Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кібальчыч: Рэпартажы пра Цімашэнку і Парашэнку — мой сьвядомы выбар


 Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч

Кацярына Кібальчыч, аўтарка сюжэтаў пра кандытатаў у прэзыдэнты Ўкраіны Юлію Цімашэнку і Пятра Парашэнку на расейскім Першым канале, трапіла ў прыцэл крытыкі за тое, што нібыта выконвае загад Крамля, паліваючы брудам украінскіх дэмакратаў.

Дзясяткі карыстальнікаў сацыяльных сетак асудзілі «прапагандысцкі імпэт» Кібальчыч, заклікаўшы байкатаваць ня толькі саму журналістку, але і ейныя курсы беларускай мовы «Мова ці кава».

Цяпер Кацярына знаходзіцца ў Данецку, дзе рыхтуе матэрыял пра яшчэ аднаго прэтэндэнта на вышэйшую дзяржаўную пасаду ад «Партыі рэгіёнаў» Міхаіла Добкіна. Чаму рэжысэрка дакумэнтальнага фільму пра Плошчу-2010 «Беларуская мара», ляўрэатка прэстыжных журналісцкіх прэмій за прафэсійныя дасягненьні ўзялася за неадназначную ўкраінскую тэматыку?

— Кацярына, твае апанэнты перакананыя, што ў любой сытуацыі журналіст можа адмовіцца ад заданьня, якое можа выліцца ў асабістыя праблемы. Такая магчымасьць была?

— Гэта быў цалкам мой выбар. Скажу нават так: калі абмяркоўвалі эфір, мне прапанавалі зрабіць пра малазійскі «Боінг», які зьнік недзе ў моры-акіяне. Але я адказала: давайце зраблю партрэт пра Юлію Цімашэнку. Што гэта за чалавек, які цяпер прэтэндуе і рэальна мае шанец стаць прэзыдэнтам. Больш за тое, выкажу асабістае меркаваньне, якое я не выказвала ў рэпартажы: калі Юлія Ўладзімераўна стане прэзыдэнтам, то гэта будуць апошнія выбары ва Ўкраіне. Бо гэта будзе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў сукенцы.

— Чаму ўкраінская тэматыка ў тваіх сюжэтах зьявілася толькі цяпер?

— Пачну з таго, што можна проста набраць маё прозьвішча на сайце Першага каналу і паглядзець, чым я займаюся, якія рэпартажы вяду, на якія тэмы. Для журналіста, якім зьяўляецца той жа Віталь Цыганкоў, гэта было б не складана. Калі б Віталь зрабіў некалькі клікаў, ён бы даведаўся, што я за ўвесь час падзеяў ва Ўкраіне не зрабіла ніводнага рэпартажу адтуль на працягу амаль што двух месяцаў. І гэта было агульнае, скажам так, рашэньне маё і майго кіраўніцтва. Але Майдан скончыўся і на паверхню выплылі тыя людзі, якія выплылі. Цяпер мы можам паглядзець, хто стаў бэнэфэцыярам усяго, што адбывалася ва Ўкраіне. Проста паглядзець на гэтых людзей: хто яны, дзеля чаго ўсё гэта было, каму гэта было выгодна. Пятру Парашэнку, які першы ідзе ў рэйтынгу, які фінансаваў, арганізоўваў Майдан. Прынамсі ва Ўкраіне ўсе гэта ведаюць. Ці вам не цікава паглядзець на гэтых людзей, абмеркаваць іх? Давайце пра іх пагаворым, калі вы не згодныя, калі вы лічыце, што Юлія Цімашэнка — гэта сумленьне нацыі. Давайце пагаворым. Але ж не, бо па-сутнасьці няма пра што гаварыць. Лепш абмяркоўваць мяне, называць мяне Гэбельсам, казаць, што мяне трэба расстраляць. Ну, што тут можна дадаць? Так, гэта рэпартажы суб’ектыўныя, але яны супадаюць з маёй пазыцыяй, вось і ўсё.

— Дзеля справядлівасьці, у тым жа Фэйсбуку праскоквалі меркаваньні ў тваю абарону — маўляў, на тле агульнай антымайданаўскай рыторыкі сюжэты Кібальчыч усё ж не такія безнадзейныя, як кісялёўскія...

— Гэта быў адзін камэнтар, я ведаю, хто яго напісаў, але большасьць допісаў была зусім не такая. Назваць гэта «наездамі» — гэта будзе нават мякка. Я б хутчэй назвала гэта цкаваньнем, па-расейску «травлей». Што такое «травля»? Набярыце ў інтэрнэце, паглядзіце, прыкладам, «травля» Пастэрнака. І пачытайце, што пісалі літаратары ў тыя страшныя часы. Танальнасьць, стылістыка гэтых камэнтароў абсалютна супадаюць. Як толькі мяне там
Яны думалі, што я як бы свая, што я ў гэтай секце людзей, у якіх думкі прымаюцца толькі «пакетам»
не называюць. Але, найперш, у гэтых рэпартажах няма ніводнага слова хлусьні і, што цікава, ніхто мяне ў хлусьні якраз не абвінавачвае. Па-другое, у гэтых матэрыялах няма ніякіх абразаў. А вярніцеся да гэтых камэнтароў і паглядзіце, пра што людзі пішуць, якія словы яны выкарыстоўваюць: «сволочь», «тварь», «Варфоломеевская ночь», «расстрелять», Гэбельс, не пускаць у краіну, пазбавіць грамадзянства, што ўвогуле сьмешна. Калі вяртацца да гэтай сытуацыі, цікава, што яны ж прапануюць ня толькі мяне байкатаваць — «выдалі Кацю з сяброў», нейкія акцыі, флэшмобы — але і байкот курсаў. Можа яны яшчэ будуць байкатаваць беларускую мову? У мяне не было асабліва часу ліставацца, але я напісала: скажыце, ці гэты вобраз тэлевізійны не супадае з рэальным вобразам, напрыклад, Юліі Цімашэнкі? Ніхто не сказаў, што ён не супадае. Праблема не ў тым, што ён не супадае з яе рэальным вобразам, а ў тым, што ён не супадае з трэндам. Таму што Ўкраіна — гэта сьвяшчэнная карова і як раптам так? Яны думалі, што я як бы свая, што я ў гэтай секце людзей, у якіх думкі прымаюцца толькі «пакетам». Калі ты супраць Пуціна, супраць Лукашэнкі, ты за Эўразьвяз, за Крым украінскі, ты за Майдан, ты лічыш, што Ўсходнюю Ўкраіну трэба расстраляць з атамнай зброі, то ты, канечне ж, падтрымліваеш новых кандыдатаў, якія прыйшлі на хвалі Майдану. А вось я хачу запытаць: Юлія Цімашэнка — гэта было тое, дзеля чаго забілі сотні людзей на Майдане? Ці Пётар Парашэнка было тое, дзеля чаго забілі людзей і ўсё гэта адбылося?

— Сярод іншага людзі запытваюць, чаму ты не зрабіла такі ж самы партрэт-рэпартаж пра прэзыдэнта Пуціна?

— Сапраўды, потым, калі людзі зразумелі, што няма ніводнага рэальнага аргумэнту, яны сталі пісаць: а чаму ты не зрабіла такі рэпартаж пра Пуціна? Дык што, давайце будзем называць мяне сволаччу і патрабаваць мяне расстраляць за рэпартаж, якога я не зрабіла? Адзін з камэнтатараў нават напісаў, што я, маўляў, ня буду глядзець гэты рэпартаж, бо сам факт супрацоўніцтва з расейскім тэлеканалам азначае, што можна толькі праз прыцэл размаўляць з гэтым чалавекам, разумееце? Але чаму людзі ў гэтых камэнтарах не абмяркоўвалі сутнасьць матэрыялаў? Чаму журналісты, якія падключыліся да кампаніі цкаваньня, не напісала свайго меркаваньня пра згаданых палітыкаў? Не падалі іншага меркаваньня, што, прыкладам. Юля Цімашэнка — гэта ня тое, што было ў маім рэпартажы, што яны зусім іншая. Вось я чакаю нейкага дасьледаваньня пра Цімашэнку, пра тое, якая яна ўся ў белым. Якім яна добрым будзе прэзыдэнтам.

— Як лічыш, ці паўплывае канфліктная сытуацыя на тваё дзецішча — моўныя курсы «Мова ці кава»? Бо чуюцца заклікі байкатаваць заняткі.

— Калі вы лічыце, што права размаўляць на беларускай мове мае толькі чалавек, у якога пазыцыя супадае з вашай — а такія камэнтары былі — то што
калі вы хочаце, каб грамадзтва гаварыла на беларускай мове, то ня можа быць такой пазыцыі, ня можа быць маральнага права забараняць размаўляць ці дапамагаць іншым людзям размаўляць па-беларуску
ўвогуле можна абмяркоўваць? Чаму і адкуль усё гэта пачалося — я ж ужо 8 гадоў працую на Першым канале. Гэта пачалося толькі таму, што я займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Прычым, нават на іх думку, я ёй займаюся добра, ёсьць пэўныя станоўчыя вынікі. І як так мая пазыцыя не супадае з іх пазыцыяй? Усё той жа пакет, разумееце? Пакет «усё ўключана». Я павінна думаць так, як яны думаюць, не іначай. А калі не — то я не маю права дакранацца да мовы, як яны пішуць, бруднымі рукамі. Хто будзе вызначаць, чые рукі брудныя — зноў жа тая ж вузкая суполка. Тады прабачце: ня трэба гаварыць, што вы хочаце, каб беларуская мова адраджалася і стала масавай. Бо мова — гэта грамадзкая зьява. І калі вы хочаце, каб грамадзтва гаварыла на беларускай мове, то ня можа быць такой пазыцыі, ня можа быць маральнага права забараняць размаўляць ці дапамагаць іншым людзям размаўляць па-беларуску. Калі вы хочаце байкатаваць курсы з-за таго, што мая пазыцыя па Ўкраіне не супадае з вашай, то не гаварыць, што вы за адраджэньне беларускай мовы. І, калі ласка, пастаўце сабе птушачку, што вы зрабілі свой унёсак у зьнікненьне беларускай мовы. Вось і ўсё, што я хачу сказаць.

_____________________________________________

Кацярына Кібальчыч нарадзілася ў 1982 годзе ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Першы журналісцкі досьвед атрымала ў тыднёвіку «Свободные новости», ад 2002 году — у праграме навінаў тэлеканалу АНТ. У 2003-м пераехала ў Маскву, дзе спачатку супрацоўнічала з Трэцім каналам, а з 2005 году — журналістка Першага расейскага каналу. Ляўрэат прэміі «Залатое пяро Расеі» у намінацыі «Спэцыяльны карэспандэнт». Уганараваная за сэрыю рэпартажаў за асьвятленьне кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Рэжысэрка неаднаразова адзначанага на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага фільму «Беларуская мара».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG