Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Лукашэнка прымярае ўкраінскую сытуацыю на сябе, як кашулю


Ukraine - Belarus rock band Lyapis Trubiacki plays in Kiev Maydan square to protesters, 7 December 2013.
Ukraine - Belarus rock band Lyapis Trubiacki plays in Kiev Maydan square to protesters, 7 December 2013.
Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі наконт фэдэралізацыі Ўкраіны прынцыпова пярэчыць поглядам на гэты конт Крамля. На гэта найперш зьвярнулі ўвагу беларускія палітыкі і палітолягі пасьля таго, як па тэлебачаньні паказалі інтэрвію кіраўніка Беларусі, якое ён даў расейскай тэлекампаніі НТВ для праграмы «Сегодня. Итоговая программа». З гэтай нагоды наш карэспандэнт Уладзімер Глод запісаў меркаваньні прадстаўнікоў апазыцыйных і праўладных структураў Беларусі.

Фэдэралізацыя прывядзе да расколу і разбурэньня Ўкраіны як дзяржавы, лічыць Аляксандар Лукашэнка:

«Калі вы хочаце захаваць Украіну адзінай дзяржавай (а я хачу, каб Украіна была цэласнай, маналітнай, адзінай дзяржавай, вельмі гэтага хачу), дык ня трэба праводзіць фэдэралізацыю. Гэта заўтрашні раскол Украіны цалкам, гэта разбурыць дзяржаву...Штурхаць Украіну да фэдэралізацыі зараз — гэта вельмі небясьпечна. Небясьпечна ўсім: і Беларусі з Расеяй, і Захаду. Ніколі людзі з гэтым там не пагодзяцца. Ніколі», — упэўнены Лукашэнка.

Між тым расейскае кіраўніцтва неаднаразова заяўляла, што толькі фэдэралізацыя Ўкраіны — адзіны сродак для выратаваньня яе як самастойнай дзяржавы. А Лукашэнка ўсяго тыдзень таму заяўляў, што ў прынцыповых пытаньнях ён заўжды кансультуецца з кіраўніцтвам Расеі.

«Я ня бачу дзіўнага ў апошніх выказваньнях нашага кіраўніка», — сказаў Свабодзе кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру ЕcooМ Сяргей Мусіенка:
Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
«Раіцца — гэта і азначае раіцца. Адна справа — кансультавацца, а іншая — мець свой погляд. І ў гэтым няма ніякага парадоксу. Для мяне гэта нармальная працэдура. У нас свой погляд на тое, што адбываецца ва Ўкраіне. І ён крыху адрозьніваецца ад расейскага. Таму мы і ўвайшлі ў наўпроставы кантакт з тымі людзьмі, якія зараз ачольваюць Украіну.

Лукашэнка размаўляў з Турчынавым. І я думаю, у Аляксандра Рыгоравіча ёсьць важкія падставы, каб думаць інакш. Наколькі да іх прыслухоўваецца Расея? Мы назіраем, што, магчыма, дзякуючы гэтай сустрэчы Лукашэнкі і Турчынава, у камэнтарах на расейскіх тэлеканалах зьявілася іншая танальнасьць. Цяпер кіраўнікоў Украіны называюць прызначанымі Вярхоўнай Радай, а не самаабвешчанымі. Гэта — заўважна».
Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Лукашэнка прымярае ўкраінскую сытуацыю на сябе, як кашулю», — упэўнены старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

«Масква цяпер цалкам занятая Ўкраінай. І ў Пуціна ня так багата часу для кропкавых кансультацыяў і жорсткага інструктажу. Але калі час прыйдзе, дык Лукашэнка (як гэта ўжо бывала неаднойчы) можа сказаць, што яго ня так зразумелі і што ён насамрэч меў на ўвазе іншае. Пакуль у яго ёсьць нейкая прастора для заяваў, для фармулёўкі пазыцыі. І ён гэта выкарыстоўвае.

Натуральна, што ўкраінскую сытуацыю, як кашулю, прымярае на сябе. А для яго праект фэдэралізацыі ўтрымлівае пэўныя рызыкі і небясьпекі».

Адчуваньнем небясьпекі для сябе асабіста — калі Крэмль вырашыць стварыць адзіную рускамоўную краіну, жаданьнем крышку пагуляць у пэўную незалежнасьць ад Масквы і намерам падаць пэўны сыгнал кіраўніцтву Ўкраіны тлумачыць апошнія заявы беларускага кіраўніка палітоляг Алесь Лагвінец:
Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Бо фэдэралізацыя альбо дэстабілізацыя Ўкраіны так ці інакш адбіваецца на Беларусі. І гэта відавочна ня можа не турбаваць Лукашэнку. Ён бачыць, што калі Расея кіруе ўкраінскімі палітыкамі, як пешкамі, альбо проста мяняе аднаго на другога, як яна цяпер робіць зь Януковічам, то ўсё можа быць і зь ім.

Калі Расея дамагаецца такога спачатку з паўднёвай, затым з усходняй часткай Украіны, а пасьля і з усёй Украінай, то гэта азначае, што гэтаксама яна можа паводзіць сябе і ў дачыненьні да Лукашэнкі. Мы ведаем, што ў адносінах Пуціна і Лукашэнкі ўжо былі напружанасьці. І, найхутчэй, яны яшчэ праявяцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG