Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першы дзень выбараў галасавалі пераважна пэнсіянэры і студэнты


Першы дзень выбараў
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:46 0:00

Першы дзень выбараў

У Беларусі распачалося датэрміновае галасаваньне па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. У першы дзень на выбарчыя ўчасткі ў Менску прыйшлі пераважна пэнсіянэры і студэнты.

Выбарчы ўчастак № 5 Акадэмічнай выбарчай акругі № 48 — у будынку аднаго з інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук. Пры ўваходзе — дзяжурны міліцыянт. У глядацкай залі, дзе разьмешчаныя кабіны для галасаваньня, — двое назіральнікаў і чальцы выбарчай камісіі, якія перапісваюць журналісцкае пасьведчаньне. Выбарнікаў ня бачна, але старшыня камісіі Лілія Шатроўка на добрай беларускай мове кажа, што перад адкрыцьцём участка была нават чарга:

«Вы ведаеце, што сёньня толькі першы дзень для галасаваньня. Людзей яшчэ ня вельмі шмат, але на наш участак ужо прыходзілі, і гэта вельмі прыемна. Яны нас зьдзівілі — прыйшлі раней, чым трэба, яшчэ да адкрыцьця ўчастка. Так што пачатак ёсьць».

У Акадэмічнай выбарчай акрузе № 48 на месца кандыдата ў дэпутаты гарсавету прэтэндуюць трое — намесьнік дырэктара па ідэалягічнай працы аднаго зь менскіх заводаў, дырэктар спартовага комплексу, а таксама прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет». Паводле назіральніц, якія прыйшлі на ўчастак як прадстаўніцы партыяў «Справядлівы сьвет» і «Грамада», за першыя тры гадзіны прагаласавала шэсьць чалавек пэнсійнага веку. Гаворыць Тацяна Чыжова:

«Прагаласавала 6 ці 5 чалавек — дакладна не магу сказаць. Адзін — неадэкватны, а так — старыя людзі. Я лічу, што датэрмінова трэба галасаваць тады, калі чалавек сапраўды ня можа прыйсьці ў пэўны час. А так трэба прыходзіць у дзень галасаваньня».

Больш ажыўленым у першы дзень датэрміновага галасаваньня стаўся суседні ўчастак — № 6 — гэтай жа выбарчай акругі, у будынку тэхналягічнага каледжу. Тут прагаласавалі чацьвёра пэнсійнага веку. А іншыя выбарнікі — студэнты каледжу. У перапынках паміж заняткамі яны стаялі нават у чарзе па бюлетэні.

Карэспандэнтка: «Чаму вы прагаласавалі сёньня, у першы дзень датэрміновых выбараў?»

Юнак: «Чаму? Сказалі прагаласаваць — вось і прагаласаваў».

Карэспандэнтка: «Якія спадзяваньні ўскладаеце на свайго кандыдата?»

Юнак: «А я галасаваў супраць усіх. Бо трэба было вывучаць іх праграмы. Я гэтага не рабіў. А прагаласаваць абы-як я таксама не магу».

Карэспандэнтка: «Чаму вы вырашылі прагаласаваць датэрмінова?»

Юнак: «Ну, каб выбраць кандыдата самага лепшага і клапатлівага дэпутата, каб лепш было для нашай краіны».

Карэспандэнтка: «Выбралі?»

Юнак: «Так, выбраў».

Карэспандэнтка: «І хто гэта, калі не сакрэт?»

Юнак: «А няхай будзе сакрэтам».

Яшчэ адзін выбарчы ўчастак, № 8, гэтай жа Акадэмічнай акругі абсталяваны ў невялічкім пакойчыку. Кабіны тут — побач са скрыняй для галасаваньня, а чальцы выбарчай камісіі і адзіны назіральнік — таксама ад партыі «Справядлівы сьвет» — на адлегласьці выцягнутай рукі. Назіральнік паведаміў, што ў першай палове для тут прагаласаваў адзін пэнсіянэр. Старшыня выбарчай камісіі, тым ня менш, выказаўся ў тым духу, што датэрміновае галасаваньне патрэбнае, і запэўніў, што за ходам галасаваньня вядзецца пільны кантроль:

«Я мяркую, што датэрміновае галасаваньне неабходнае. Сёньня першы дзень, таму казаць пра актыўнасьць рана. А што да захаванасьці скрыні для галасаваньня і сэйфа зь бюлетэнямі — у нас, як і належыць, гэта апячатваецца, здаецца пад кантроль супрацоўнікам міліцыі пасьля закрыцьця ўчастка ўвечары. Раніцай у прысутнасьці чальцоў камісіі і міліцыянта ізноў усё адкрываецца — як і павінна быць у адпаведнасьці з заканадаўствам».

Назіральніца ад АГП Тамара Сяргей станоўча выказваецца пра ход першага дня галасаваньня, аднак не падзяляе думкі наконт яго неабходнасьці і празрыстасьці:

«Адзіны дзень галасаваньня, як гэта было раней, нават у часы Савецкага Саюзу — гэта, прынамсі, лепш, чым такое расьцягнутае галасаваньне. Бо ў такіх выпадках забясьпечыць захаванасьць бюлетэняў і таямніцу галасаваньня нельга — я гэта сьцьвярджаю як юрыст. Дзе будуць захоўвацца гэтыя бюлетэні і чаму выбарнікі павінны давяраць не прадстаўнікам выбарчых камісіяў, а супрацоўнікам міліцыі? Гэта ненармальнае становішча. І незалежна ад вынікаў галасаваньня я ўсё роўна буду ставіць іх пад сумнеў».

Датэрміновыя выбары ў Беларусі будуць трываць да апошняга дня галасаваньня, прызначанага на 23 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG