Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня: Перамога. Украіна. Хакей (фотагалерэя)

Усе важныя падзеі сёньняшняга дня ў Беларусі і сьвеце ў жывым блогу Свабоды.


Коратка

ЖЫВАЯ ВІДЭАТРАНСЬЛЯЦЫЯ ЗЬ МЕНСКУ (3 гадзіны відэа)
10:53 9.5.2014

Лукашэнка бяз стужкі


У Менск прайшло шэсьце вэтэранаў, кіраўніцтва Беларусі, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і праўладных грамадзкіх арганізацый.

Наперадзе калёны ішоў Аляксандар Лукашэнка з малодшым пазашлюбным сынам Мікалаем. Старэйшых сыноў побач зь ім не было. На лацкане пінжака ў Лукашэнкі не было ніякай стужкі, ні георгіеўскай, ні чырвона-зялёнай. А ў Мікалая Лукашэнкі была начэпленая стужка колераў афіцыйнага беларускага сьцяга.
10:56 9.5.2014

Лукашэнка: «Над Украінай згусьціліся хмары грамадзянскай вайны»


Выступаючы сёньня ля помніка Перамогі ў Менску на сьвяткаваньні Дня Перамогі, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра мэтаскіраваную дзейнасьць пэўных сілаў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў сьвеце:

«Балюча гаварыць, што адной з такіх „гарачых кропак“ стала Ўкраіна. Тут згусьціліся хмары грамадзянскай вайны. І брат падняў руку на брата. Гэта неабходна спыніць».

Кіраўнік Беларусі таксама казаў, што блёк НАТО «нарошчвае сваю актыўнасьць ля нашай мяжы». Аднак «нашы Ўзброеныя сілы гатовыя ў любы момант адстаяць незалежнасьць Беларусі».
11:25 9.5.2014
11:26 9.5.2014
11:26 9.5.2014
11:35 9.5.2014
11:46 9.5.2014

На парадзе ў Маскве — 11 тысячаў вайскоўцаў


У 25 расейскіх гарадах адбудуцца вайсковыя парады.

Самым маштабным быў парад у Маскве. У параўнаньні зь мінулым годам колькасьць баявой тэхнікі, якую дэманстравалі на Чырвонай плошчы, значна павялічаная.

У маскоўскім парадзе ўдзельнічалі каля 11 тысяч вайскоўцаў, 151 адзінак рознай баявой тэхнікі, а таксама 69 самалётаў і верталётаў — па колькасьці гадоў зь дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У сваім выступе прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што 9 траўня быў, ёсьць і будзе галоўным сьвятам, днём нацыянальнага трыюмфу.
11:51 9.5.2014

Вяшчаньне ўкраінскіх каналаў адноўлена


Вакол тэлевежы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі ў Кіеве арганізавана кругласутачнае патруляваньне.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Вікторыя Сюмар назвала падпал кабэляў тэлевежы дывэрсіяй:

«Лёгіка расейскіх спэцслужбаў да гэтага часу грунтуецца на вучэньні Леніна пра першачарговыя „пошту, тэлефон, тэлеграф“, — адзначыла яна ў Facebook. — Падпалілі кабэлі ў калодзежы, доступ да якога ёсьць з вуліцы, кінуўшы ўсярэдзіну запальную сумесь», — паведаміла Сюмар.
12:23 9.5.2014

У Славянску сэпаратысты ў балаклавах праводзяць парад ваеннай тэхнікі


Як паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак, па цэнтры Славянску рухаецца танк, на якім сядзяць узброеныя сэпаратысты ў балаклавах. Да баявой машыны прымацаваны сьцяг “Народнага апалчэньня Данбасу“.
12:24 9.5.2014

«У Менску пуставата, ментавата і параднавата»

Допіс чытача сайта Свабоды.

«Праехаўся па Менску: (новы) праспэкт Машэрава — Чырвоная — праспэкт Незалежнасьці. Насупраць стэлы ўчора гэтай парой быў нейкі нібы кірмашык — натоўп, шапікі, загародкі. Сёньня — пуста, гола.

На мосьце стаяў міліцыянт, але рух не перакрываў.

У некаторых — дзяцей і дарослых — балёнікі, нярэдка цэлымі вязанкамі, чырвоныя і зялёныя. Георгіеўскіх колераў не відаць. Зрэдку трапляюцца вэтэраны з ордэнамі.

На скрыжаваньні з Чырвонай стала ясна, чаму пуставата: у напрамку да стэлы праехаў картэж — даўжэзны чорны лімузын з прэзыдэнцкім штандарыкам, пару хвілін перад ім адна за адной дзьве міліцэйскія машыны, вакол лімузына адна-дзьве ўжо цывільныя. Пара дзясяткаў людзей з кожнага боку чакалі пераходу, міліцыянт ім казаў ня лезьці на ражон.

На плошчы Коласа і далей па праспэкце Незалежнасьці людней і весялей. Трапляюцца касьцюмаваныя купкі людзей — то ў аднастайных маечках, то з „БРСМ“ на сьпіне, то ў савецкім хакі.

Музыкі ў цэнтры было не чуваць. Ля Парка Чалюскінцаў духавы аркестар грае маршы».
12:25 9.5.2014

Дзень перамогі: у Адэсе, Мікалаеве і Львове спакойна, у Марыюпалі і Данецку страляюць


У Марыюпалі падчас мерапрыемстваў з нагоды перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў цэнтры гораду чуваць стрэлы. Пра гэта паведамляюць відавочцы.

«З боку цэнтру гораду чуваць стрэлы. Выразна і ясна», — адзначыў у сваім твітэры адзін зь відавочцаў, перадае «Ўкраінская праўда».

Ёсьць пацярпелыя. З вайсковай часьці выехаў аўтобус зь людзьмі, мяркуючы па ўсім — узброенымі.

У Данецку раніцай каля Калінінскага рынку была перастрэлка, абстралялі аўто.

У Львове, Адэсе і Мікалаеве імпрэзы з нагоды Дня Перамогі праходзяць спакойна.
12:43 9.5.2014

У Луганску на парадзе прэзэнтавалі сьцяг «Луганскай народнай рэспублікі»


У цэнтры Луганску, дзе праходзіў мітынг з нагоды Дня Перамогі, людзям раздалі сьцягі так званай «Луганскай народнай рэспублікі». Пра гэта паведамляе ўкраінская служба Радыё Свабода. Луганчане ўбачылі гэты сьцяг упершыню.

Таксама некаторыя людзі трымаюць расейскі трыкалёр і сьцягі колеру георгіеўскай стужкі.

Мерапрыемства малалюднае. Улады Луганску вырашылі адмовіцца ад прыцягненьня дзяцей да ўдзелу, адменены і традыцыйны сьвяточны фаервэрк.
12:54 9.5.2014
У цэнтры Марыюпаля ідзе перастрэлка, чатырох з агнястрэльнымі раненьнямі шпіталізавалі. Як паведамляе мясцовы сайт 0629, страляніна пачалася каля 10:30.
13:17 9.5.2014
13:18 9.5.2014

У Луганскай вобласьці расстралялі дваіх чалавек


Cёньня ўначы на 850 км аўтадарогі Растоў — Харкаў выявілі 2 аўтамабілі Toyota FJ Cruiser з мноствам кулявых адтулін. У адной машыне быў труп мужчыны, у другой — труп жанчыны і параненая 10-гадовая дзяўчынка, якую шпіталізавалі ў цяжкім стане.

Паводле сьведчаньняў відавочцаў, машыны не спыніліся на патрабаваньне баевікоў, якія стварылі на дарозе блёкпост. Тады тыя абстралялі машыны з аўтаматычнай зброі. Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва УНІАН.
13:23 9.5.2014
13:44 9.5.2014

У Данецку баевікі напалі на дзяжурную часьць папраўчай калёніі


Сэпаратысты прыехалі ў калёнію на чатырох аўтамабілях, зайшлі ў каравульнае памяшканьне, дзе знаходзіцца дзяжурная часьць.

Нападнікі завалодалі пісталетам Макарава і трыма аўтаматамі Калашнікава без патронаў.

Ніхто з супрацоўнікаў калёніі не пацярпеў. На месцы здарэньня працуе сьледча-апэратыўная група, перадае УНІАН.
13:45 9.5.2014

У цэнтры Кіева затрымалі яшчэ адзін аўтамабіль з агнястрэльнай зброяй


Каля Кіева-Пячэрскай лаўры праваахоўнікі затрымалі яшчэ адзін аўтамабіль, у якім перавозілі агнястрэльную зброю.

Тэхпашпарт на «Аўдзі» выдадзены ў Луганскай вобласьці.

Пазьней да аўтамабіля падышоў малады чалавек прыблізна 25 гадоў і паспрабаваў узяць у салёне цыгарэты. Пасьля гэтага кінуўся ўцякаць.

Яго затрымалі прадстаўнікі Самаабароны Майдана. Міліцыя ня ўмешвалася.

Раней на кіеўскай Плошчы Славы праваахоўнікі затрымалі аўтамабіль, у якім перавозілі пісталет, нож, а таксама камплект аўтамабільных нумароў.
14:15 9.5.2014
Сілавікі адбілі атаку на будынак МУС у Марыюпалі. Зьнішчана каля 8 тэрарыстаў. У горадзе працягваюцца баі паміж прарасейскімі тэрарыстамі і ўкраінскімі вайскоўцамі.

Пра гэта паведамляе выданьне INSIDER.

Раней з боку аэрапорта ў Марыюпаль увайшла бранятэхніка са сьцягамі Ўкраіны.
14:22 9.5.2014

Рэдактар «Острова»: Сэпаратысты застрэлілі праваслаўнага бацюшку


У Канстанцінаўцы (Данецкая вобласьць) на блёкпосьце сэпаратысты застрэлілі праваслаўнага бацюшку.

Пра гэта ў сваім твітэры напісаў галоўны рэдактар выданьня «Остров» Сяргей Гармаш.

«Жыў побач, выйшаў іх абразуміць. Не дамовіліся...», — напісаў ён.

У Канстанцінаўцы ўкраінскія вайскоўцы праводзяць антытэрарыстычную апэрацыю.

Тэрарысты захапілі ў горадзе гарсавет, спрабавалі захапіць тэлевежу і пэрыядычна абстрэльваюць машыны.

Загрузіць яшчэ

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG