Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы баяцца расейскага Крыму


Турыстычныя кампаніі, якія спэцыялізуюцца на адпачынку ў Крыме, канстатуюць масавыя адмовы ад тураў на тамтэйшыя курорты. Найперш палохае перападпарадкаваньне паўвострава Расеі, што робіць няпэўнай сытуацыю зь бясьпекай.

Крымскі кірунак заўсёды прывабліваў беларусаў, бо не вымагаў асаблівых праблемаў з даездам і пражываньнем. Цяпер жа сытуацыя ўскладняецца: усё ідзе да таго, што да беларуска-ўкраінскай мяжы дадасца ўкраінска-расейская, пасьля якой — невядомасьць «абноўленага» Крыму. Дырэктар турыстычнага парталу Holiday.by Андрэй Барашка кажа: застаюцца прывідныя спадзяваньні, што сытуацыя стабілізуецца да пачатку лета, а пакуль што кліентам прапануецца альтэрнатыва — Літва, Латвія, Баўгарыя:

«Ведаеце, у момант максымальнага напалу жарсьцяў наўрад ці хто толкам скажа, што адбываецца і чым усё скончыцца. Таму відавочна, што турпаток у Крым ня тое што падае, а яго няма ўвогуле! Гэта ўжо не сакрэт — хутчэй, канстатацыя. І пакуль будуць працягвацца драматычныя палітычныя падзеі, нічога да лепшага ня зьменіцца. Найперш, немагчыма прадказаць іх вынік, па-другое, дзе гарантыі, што нас там увогуле чакаюць? То бок — дзейнасьць турыстычных кампаніяў замерла, і дакладна гэтаксама сочаць за разьвіцьцём сытуацыі людзі, ня робячы актыўных дзеяньняў».

Аляксей Пірагоў
Аляксей Пірагоў
34-гадовы Аляксей Пірагоў з украінскага Мікалаева некалькі апошніх гадоў у летнія месяцы падпрацоўваў адміністратарам у гатэлях на паўднёвым беразе Крыму. Але сёлета гаспадары «мабілізацыю» кадраў адмянілі:

«Адносна сэзону магу сказаць: яго дакладна ня будзе. Што б там хто ні пісаў у інтэрнэце — маўляў, прарвемся — усё гэта лухта. Чытаў дзіўныя пасты, што зьбіраў грошы ледзь не на Турэччыну, але такая выдатная магчымасьць пабываць у Крыме, то паеду туды. Гэта сьмешна! На самой справе сэзону ня будзе, мае знаёмыя, якія валодаюць гатэлямі на паўднёвым беразе Крыму (маленькія прыватныя гатэльчыкі на моры), пэрсанал нават не набіраюць. Пра які сэзон можа быць гаворка? Рускія дакладна ў Судак не паедуць. Навошта, які сэнс, калі ёсьць Сочы? Як бы сьмешна ні гучала, ня так яно і танна. З аднаго боку, многія лічаць, што Крым — бюджэтны адпачынак. Зь іншага — з чым параўноўваць? Калі параўноўваць з Баўгарыяй ці Турэччынай, Крым ужо рэальна прайграе. Калі з Тайляндам, то выйграем, хоць не нашмат. Таму адпачынак у Крыме, ня ведаю, перадусім для тых, хто любіць Савецкі Саюз і той сэрвіс. Але плаціць ужо сёньняшнімі грашыма».

На фоне страты Крыму распраўляе плечы Хэрсонская вобласьць — беларусы яшчэ раней адкрылі для сябе Жалезны порт, Скадоўск, Лазурнае, дзе адпачынак таньнейшы, чым у патаснай Ялце. Расейскі прадпрымальнік Аляксей Дудзінаў некалькі гадоў таму пачаў займацца полікультурнымі праектамі на поўдні Ўкраіны і перакананы: рэальнай заменай Крыму стануць чарнаморскае і азоўскае ўзьбярэжжы памежнай Хэрсонскай вобласьці:
Я перакананы, што са стратай Крыму як месца „паломніцтва“ турыстаў тая ж Хэрсонская вобласьць ня траціць, а толькі набывае

«Я перакананы, што са стратай Крыму як месца „паломніцтва“ турыстаў тая ж Хэрсонская вобласьць ня траціць, а толькі набывае. Бо калі людзі пачнуць баяцца ехаць у Крым у сувязі з расейскай акупацыяй паўвострава, то Хэрсон неўзабаве стане для турыстаў другім Крымам. Прычым як для ўкраінцаў, так і для іншых народаў з СНД. Дарэчы, тыя ж беларусы ў масе сваёй і так езьдзяць у Хэрсонскую вобласьць: па-першае, тут таньней, па-другое, сэрвіс не нашмат горшы. Да таго ж усе інвэстыцыі, якія ўкраінская дзяржава будзе накіроўваць на разьвіцьцё турызму, надалей пойдуць на ўсе гэтыя курорты — і Чорнага, і Азоўскага мораў».

Пакуль застаецца пад пытаньнем лёс беларускай уласнасьці на курорце Місхор. Санаторый Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта «Белоруссия», што паблізу гораду Алупка, па-ранейшаму прапануе аздараўленчыя паслугі. Але што будзе ў сувязі з тэрытарыяльным перадзелам — у санаторнай адміністрацыі пакуль ня ведаюць:

«Мяркуем, што нічога ня зьменіцца. Прынамсі, не павінна. Уладальнікам застаецца беларускі бок, а вось тэрытарыяльна з кім вырашаць далейшыя адносіны — гэта трэба глядзець. Застаецца толькі чакаць, якая будзе ўлада. І калі ўлада будзе расейская, напэўна, будуць падпісаныя адпаведныя паперы ўжо не з украінскім бокам, а з расейскім. Або, магчыма, гэта ўсё ж будзе нейкая аўтаномія. Пакуль што цяжка прадбачыць, да чаго ўрэшце прыйдуць».

Тым часам самаабвешчаныя крымскія ўлады ўжо распачалі «расьпіл» ласых кавалкаў турыстычнай галіны. Так, прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што дамовіўся наконт супрацоўніцтва з кіраўніком крымскага ўраду Сяргеем Аксёнавым. У прыватнасьці, кадыраўскі бізнэсовец Руслан Байсараў ужо гатовы заняцца «аздараўленьнем» шэрагу крымскіх курортаў, каб кардынальна падвысіць турыстычны паток. Прынцыповая згода з боку Аксёнава атрыманая.

З прычыны драматычных падзеяў Украіна страчвае і транзытную прывабнасьць. Так, беларускія туркампаніі, якія спэцыялізуюцца на адпачынку ў Баўгарыі, маюць намер адмовіцца ад звыклага маршруту і вазіць турыстаў праз Польшчу. У выніку шлях падоўжыцца сама меней на 300 кілямэтраў, што знойдзе адлюстраваньне ў пераразьліку транспартных коштаў, а з кліентаў будзе спаганяцца дадатковы збор за транзытную візу праз шэнгенскую зону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG