Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы адзначылі Дзень Перамогі, як ў Эўропе, — 8 траўня і без парадаў


Больш за 100 сьвечак у памяць пра загінулых у Другой сусьветнай вайне запалілі 8 траўня каля манумэнта Славы ў Кіеве. Такім чынам прадстаўнікі Міністэрства культуры і Інстытуту нацыянальнай памяці ўшанавалі загінулых.

Міністар культуры Ўкраіны Яўген Нішчук, які браў удзел ва ўшанаваньні з макавай кветкай на грудзях — эўрапейскім сымбалем памяці загінулых у вайне, нагадаў, што капітуляцыя Нямеччыны была падпісана 8 траўня позна ўвечары і фармальна менавіта ў гэты дзень скончылася вайна ў Эўропе. На думку Яўгена Нішчука, пачатак урачыстасьцяў 8 траўня дае магчымасьць Украіне правесьці частку сьвяткаваньняў у адзінстве зь іншымі краінамі антыгітлераўскай кааліцыі:

«Ня трэба пафасу парадаў. Лепш знайсьці вэтэранаў, якія яшчэ жывыя, пагутарыць зь імі або прыбраць магілы салдат. Многія зь іх — занядбаныя».

У Парку Славы ў Кіеве адбыўся ўрачысты канцэрт, на якім гучала ўкраінская і эўрапейская музыка.

У Днепрапятроўску 8 траўня па прыкладзе эўрапейскіх краін Дзень Перамогі адзначалі як Дзень памяці і прымірэньня. Актывісты Эўрамайдану, партый і грамадзкіх арганізацый вырашылі, што ў гэты дзень варта не сьвяткаваць і сьпяваць, а схіляцца ў жалобе і ўспамінаць пра тое, што Ўкраіна панесла велізарныя страты ў Другой сусьветнай вайне — мільёны чалавечых жыцьцяў.

У жалобным шэсьці па цэнтральных вуліцах Днепрапятроўску ў чацьвер вечарам узялі ўдзел сотні людзей. Яны трымалі ў руках сіне-жоўтыя сьцягі, сьпявалі дзяржаўны гімн Украіны, а пасьля рушылі па горадзе — ужо бязь сьпеваў і музыкі. На плякатах былі лёзунгі: «Украіна — мір», «Вялікая Перамога без Украіны — вялікая хлусьня Пуціна», «8 траўня — Дзень памяці і прымірэньня».

У Львове рашэньнем акруговага адміністрацыйнага суду 9 траўня дазволілі вэтэранскай арганізацыі і супрацоўнікам генэральнага консульства Расеі ўскладаньне кветак на магілы і да помнікаў ахвярам вайны.

Грамадзкія дзеячы Львова заклікалі людзей не чапляць георгіеўскія стужкі, таму што ў цяперашняй ваеннай сытуацыі гэта сымбаль акупанта.

«Усе, хто хоча, можа прыйсьці і ўскласьці кветкі на магілы тых, хто ваяваў з нацыстамі. Аднак ніякіх маніфэстацыяў і мітынгаў ня будзе», — заявіў мэр Львова Андрэй Садавы.

Пад час сьвяткаваньняў 9 траўня ў многіх гарадах усходу Ўкраіны чакаюць правакацыяў з боку сэпаратыстаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG