамічных аб’яднаньняў».

Уладзімер Пуцін заявіў, што ёсьць неабходнасьць «ажыцьцявіць гарманізацыю дакумэнтаў, падпісаных нашымі калегамі, з прававой базай СНД і найперш з дамовай аб зоне свабоднага гандлю».

Менавіта гэтым тлумачацца тыя «інтэнсіўныя кансультацыі», якія Расея вяла з ЭЗ і Ўкраінай. У выніку Расеі ўдалося адкласьці да 31 сьнежня 2015 году прымяненьне эканамічнай часткі пагадненьня Ўкраіны аб асацыяцыі з ЭЗ.

Пуцін заявіў, што да гэтай даты трэба ўрэгуляваць усе наяўныя разыходжаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG