Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад у Маскве — браніраваны кулак для Захаду


Ваенны парад у Маскве
Ваенны парад у Маскве

Расейскія ўлады, на думку экспэртаў, выкарыстоўваюць сьвята перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў сваёй прапагандысцкай кампаніі, зьвязанай з падзеямі ва Ўкраіне і супрацьстаяньнем з Захадам.

У параўнаньні зь леташнім парадам сёлета колькасьць баявой тэхнікі, якую дэманструюць на Краснай плошчы, значна павялічаная. На ваенным парадзе 9 траўня прадстаўлены і навінкі ваеннай тэхнікі, аднак, як заўважае ваенны аглядальнік «Ежедневного журнала» Аляксандар Гольц, новай гэтую тэхніку можна назваць толькі ўмоўна:

«Насьцярожваюць агучаныя абяцаньні пусьціць наперадзе ваенную тэхніку Чарнаморскага флёту, якая сымбалізуе далучэньне Крыма да Расеі. Гэта выглядае нейкім мілітарысцкім актам і жаданьнем зьвязаць Дзень Перамогі зь цяперашнімі акцыямі Крамля. Любы парад павінен дэманстраваць ваенную моц. Але толькі ў спэцыфічных дзяржаў парад ператвараецца ў такое доўгае грукатаньне ваеннай тэхнікі. Можна назваць Паўночную Карэю і Кітай, чый парад у 2008 годзе памятаюць вельмі многія, паколькі тады была прадэманстраваная сапраўды новая ваенная моц і абсалютна відавочныя жаданьні Кітая. Расея знаходзіцца ў гэтым трэндзе. Калі іншыя краіны абмяжоўваюцца сымбалічным праходжаньнем, то Расея лічыць неабходным зрабіць гэта менавіта дэманстрацыяй моцы».
Сьцяг Крыма на ваенным парадзе ў Маскве
Сьцяг Крыма на ваенным парадзе ў Маскве


У ліку 24 гарадоў, у якіх Расея ў гэтым годзе праводзіць ваенны парад, уключаны і Севастопаль. У гэтым годзе адзначаецца 70-годзьдзе вызваленьня Крыма і Севастопаля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Севастопалі напярэдадні 9 траўня было абвешчана, што ў горадзе чакаюць першых асобаў расейскай дзяржавы. Аляксандар Гольц лічыць, што ў сьвятле апошніх падзей гэты візыт выглядае цалкам лягічна:

«Цалкам відавочна, што расейскае кіраўніцтва хацела б выціснуць у прапагандысцкім пляне ўсё мажлівае з далучэньня Крыма і грунтоўна ўбіць у галовы расейскіх грамадзянаў нейкую асацыяцыю зь перамогай у Другой сусьветнай вайне».
Уладзімер Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў на ваенным парадзе ў Маскве
Уладзімер Пуцін і Дзьмітрый Мядзьведзеў на ваенным парадзе ў Маскве


Заходні сьвет адзначае перамогу над нацысцкай Нямеччынай на дзень раней, 8 траўня, і розьніца ў гэтых сьвятах далёка ня толькі каляндарная. Пра рост разрыву паміж расейскім і заходнім разуменьнем гэтай перамогі кажа палітоляг Андрэй Астальскі, які жыве ў Вялікабрытаніі:

«Вельмі сымбалічна, што заканчэньне Другой сусьветнай вайны і перамога над нацысцкай Нямеччынай сьвяткуюцца ў розныя дні: 9 траўня — у Савецкім Саюзе, і 8 траўня — на Захадзе. 8 траўня — больш дакладная дата, але Сталін настойваў на тым, каб быў іншы дзень, гэта значыць, гэтым было сказана: наша перамога — не зусім ваша перамога. З тых часоў 9 траўня — ня проста сьвята ўшанаваньня вэтэранаў, а першае і галоўнае — дзень ваеннага параду. Гэта быў такі браніраваны ракетны кулак, які дэманстраваўся Захаду. Для Захаду 8 траўня — гэта дзень міру, прымірэньня, сьлёз, успамінаў пра трагедыю. А ў СССР гэта быў элемэнт дэманстрацыі ваеннай моцы. І гэтая традыцыя працягваецца, і зноў у Расеі гэта дзень нацыяналістычнай ідэалёгіі. Цяпер у гэта ўкладваецца і сэнс нейкай перамогі над сучаснай Украінай, што ўжо зусім абсурдна!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG