Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ў судах: «Дазволілі перакладчыка, і на тым дзякуй»


Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Магілёўскі раённы суд пачаў разгляд спрэчкі працаўніка мясцовага арматурнага заводу Валадара Цурпанава з адміністрацыяй прадпрыемства пра недаплату заробку. Пазоўнік прасіў суд, каб працэс вёўся на беларускай мове. Гэтае хадайніцтва засталося не задаволеным.

Суд даў Цурпанаву магчымасьць скарыстацца на працэсе паслугамі перакладчыка. Тым ня менш пазоўнік настойвае, што суд парушыў закон «Аб дзяржаўных мовах у Рэспубліцы Беларусь».

Паводле Валадара Цурпанава, службовыя асобы, якія ўдзельнічаюць у судовым працэсе, павінны ведаць беларускую мову на тым узроўні, каб на ёй даводзіць сваю пазыцыю. Прадстаўнікі адміністрацыі заводу выступілі супраць хадайніцтва Цурпанава, аргумэнтаваўшы сваю пазыцыю тым, што паводле Канстытуцыі ў Беларусі дзьве мовы дзяржаўныя, у тым ліку і расейская.

Судзьдзя Вольга Клякоўкіна хадайніцтва Цурпанава не задаволіла. Паводле пазоўніка, яна саступіла пазыцыі адказчыка. На сёньняшнім судовым пасяджэньні Цурпанаў ня раз заяўляў, што суд парушыў ягоныя правы, не задаволіўшы хадайніцтва пра мову. Для судзьдзі, мяркуе Валадар Цурпанаў, хадайніцтва пра вядзеньне працэсу на беларускай мове стала неспадзяванкаю.

Я падазраю, што за яе судовую практыку яна ўпершыню сутыкнулася з тым, што чалавек просіць, каб працэс вёўся на беларускай мове

«Я падазраю, што за яе судовую практыку яна ўпершыню сутыкнулася з тым, што чалавек просіць, каб працэс вёўся на беларускай мове. Вось гэта і сталася апірышчам для парушэньня. На ўзроўні рыторыкі судзьдзя нібыта і выяўляе пазытыўнае стаўленьне, але калі справа дайшла да дзеяньня, то тады яна саступіла расейскамоўнасьці. Паўсюль ты сутыкаесься з тым, што твая беларускамоўнасьць успрымаецца як варожасьць, і мне падаецца, што гэта праз адсутнасьць практыкі гаварыць па-беларуску».

Вольга Клякоўкіна вяла працэс на расейскай мове, зрэдку ўжываючы беларускія словы. Закідаў Цурпанава, што ягоныя правы судом парушаныя, яна не прымае. Націскае на тое, што яму суд даў магчымасьць карыстацца перакладчыкам. У прыватнай гутарцы судзьдзя спаслалася на тое, што супраць вядзеньня працэсу на беларускай мове выступілі адказчыкі. Судзьдзя зазначыла, што калі б яны з прапановай Цурпанава пагадзіліся, то працэс быў бы беларускамоўны.

Прадстаўнікі адміністрацыі заводу адмовіліся гаварыць з журналістам пасьля судовага пасяджэньня. Спаслаліся на стомленасьць. На самім пасяджэньні яны ня раз прасілі перакладчыка, каб той перакладаў ім словы Цурпанава. Былі і спрэчкі пра беларускую мову. У прыватнасьці, адна з прадстаўніц адміністрацыі заводу на чарговую рэпліку Цурпанава, што ягоныя правы парушаныя праз мову, адказала: «Калі б працэс быў на беларускай мове, то парушаныя былі б мае правы».

Судовая тэрміналёгія такая, што бяз слоўніка не абысьціся. Калі б беларускамоўныя працэсы былі пастаяннымі, то праблемаў зь перакладам не было б

Перакладчыкам на працэсе быў дэкан магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Аляксей Лаўшук. Калі судовае пасяджэньне скончылася, ён не хаваў, што стаміўся ад працы перакладчыка. Прызнаў, што для яе яму нестае практыкі:

«Пагатоў судовая тэрміналёгія такая, што бяз слоўніка не абысьціся, — тлумачыць Аляксей Лаўшук. — Калі б беларускамоўныя працэсы былі пастаяннымі, то праблемаў зь перакладам не было б. Насамрэч блізкія дзьве мовы, і таму цяжкасьць перакладу ёсьць. З далёкай для нас ангельскай мовы перакладаць на беларускую ці расейскую, відаць, было б лягчэй».

Стаўленьне прадстаўнікоў адказчыка да Валадара Цурпанава на судзе не заўжды было цярпімым. Судзьдзя ня раз рабіла ім заўвагі. Сам пазоўнік лічыць, што такое стаўленьне зьвязанае ня толькі з моваю:

«Людзі ўсё роўна ня могуць зьмірыцца з тым, што той, хто ім не падабаецца дзеля асабістых ці прафэсійных чыньнікаў, мае права быць выслуханым і пачутым. Больш за тое, вымагае паважлівага стаўленьня. Усё, на жаль, вяртае нас да нашага такога жыцьця».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч, камэнтуючы заяву Цурпанава ў судзе пра парушэньне ягоных правоў, зазначае, што ў гэтым выпадку гаварыць пра парушэньне не выпадае. Суд даў яму перакладчыка, тлумачыць праваабаронца. Але, паводле яго, ідэальная сытуацыя была б, калі б і суд, і дзяржаўныя службоўцы валодалі як мае быць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі.

Беларуская ж практыка сьведчыць, кажа Ўладзімер Лабковіч, што беларускія суды ня толькі не гатовыя падтрымліваць беларускамоўныя працэсы:

«Яны іншым разам проста дыскрымінуюць грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай у судзе, — даводзіць праваабаронца і працягвае: — Калі ж гаварыць пра гэты канкрэтны выпадак, то гэта ня горшы прыклад. Хоць у форме перакладчыка чалавеку было забясьпечана ягонае права карыстацца беларускай мовай у судзе».

Уладзімер Лабковіч згадаў выпадкі, калі людзям у судах не давалі нават перакладчыка. Як гэта было, напрыклад, на працэсе Генадзя Лойкі супраць КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG