Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кузін: Еду граць марпехам, выведзеным з Крыму


Сяргей Кузін
Сяргей Кузін

Новыя крымскія ўлады канчаткова «зачысьцілі» інфармацыйную прастору ад украінскай прысутнасьці: адключанае вяшчаньне «мацерыковых» тэлеканалаў, радыёстанцыяў, ёсьць праблемы з дастаўкай друкаваных выданьняў.

Пра «расеізацыю» Крыму — прадусар, шоўмэн, сябра Рады праўленьня радыёгрупы «Тавр-медіа», якая аб’ядноўвае шасьцёрку самых папулярных FM-станцыяў Украіны, а ў мінулым заснавальнік менскага «Альфа Радыё» Сяргей Кузін.

— Сяргей, ваша радыёгрупа неяк адчула страту Крыму? У сэнсе аўдыторыі, магчымасьці перадавацца на гэтую паўвыспу...

— А як жа? Самым непасрэдным чынам. Гемарою столькі, што не перадаць. Увесь наш «набор» — «Хіт FM», «Kiss FM», «Radio ROKS», «Радио Мелодия», «Радио Relax», нават «Русское Радио» — у Крыме адключылі. То бок, украінскіх радыёстанцыяў у Крыме на сёньняшні дзень практычна няма. А калі нейкія дробныя і засталіся, дык адтуль начыста выразаюцца навінныя блёкі, усё, што расказвае пра падзеі ва Ўкраіне, і г.д. Блякада поўная, вынішчаюць па ўсім фронце. І тэлеканалы адключылі, і радыёстанцыі. Тым больш, у нас станцыі яшчэ больш «калючыя», чым тэлевізары, таму нас адсеклі практычна сходу.


— Летась ты сабраў свой «бэнд», зь якім ладзіш выязныя «канцэрты-сустрэчы». Чуў, што ёсьць жаданьне праехацца па вайсковых частках?

— У мяне ўвогуле мала выходных праз эфіры, таму пры першай жа магчымасьці стараюся выяжджаць, каб пайграць, пагаварыць зь людзьмі — балазе, ёсьць пра што. Якраз сёньня едзем да марпехаў, якіх вывелі з Крыму і якія цяпер стаяць у палях, у намётах. Вось вырашылі наладзіць гэткі міні-тур — будзем сьпяваць з грузавікоў. Маемся даць пяць канцэртаў у Херсонскай вобласьці. Ну, канцэртамі гэта можна назваць досыць умоўна: будзем з мужыкамі на гітарах іграць — салдацікі ў полі сядзяць, што ім яшчэ рабіць? Гэта раён Армянску, яшчэ нейкіх мясьцінаў, дакладна нават ня ведаю, куды нас павязуць. Ёсьць такая каманда «Аўтадазор», яна разам з «Радыё Рокс» і яшчэ некалькімі хлопцамі-выканаўцамі туды выяжджае. Адным словам, уначы на машынах стартуем і ўсе выходныя там прабудзем. Прыехалі, разгарнулі грузавік, сыгралі, пагаварылі — наступная частка, потым іншая. Вось такая ідэя.

— Шэраг расейскіх выканаўцаў «байкатавалі» Ўкраіну, заявіўшы, што ніколі ня будуць выступаць перад «бандэраўцамі», «фашыстамі». Ва ўнісон з тамтэйшай прапагандай.

— У нас на гэты конт ужо ёсьць добры жарт: паколькі ва Ўкраіну адмовіліся
як жа мы цяпер абыдземся бяз жонкі «шрэка» Прыгожына і безь вялікай «соўлавай» каманды «Бутырка»?
прыехаць Валерыя і гурт «Бутырка», мясцовыя жыхары ня могуць прыйсьці ў сябе — як бязь іх жыць надалей? Ну, а Расея закрыла доступ для «Акіяна Эльзы» і «Ляпіса Трубяцкога» — вось такі разьмен адбыўся. Ня дзіва, што мы з гэтай нагоды складаем «жалобныя оды»: як жа мы цяпер абыдземся бяз жонкі «шрэка» Прыгожына і безь вялікай «соўлавай» каманды «Бутырка»?

— Але ня толькі папса; «пакараць» украінскіх мэляманаў вырашыў і некалі прагрэсіўны рокер Канстанцін Кінчаў з «Алісай»...

— Так, яны лічаць, што гэтага ад іх вымагае іх праваслаўная пазыцыя. Але я думаю, што Косьця проста крыху зьехаў з катушак. Калі чалавек кідае піць і «тырчаць», у мозгу адбываюцца незваротныя зьмены. Дык вось у яго, па-мойму, настала абвастрэньне ў бок праваслаўя галаўнога мозгу. Чалавек, які сьпяваў пра новае пакаленьне, быў хуліганам, панкам, абсалютна свабодным, які дэклямаваў «ну а мы, ну а мы — пидарасы, наркоманы, фашисты, шпана...», жартуючы над устойлівымі «саўковымі» стэрэатыпамі, раптам пачаў несьці такое, што ня кожны дэпутат ад «Единой России» загне. Я лічу, калі ты рокер, калі ты музыкант — дык ідзі даруй людзям любоў і сяброўства. І гэта тым больш задача рокераў. Я ежджу ў Данецк, заўтра вось паеду ў Херсон салдатам сьпяваць і нешта гаварыць, праз тыдзень едзем у Харкаў — у гэтым і ёсьць, калі ўжо казаць патаснай мовай, прадвызначэньне артыста. У гэтай сытуацыі, калі мэдыі з абодвух бакоў спрабуюць нас разьяднаць, трэба якраз імкнуцца ўсё скласьці ў адно цэлае.

— Выдаткі «інфармацыйнай вайны»?

— Ніхто ва Ўкраіне ня лічыць, што тая інфармацыйная палітыка, якая цяпер ёсьць у нас, белая і пушыстая. Таксама і г..на хапае, і хлусьні, і падману. Адзіная розьніца, што мы пра гэта можам гаварыць, і стараемся, і разумеем, што ваяўнічыя нацыяналісты ёсьць і ў нас — усё ёсьць, як і ўсюды. Пытаньне толькі ў тым, што іх нікчэмна мала. Бо я перакананы, што ў Расеі гэтых скончаных нацболаў, якія з крыкамі «хайль» носяцца па вуліцах, нашмат больш, чым ва Ўкраіне. Але там яны зараз хто ведае куды зьніклі, а тут з-за пары тысячаў «адмарожаных» на ўсю краіну нас усіх абвясьцілі «пасобнікамі фашызму», нейкімі нацыянал-ідэолягамі. Проста на вушы не налазіць.


— У гэтыя дні беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі» трыюмфальна завяршае тур па Ўкраіне, нязьменна зьбіраючы поўныя залі. У Расеі Міхалка і кампанію таксама называюць «угоднікамі фашызму», забараняючы канцэрты...

— Думаю, што Сяргей найменш пераймаецца, бо, я ж кажу, ідыётаў хапае ва ўсім сьвеце, а ў Расеі — тым больш. Што да Ўкраіны, дык тут зь «Ляпісамі»
нам абсалютна абыякава, што зараз адбываецца ў Расеі. Нешта там лямантуюць — хай задушацца.
усё нармальна: яны катаюцца, цудоўна сябе адчуваюць. Іх тут любяць усюды — і на ўсходзе, і ў цэнтры, пра захад ужо не кажу. Проста гэта клясная каманда хлопцаў, якія лішні раз даказалі, што яны не пустабрэхі, а музыканты, вось і ўсё. Шчыра кажучы, нам абсалютна абыякава, што зараз адбываецца ў Расеі. Нешта там лямантуюць — хай задушацца. Дай Божа, каб тым жа «Ляпісам» больш не адмянялі канцэрты — гэта, бадай, усё, што магу сказаць датычна агульнай тэмы. Бо рок-н-рол ня мае права на межы. Хай едуць у Маскву, у Піцер — куды заўгодна, і граюць. А не — то знойдзем, дзе выступаць. Прынамсі ў нас усё нармальна, боршч ёсьць у вялікіх колькасьцях. Усё па вышэйшым разрадзе, будуць задаволеныя пацаны (сьмяецца).

— Зразумела, што падчас прыездаў у Беларусь маеш магчымасьць параўнаць мясцовы радыйны эфір, да якога ў свой час меў самае непасрэднае дачыненьне, і ўкраінскі. Літаральна пару высноваў.

— Прыяжджаў неяк, двое сутак езьдзіў, слухаў, каму што адрасавана. Прызвычаіўся ж ужо мысьліць фарматамі: каму гэта будзе цікава — маладым, дарослым, сталым? Дык вось у Беларусі — «каша-малаша» з усяго. Проста «каша-малаша»: паўтара дзясяткі радыёстанцый, а абсалютна на адзін твар. Пытаньне — ня добрыя яны ці дрэнныя, а ўсе аднолькавыя! У сваёй групе я разумею, каму адрасаваная «Мелодия» з Джо Дасэнам, каму адрасаваны «Хіт», каму «Рокс», каму «Kiss». А тут — усё разам і ні пра што, суцэльная какафонія. І зразумела: з-за агульнай заціснутасьці сышлі ды-джэі, бо ім не даюць разгарнуцца, перашкаджаюць. Не таму, што я быў добры, і тыя, хто са мной працаваў. Мы хоць былі жывыя: з памылкамі, з лажамі, з высновамі. Але гэта была шчырасьць. А цяпер? Дарагія радыёслухачы, вы праслухалі... Людзі, агу? Ігар Кірылаў, залатыя гады. Аверкавы нашага двара. Памятаю, ролікі ў нас начытваў, давалі яму крыху падзарабіць: «Дарагія сябры! Запрашаем вас паспрабаваць нашы цукеркі-карамелькі...». Кажу яму: «Ты чытаеш, як быццам Новы год аб’яўляеш, выкінь ты гэтую сталь сваю!» А ён усё роўна — бу-бу, бу-бу. Маўляў, такіх жа мала галасоў, залатых, блін.

— Сяргей, дзякуй за гутарку, добра выступіць перад марпехамі...

— Дзякуй таксама, усім прывітаньне і — Жыве Беларусь!

___________________________________________________

Сяргей Кузін нарадзіўся ў 1963 годзе ў нямецкім Патсдаме. Пасьля школы атрымліваў ваенную адукацыю ў Менскай вышэйшай інжынэрна-ракетнай вучэльні, журналісцкую — у Львоўскай палітычнай вучэльні, радыйную — у амэрыканскай Вышэйшай радыёшколе ў Сіэтле. Прафэсійна працуе на радыё ад 1995 году. Сябра рады дырэктараў групы «Тавр», якая аб’ядноўвае самыя папулярныя FM-станцыі Ўкраіны. Ягоны голас — візытоўка ранішніх праграмаў; арганізуе і вядзе тэлешоў і канцэрты. Ад сярэдзіны 1990-х да пачатку 2000-х як ды-джэй і шоўмэн высока каціраваўся ў Беларусі, аднак палітыка манапалізацыі мэдыйнай прасторы паставіла крыж на ягоным праекце «Альфа Радыё». Быў вымушаны завязаць зь бізнэсам у Менску і апошнія 10 гадоў стала жыве ў Кіеве. Атрымаў украінскае грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG