Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарка ёсьць. Са скваркай — праблемы


Новыя цэны на Камароўскім рынку
Новыя цэны на Камароўскім рынку

Апошнімі днямі ў Менску перабоі зь мясам. Сьвініна ня ў кожнай краме і не заўсёды. А там, дзе ёсьць — цэны літаральна за тыдзень вырасьлі ў паўтара раза. Чаму так узьляцелі кошты і ці не застануцца беларусы бяз скваркі?

У гіпэрмаркеце «Гіпа» ва Ўруччы ў мясным аддзеле сьвініны не было наагул, затое была ялавічына — па 98 і па 115 тысяч за кіляграм. Гутару з гаспадыняй:

Карэспандэнтка: «Ці адчуваеце вы перабоі зь мясам? Кажуць, што апошнім часам праблемы зь мясам?»

«Сьвініны няма. Ялавічына ёсьць, і вельмі прыгожая. Цэны кусаюцца, але на што яны цяпер не кусаюцца? Куры, індычка ёсьць. А сьвініны няма».

Астатнія пакупнікі выказвалі розныя меркаваньні: што ўся сьвініна пайшла на шашлыкі — шмат сьвятаў было; што беларускае мяса зьелі замежныя заўзятары, якія прыехалі на чэмпіянат сьвету; што ўсё беларускае мяса пайшло на экспарт у Расею...

Намесьніца дырэктара па вытворчасьці Менскага мясакамбінату Ірына Казьленка запэўніла Радыё Свабода:

«Мы працуем у поўным аб’ёме. Мясакамбінат працуе бесьперабойна па сыравіне. Я за буйныя ўнівэрсамы не адкажу, але ў нашых фірмовых крамах мяса ёсьць. Цяжка пракамэнтаваць гэтую сытуацыю. Такое ўражаньне, што людзі сапраўды сталі больш есьці мяса. Я думаю, што, магчыма, гэта з чэмпіянатам зьвязана. Шмат гасьцей прыехала, такі попыт вялікі».


Сапраўды, у фірмовай краме Менскага мясакамбінату «Мясная дзяржава» на вуліцы Казлова сьвініна была. Пакупнікоў кошты ўражваюць: філей — па 138 тысяч, шыя — 132 тысячы, лапатка — таксама па 132 тысячы за кіляграм. Прадавачкі распавялі, што яшчэ тыдзень таму добрая выразка каштавала 80 — 90 тысяч. Яшчэ ўчора шыю прывезьлі па 116 тысяч, а сёньня ўжо — па 132. Чаму вырасьлі кошты, тлумачыць намесьніца дырэктара Менскага мясакамбінату Ірына Казьленка:

«Гэта дыктуе нам сельская гаспадарка. У нас адпускная цана залежыць толькі ад закупной цаны на сыравіну, якую мы закупляем у жывой вазе. У нас свой забой, і мы ў залежнасьці ад таго, за колькі закупілі, усталёўваем кошт продажу. Днямі паднялася закупная цана з 18 тысяч да 25 тысяч за кіляграм жывой вагі. Калі закупка паднялася, адпаведна вырасла цана і ў краме».

Ня так даўно мяса выключылі са сьпісу сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі. І кошты адразу папаўзьлі ўгару, тлумачыць прэсавы сакратар ведамства Віктар Еўтухоў:

«Мы ўсталёўвалі максымальную адпускную цану, даражэй за якую вытворца — то бок мясакамбінат — ня мог адпускаць мяса ў розьніцу альбо буйному аптавіку. Зь нядаўняга часу гэтае рэгуляваньне адменена. На дадзены момант цэны рэгулююцца з дапамогай гандлёвай надбаўкі. Такім чынам, лягічна меркаваць: калі вы бачыце рост — дый усе яго бачаць — то гэта адбываецца з-за вытворцы».

На сталічным Камароўскім рынку частка прылаўкаў, дзе звычайна гандлююць мясам, пуставала.


Але мяса на самім рынку — шмат. Кошты — яшчэ вышэйшыя, чым у фірмовай краме «Мясная дзяржава»: шыя і філей — і па 180 тысяч, і па 150. Грудзінка і рэбры — па 90–100 тысяч.


Гутару з рэдкімі пакупнікамі:

Карэспандэнтка: «Як вам новыя кошты на мяса — па 150 тысяч?»

«Дорага, канечне, дорага».

«Жахлівыя, жахлівыя цэны на мяса. Нават ня ведаю, чаму яны так скокнулі. Можа, сьвіней няма ў вёсцы?»

«Дорага вельмі. Нават у краме таньней —тыдзень таму разрубка была па 68 тысяч. А тут наагул цэны вар’яцкія. Трэба, напэўна, больш зарабляць і менш есьці мяса».


Дарэчы, салёнае сала на Камароўцы прадаецца цяпер па 95 тысяч. Вэнджанае — па 139 тысяч. Гутару з Марыяй Грамыкай, якая гандлюе салам і вэнджанымі прысмакамі з фэрмэрскай гаспадаркі:

Карэспандэнтка: «Рэзка скокнулі кошты на мяса, яго стала заўважна менш. Можа, гэта наступствы мінулагодняй пагрозы чумы сьвіней, ці што? Вы ж працуеце з фэрмэрамі, з вытворцамі. Ці не застанемся мы бяз скваркі?»

«Будзем са скваркамі. Сала ў нас ёсьць, толькі сьвінкі яшчэ маладзенькія, ня вырасьлі».

Карэспандэнтка: «А ў вёсках менш стала сьвіней?»

«Канечне, менш. Таму што няма каму працаваць на вёсцы. Засталіся толькі старыя людзі, моладзь уся зьехала ў горад».

На той жа Камароўцы ўбачыла я і таньнейшае мяса — па 70–80 тысяч. Але па яго стаялі даўгія чэргі — агракамбінат «Сноў» прадаваў мяса значна таньней, чым у мясных радах. Праўда, выстаяць у чарзе трэба было больш за гадзіну.
Чарга за таньнейшым мясам на Камароўцы
Чарга за таньнейшым мясам на Камароўцы

А тое, што беларускае мяса прадаюць у Расею і таму ў Менску ўзьнікаюць перабоі, намесьніца дырэктара мясакамбінату Ірына Казьленка абвергла:

«Сьвініну на экспарт мы не прадаем, не пастаўляем. На экспарт ідзе толькі ялавічына».

Дарэчы, у сваім пасланьні парлямэнту і народу Аляксандар Лукашэнка і параіў «менш жэрці бульбы зь мясам». Прапанаваў бульбу есьці зь селядцом ці іншай рыбай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG