Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларуска-расейскай мяжы зноў правяраюць пашпарты


Беларуска-расейская мяжа
Беларуска-расейская мяжа

Праверка праводзіцца візуальна і ніяк не фіксуецца: пасажыраў проста просяць прад’явіць дакумэнты. Зьмесьцівам торбаў пакуль не цікавяцца.

Пра тое, як правяралі пашпарты на аўтапераходзе Завольша — Рудня, апавяла пасажырка аўтобуса, што ехала ў Смаленск:

«Ніколі раней нічога не правяралі. А тут заходзіць чалавек у камуфляжы, і, нават не павітаўшыся, патрабуе пашпарты. Глядзіць без аніякага абсталяваньня — так проста. Пабудзіў усіх, хто спаў. Мы ўжо думалі: усё, зараз будзе агляд, кілбасы і пармэзаны эўрапейскія шукаць будуць! Не, нічога, пагартаў чалавек пашпарты і выйшаў. Дужа дзіўная працэдура!»

Раней пашпарты на мяжы не правяралі ні зь беларускага, ні з расейскага боку. Імаверна, што ня ўсе пасажыры іх і мелі пры сабе. Набыць аўтобусны квіток у расейскі Смаленск, прыкладам, зь Віцебску, можна і бяз пашпарта — калі ёсьць ксэракопія дакумэнту. А вось ці пусьцяць бяз пашпарта празь мяжу — удакладніць у супрацоўніцы даведачнай службы віцебскага аўтавакзалу не ўдалося:

Любая краіна, нават у Шэнгенскай зоне, мае права праводзіць мерапрыемствы міграцыйнага кантролю

«Я ні разу з такім не сутыкалася. Сёньня ў мяне пра гэта ўжо пыталіся. Я ня ведаю, як там правяраюць пашпарты. У нас тут пры пасадцы глядзяць. Але з ксэракопіяй, напэўна, пусьцяць. А вось што там будзе на мяжы, калі бяз пашпарта — ня ведаю».

Нічога дакладна не патлумачылі пра пашпартны рэжым на памежжы і ў даведачнай службе чыгуначнага вакзалу. Зь Віцебску квіткі на міжнародныя цягнікі прадаюць толькі па пашпартах, а вось калі ехаць прыгараднымі дызэль-цягнікамі, то там пашпартоў ніколі не пыталіся, кажа супрацоўніца:

«Пашпарт? Я ня ведаю. Але ж вы з сабой яго будзеце браць? Бяз пашпарта ў нас набываюць квіток да Рудні, а там пераходзіце ў іншы цягнік і набываеце квіток да Смаленску за расейскія грошы. Ну, пашпарт, напэўна, могуць праверыць... Бярыце з сабой, бо інакш як будзеце даводзіць, што вы — гэта вы?»

Што за структура ажыцьцяўляе праверку пашпартоў на беларуска-расейскай мяжы — у прыватнасьці, на аўтапераходзе ў Рудні? І зь якой мэтай гэта робіцца, калі праверка чыста візуальная?

Прэсавы сакратар беларускага Памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка адкамэнтаваў праверку пашпартоў наступным чынам:

«Любая краіна, нават у Шэнгенскай зоне, мае права праводзіць мерапрыемствы міграцыйнага кантролю. Інакш як бы лавілі парушальнікаў? Так што любая краіна, у залежнасьці ад міграцыйнай абстаноўкі, можа праводзіць такія мерапрыемствы. Гэта можа мець і плянавы, і эпізадычны характар. Так што ўезд і ў Беларусь, і ў Расею зь любога боку можа дадаткова кантралявацца. Кожная дзяржава сама вызначае, як праводзіць такія мерапрыемствы. Мы пашпарты на мяжы з Расеяй на правяраем, у нас там няма пашпартнага кантролю».

На расейскім баку беларуска-расейскай мяжы мытныя і памежныя пасты даўно скасаваныя. Там стала працуе ўсяго адна афіцыйная структура — транспартная інспэкцыя. Але ў яе іншыя функцыі — кантроль за транспартам, тлумачыць Уладзімер Лукашоў, які выконвае абавязкі начальніка міжнароднага аддзелу Ўправы дзяржаўнага аўтадарожнага нагляду па Смаленскай вобласьці:

У нас заўжды праверкі. Мы ж розныя дзяржавы. І асобы, якія заяжджаюць у чужую дзяржаву, абавязаныя прад’явіць дакумэнт. Мы ж ня ведаем, хто вы і адкуль, і навошта

«Мы гэтым не займаемся. Гэта памежная служба, нам яны не падпарадкоўваюцца. І ў Рудні, і ў Красным, і ў Панятоўцы. Яны — асобная служба, вайскоўцы, мы зь імі дачыненьняў ня маем».

Адказу не ўдалося атрымаць і ад начальніка Памежнай управы Фэдэральнай службы бясьпекі па Смаленскай вобласьці Андрэя Паўлава:

«Я на гэтыя пытаньні адказваць ня буду. Калі вам неабходна атрымаць інфармацыю, патэлефануйце ў групу грамадзкіх сувязяў, і яны вам распавядуць. І патлумачаць. А я камэнтаваць гэтую сытуацыю ня буду — у мяне няма часу».

Паводле кіраўніка прэсавай службы Алега Бізюкова, памежнікі на аўтапераходзе ў Рудні працавалі яшчэ з савецкіх часоў. І праверкі пашпартоў «былі заўжды», мала што беларусы іх не заўважалі:

«У нас заўжды праверкі. Мы ж розныя дзяржавы. І асобы, якія заяжджаюць у чужую дзяржаву, абавязаныя прад’явіць дакумэнт. Мы ж ня ведаем, хто вы і адкуль, і навошта... У нас з 1995 году тут памежнікі працуюць. Проста праверкі выбарачныя, яны то ўзмацняюцца, то аслабляюцца. Вы натрапілі на ўзмацненьне. Калі няма пашпарта, мы маем права затрымаць на 48 гадзін, а там вырашаем — ці крымінальнае пакараньне, ці адміністрацыйнае, ці, можа, вам пашпарт прывезьлі, — і тады адпускаем».

Алег Бізюкоў не назваў яшчэ адной справы расейскіх памежнікаў: якраз цяпер яны працуюць над праблемай выяўленьня ўкраінскіх грамадзянаў, якія едуць на Ўкраіну празь беларуска-расейскую мяжу. Пра гэта паведамляе інтэрнэт-рэсурс «О чём говорит Смоленск». Пашпарты праглядаюць, каб вызначыць украінскія. І адсачыць, ці іх уладальнікі пакінуць Расею праз бліжэйшы расейска-ўкраінскі пераход, ці застануцца «нелегаламі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG