Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці існуе пагроза расейскага вайсковага ўварваньня ў Беларусь?


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Ці стаў Лукашэнка ў расейскі вайсковы шыхт у канфлікце Расеі з Украінай? Што азначаюць беларускія вучэньні, якія ладзяцца зараз? Ці існуе пагроза расейскага вайсковага ўварваньня ў Беларусь?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць палітолягі Павал Вусаў, Вікторыя Закрэўская і вайсковы экспэрт Андрэй Паротнікаў.

Ці стаў Лукашэнка ў расейскі вайсковы шыхт у канфлікце Расеі з Украінай?


Дракахруст: Тыдзень таму падчас саміту Мытнага саюзу ў Маскве ані Лукашэнка, ані Назарбаеў ні словам ня выказалі падтрымкі Расеі ў яе канфлікце з Украінай. Але на гэтым тыдні кіраўнік Беларусі ў пэўным сэнсе стаў у адзін вайсковы шыхт з расейскім саюзьнікам, запрасіўшы ў Беларусь расейскія самалёты, каб кампэнсаваць умацаваньне авіягрупоўкі НАТО на мяжы зь Беларусьсю. Пры гэтым падкрэсьліваў, што на яго Масква ня цісьне. Праўда, потым Лукашэнка з крыўдай тлумачыў, што як бы ня ён запрасіў, а расейцы настойвалі. Зь іншага боку, запрашаючы расейскія СУ-27, Лукашэнка спаслаўся на словы міністра Макея, які 1 сакавіка ў інтэрвію BNS казаў і пра прыхільнасьць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, і пра рабочыя прынамсі кантакты Менску з новымі ўкраінскімі ўладамі. Дык стаў Менск у адзін шыхт з Масквой у яе крымскай кампаніі ці не?

Павел Вусаў
Павел Вусаў
Вусаў: Я думаю, што не. Зразумела, што Лукашэнка хацеў выкарыстаць сытуацыю напружанасьці ў расейска-ўкраінскіх адносінах дзеля таго, каб размарозіць адносіны з ЭЗ, каб паказаць сябе больш-менш памяркоўным дыктатарам, па сутнасьці паўтарыць сытуацыю, якая склалася калісьці пасьля вайны Расеі і Грузіі ў 2008 годзе, што спрыяла, як мы ведаем, размарозцы адносінаў з Эўропай і новаму дыялёгу. Таму, я думаю, што Лукшэнка і ягонае атачэньне менавіта так хацелі выкарыстаць гэтую сытуацыю, адсюль і заявы адносна таго, што Беларусь падтрымлівае цэласнасьць Украіны, што гатовая размаўляць з новым кіраўніцтвам Украіны, каб паказаць Захаду памкненьне да стабілізацыі сытуацыі як унутры краіны, так і за яе межамі. Але, зразумела, што сытуацыя ў самой Расеі, яе падыход і да Беларусі, і да іншых постсавецкіх краінаў зьмяніўся і такую палітыку, якая была ў 2008 годзе, Лукашэнка зараз ня ў стане праводзіць. Таму пры дэклярацыях адносна таго, што ён гатовы размаўляць, весьці дыялёг з Украінай і новым кіраўніцтвам, фактычна ён не можа супрацьстаяць памкненьням Расеі уцягнуць Беларусь у яе пляны агрэсіі. Зразумела, што наўрад што Лукашэнка будзе удзельнічаць адкрыта ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, але тым не менш, не пагадзіцца на ціск Расеі, на прымус разьмяшчаць дадатковыя самалёты і базы на тэрыторыі Беларусі, ён ужо не зможа, і, калі Расея паставіць перад фактам Беларусь адносна ўдзелу і падтрымкі сваёй апэрацыі ў Крыме, то, я думаю, што Лукашэнка ня зможа супрацьстаяць і ён будзе змушаны пагадзіцца з Расеяй і падтрымае Маскву.

Дракахруст: Вікторыя. а як гэта выглядае з пункту гледжаньня міжнароднага права? Гаворыцца, што расейскую палітыку ў Крыме падтрымалі толькі Паўночная Карэя і Сырыя. Але яны выказалі сваю падтрымку «ў паветра» і тым абмежаваліся. А што тычацца Беларусі, то словы пра тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны былі сказаныя, але ў ваенным пляне робіцца зусім іншае: запрашаюцца самалёты, ладзяцца вучэньні, на якія ўжо адрэагаваў МЗС Украіны. Дык атрымліваецца, што Менск пайшоў у падтрымцы нават далей за Дамаск і Пхэньян. Ці гэта ня так?

Вікторыя Закрэўская
Вікторыя Закрэўская
Закрэўская: Сапраўды, пакуль толькі дзьве дзяржавы адназначна падтрымалі расейскае ўмяшаньне на тэрыторыі Ўкраіны: Сырыя і Паўночная Карэя. Галасаваньне ў Радзе Бясьпекі ААН наконт неканстытуцыйнасьці рэфэрэндуму ў Крыме паказала, што Расея не змагла атрымаць падтрымкі нават ад свайго традыцыйнага саюзьніка — Кітая, Кітай устрымаўся, а не наклаў вэта, як гэта зрабіла Расея. Відавочна, што дзейнасьць Расеі ў Крыме далёкая ад ідэалаў дыпляматыі ХХІ стагодзьдзя, і пры гэтым яна наўпрост закранае інтарэсы найбуйнейшых глябальных гульцоў. А ў такой сытуацыі Менску (як і іншым краінам, якія не вядуць глябальнай палітыкі) лепш прытрымлівацца разумнай стратэгіі найменшай ўцягнутасьці.

Што тычыцца самалётаў, то гэта, вядома, не падтрымка Расеі ў канфлікце, а выкананьне абавязацельстваў, узятых на сябе ў рамках дамоўленасьцяў па стварэньні сумеснай сыстэмы СПА. Ні юрыдычна, ні фактычна збройнага канфлікту ў Крыме няма, стрэлаў няма, трупаў няма. І падставаў падтрымліваць Расею ў «вайне», якой не існуе, у Беларусі няма нават тэарэтычна.

Рашэньне разьмясьціць зьнішчальнікі на сваёй тэрыторыі адпавядае ў тым ліку і стратэгічным інтарэсам Беларусі, а менавіта — інтарэсам бясьпекі: на ўсходняй мяжы НАТА ўжо пачалася пэўная выведвальная і дыслякацыйная актыўнасьць і Беларусь вымушаная прымаць разумныя меры па забесьпячэньні ўласнай бясьпекі. Іншымі словамі, пазыцыя Беларусі, агучаная Макеем — гэта беларуская афіцыйная пазыцыя па сытуацыі ва Ўкраіне, а рашэньне разьмясьціць расейскія СУ-27 на сваёй тэрыторыі а таксама правядзеньне вучэньняў — частка беларускай абарончай палітыкі.

Дракахруст: З кім з нашых калег вы згодны?

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў
Паротнікаў: Я наагул ня схільны разглядаць сытуацыю з перабазаваньнем расейскіх зьнішчальнікаў ў Беларусь з пункту гледжаньня вайсковай неабходнасьці ці з меркаваньняў бясьпекі, маўляў, там НАТА актывізавалася. Пачатак гэтых вучэньняў і запрашэньне на іх расейцаў ня мае ніякага дачыненьня да актыўнасьці НАТА. Трэба ўлічваць, што Беларусь вельмі залежыць ад Расеі ў фінансавым пляне. І заявы Макея наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і кантактаў з новымі ўкраінскімі ўладамі Масква не пакінула па-за ўвагай. Трэба было залагодзіць галоўнага партнэра і Менск прапановаў тое, што яму асабліва нецікава, але для Масквы важна. Былі ініцыяваныя гэтыя вучэньні, якія, дарэчы, адбываюцца па ўсёй тэрыторыі краіны, ня толькі на поўдні, і на якія прыляцелі расейцы.
Чаму Менск пайшоў на гэта? Таму што спужаліся. Украінскую сытуацыю ва ўсіх краінах СНД сталі прымяраць на сябе. І ня толькі ўкраінскую, дарэчы. Невядомыя снайпэры стралялі ня толькі ў 2014 годзе ў Кіеве, але і ў 2010 ў Бішкеку.

Таму Менск спрабуе лявіраваць. Але я мяркую, што ніякай палітычнай падтрымкі расейскіх дзеяньняў ня будзе, таму што фактычна гэта азначала б паставіць пад удар нармалізацыю стасункаў з Захадам, на што скіравана шмат намаганьняў і шмат грошай.

Дракахруст: Андрэй, зараз слова «вучэньні» — гэта такі эўфеізм: Расея праводзіць вучэньні ў сябе на межах, украінскае войска праводзіць вучэньні, магчыма тыя «зялёныя чалавечкі» ў Крыме таксама праводзяць вучэньні. Дык вось гэтыя вучэньні на тэрыторыі Беларусі — Ўкраіна ў цяперашняй сытуацыі можа ўспрымаць гэта як пагрозу, як яшчэ адзін патэнцыйны фронт, адпаведна яны вымушаныя мяняць дысьлякацыю войска. У гэтым сэнсе нават гэтыя вучэньні ўжо ўплываюць на ваенную сытуацыю ва Ўкраіне. Так ці не?

Паротнікаў: Ва Ўкраіне — так, але гэта не азначае, што Беларусь рыхтуецца да падтрымкі агрэсіі з боку Расеі. Беларускі бок вырашае ўласныя пытаньні. Хаця атрымліваецца, што хацелі лепей, а атрымалася як заўсёды.

Дракахруст: А магчыма так і хацелі?

Паротнікаў: Сумняваюся.

Чаму Лукашэнка прыгадаў рускую мову?


Дракахруст: Таксама на гэтым тыдні Лукашэнка патлумачыў, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, праблемаў з рускай мовай абсалютна ніякіх няма, усё добра. На фоне расейскіх дзеяньняў ва Ўкраіне гучаць галасы, што на чарзе можа быць і Беларусь — а раптам там з Масквы ўбачаць прыгнёт рускамоўных ці рускіх. Гэтыя тлумачэньні Лукашэнкі — перасьцярогі менавіта на гэты конт? І ці ёсьць падставы для перасьцярогаў у гэтай сытуацыі?

Паротнікаў: Я лічу, што сувязь прасочваецца і вельмі простая — гэта рэха той панікі, якую вызвала расейскае ўварваньне ў Крым. Адносіны Аляксандра Лукашэнкі з Крамлём, дарэчы, ніколі не былі надта добрымі. Ён разумее, што ніякага імунітэту супраць брутальных дзеяньняў Масквы ў яго няма зараз і ня будзе ў будучыні. Тым больш, што расейскі бок адкрыта намякае, што ён ім ужо надакучыў. Адзінае, што зараз гуляе яму ў плюс — гэта тое, што ў Беларусі няма канкурэнтаў, зьнешнім гульцам фактычна няма з кім размаўляць і няма на каго абаперціся ўнутры краіны, акрамя Лукашэнкі. Таму гэта яго выратоўвае, але пакуль.

Дракахруст: Вікторыя, на ваш погляд, Лукашэнка ўспрымае гэта як пагрозу? Ці асабліва няма падставаў? Ва Ўкраіне расейцы доўга чакалі, а магчыма проста скарысталіся сытуацыяй. Ва Ўкраіне — розныя сілы, людзі, плыні. А ў Беларусі плынь адна і вядома, як яе клічуць. І ў гэтым сэнсе можа такая пагроза проста выключаная?

Закрэўская: Нельга забываць што абарона рускамоўных у Крыме — гэта не прычына канфлікту, а толькі нагода. Прычына — надзвычайная сытуацыя, няпэўнасьць ва Ўкраіне, і пагроза расейскім актывам: у першую чаргу флёту, у другую — капіталу ў абарончай і цяжкой прамысловасьці Ўкраіны. Расеі таксама было неабходна не дапусьціць сыходу Ўкраіны ў НАТО. У гэтым сьвятле перадумоў для расейскага ўварваньня ў Беларусь зараз няма. Мы не апынемся ў НАТО ні заўтра, ні ў агляднай пэрспэктыве. Расейскія інтарэсы ў абарончай і цяжкой прамысловасьці Беларусі захоўваюцца. Думаю, што гэтае паведамленьне Лукашэнкі адрасаванае ня столькі расейскай уладзе, колькі грамадзкай думцы, прычым хутчэй не расейскай, а беларускай. Аляксандр Лукашэнка як бы нагадаў усім яшчэ раз, што ў нас разгулу нацыяналізму і экстрэмізму няма і ня будзе, што ў нас талерантнасьць і з рускай мовай праблем няма. Так што я б бачыла ў гэтых заявах праяву панікі. Чаканьне расейскіх войскаў на беларускай мяжы — на мой погляд вельмі вялікае перабольшаньне.

Дракахруст: Павал, вы таксама лічыце гэта перабольшваньнем? Варта сказаць, што Ўкраіну ў яе цяперашняй сытуацыі абараняюць, выступаюць у яе падтрымку, хаця некаторыя кажуць, што гэтая падтрымка даволі слабая. А хто будзе абараняць Лукашэнку? Ці ўсё такі будуць абараняць Беларусь?

Вусаў: Па-першае, хачу сказаць, што войскаў каля межаў Беларусі ня будзе, бо фактычна межаў няма. Расейскія войскі ўжо прысутныя: гэта і вайсковая база, я маю на ўвазе авіябазу, якая зьявілася ў 2013 годзе, і новыя самалёты. Няма ніякай фармальнай перашкоды, нават юрыдычнай, для ўваходу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. Калі мы паглядзім, як увогуле разьмешчаная беларуская абарона ў стратэгічным пляне, то на ўсходзе гэтай абароны, як мы ведаем, няма. Усе войскі дысьлякаваныя на заходняй мяжы. Што тычыцца расейскай палітыкі ў дачыненьні да Ўкраіны і Беларусі, то яна якраз такі не базуецца на нейкіх інтарэсах. Гэта падыход будаваньня Расейскай імпэрыі, бо калі б расейцы падыходзілі менавіта з пазыцыі нейкіх эканамічных інтарэсаў, то можна было будаваць дыялёг і з новай уладай, як гэта было пасьля рэвалюцыі 2004 году, можна было вырашыць пытаньне флёту, Севастопаля і іншыя эканамічныя і стратэгічныя пытаньні. Тым ня менш менавіта Расея вырашыла выкарыстаць сытуацыю, якая склалася ва Ўкраіне, для разарваньня Ўкраіны, для пашырэньня сваіх геапалітычных імпэрскіх уплываў.

Менавіта такі падыход будзе выкарыстаны і да Беларусі. Я думаю, што Лукашэнка гэта адчувае і жадае злагодзіць напружанасьць, якая ўзьнікала шмат разоў у адносінах паміж Менскам і Масквой, каб паказаць, што ён усё ж такі ляяльны саюзьнік. Калі ў Расеі атрымаецца (а выглядае, што атрымаецца) адарваць Крым, то гэта азначае, што ніхто і нішто ня зможа яе стрымаць у памкненьнях рэальна пашырыць кантроль над Беларусьсю. Ніхто і нішто — ніякія міжнародныя дамоўленасьці, ніякія міжнародныя арганізацыі. І няважна, што будзе нагодай — ці гэта будзе расейская мова, ці, напрыклад, пагроза для газаправоду, які ідзе па тэрыторыі Беларусі, ці забіцьцё некалькіх расейскіх грамадзян на тэрыторыі РБ. Давайце нагадаем, як гэта рабілася ў дачыненьні да Літвы, Латвіі, Эстоніі ў 1940-м годзе, да Фінляндыі і як зараз гэта робіцца ў Крыме. Што тычыцца таго, хто будзе абараняць Лукашэнку, то, зразумела, што ў беларускага грамадзтва і ў зьнешняга сьвету няма рэсурсаў дзеля таго, каб абараняць ня тое, што рэжым Лукашэнкі, а нават Беларусь. Зараз мы гэта назіраем на прыкладзе Ўкраіны.

Дракахруст: Павал, я вас правільна зразумеў — расейскае ўварваньне непазьбежнае, на вашу думку?

Вусаў: Я думаю, што калі зараз не спыніць Расею ў яе памкненьнях ва Ўкраіне, а адзінае, што можа яе спыніць — гэта жорсткія санкцыі і ваенная прысутнасьць краін НАТА ў рэгіёне, то я сказаў бы, што непазьбежны поўны кантроль і фактычная мілітарная, палітычная, эканамічная акупацыя Беларусі.

Беларусь у НАТО — расейскія танкі ў Беларусь?


Дракахруст: Уладальнік парталу Tut.by Юры Зісер нядаўна напісаў у сваім блогу, што калі Беларусь толькі паспрабуе ўсур’ёз зрабіць іншы геапалітычны выбар, расейцы адразу ж прыедуць на танку, каб аднавіць «правільны». Ягоная ідэя палягае ў тым, што іх трэба неяк абдурыць і залагодзіць. Але наконт прагнозу па трэнду — гэта сапраўды так?

Закрэўская: Складана камэнтаваць сцэнар, які тычыцца доўгатэрміновай пэрспэктывы. У Расеі нам зараз нікога дурыць і залагоджваць ня трэба: мы свае абавязацельствы выконваем, менш надзейным партнэрам мы ня сталі, пра што сьведчаць тыя ж манэўры і згода на разьмяшчэньне зьнішчальнікаў. Што тычыцца падтрымкі тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны — то гэта наша афіцыйная пазыцыя як сувэрэннай дзяржавы, а ня як партнэра Расеі па саюзе. І гэтая наша пазыцыя можа адрозьнівацца ад пазыцыі Расеі. Калі ж мы гаворым аб альтэрнатыўным геапалітычнага выбары Беларусі як аб нейкай вельмі аддаленай пэрспэктыве, то прадказваць будучыню — гэта за рамкамі маёй кампэтэнцыі.

Дракахруст: Андрэй, а якая ваша ацэнка? Вось Павал намаляваў такую схему, што ў расейскія войскі хоць заўтра могуць прыйсьці. Досьвед Украіны паказвае, што ўсё ж такі ёсьць «чырвоныя лініі»: расейскае ўварваньне было абумоўлена нестабільнай сытуацыяй у краіне і тым, што яна рабіла выбар на карысьць Захаду. На ваш погляд, у Беларусі ёсьць такая ж «чырвоная лінія»?

Паротнікаў: Я думаю, што так. Я не магу ўпэўнена казаць, што будуць расейскія танкі ці можа яшчэ нешта, але тое, што эканамічны, палітычны, інфармацыйны і іншы ціск будзе шалёны — гэта адназначна. Мы маглі гэта назіраць на прыкладзе Грузіі і Малдовы. Чаму мы ня можам гэта назіраць і на прыкладзе Беларусі? Таму трэба разумець, што адносна бязбольны дрэйф Беларусі на Захад можа адбывацца толькі па меры аслабленьня Расеі. А Расея слабее. Пуцін стварыў вельмі добры прапагандысцкі апарат, які дае лубочныя карцінкі магутнай, вялікай Расеі, якая ўстае з каленяў. Але факты — рэч упартая, яны сьведчаць зусім аб іншым. Расея ў глыбокім крызысе. Дарэчы, гэты крызыс таксама будзе мець сваё рэха і ў Беларусі, бо мы не падрыхтаваныя да таго моманту, калі ў Расеі ўзьнікнуць вялікія праблемы. Таму я згодны — такая «чырвоная лінія» існуе, але я не магу сказаць, што гэта будзе сілавы сцэнар. Магчыма, на той момант у Расеі папросту ня будзе сілаў для ўварваньня. Але эканамічна, палітычна і інфармацыйна ціснуць будуць вельмі моцна.

Рызыкі і вокны магчымасьцяў


Дракахруст: Цяперашняя сытуацыя — яна нясе беларускай уладзе больш магчымасьцяў ці пагрозаў? Таго і іншага і з пункту гледжаньня грамадзянскай супольнасьці і самой ўлады. Беларусь могуць прымусіць стаць катам Украіны, рускі брат на драйве можа завітаць на танку. Зь іншага боку, на тле Януковіча і Пуціна Лукашэнка — зусім ня самы страшны дыктатар для Эўропы. Да таго ж лёгіка геапалітыкі зноў, здаецца, прэвалюе па-над усім. Пры гэтым для Масквы ў Эўропе Лукашэнка — адзіны саюзьнік, якога трэба берагчы і ўлагоджваць. Дык які балянс рызыкаў і магчымасьцяў?

Паротнікаў: Калі браць уладу, то я лічу, што больш пагрозаў і больш стратаў, калі канфлікт пяройдзе ў стадыю эскаляцыі. Таму што гэта перш за ўсё страта рынку збыту, бо Ўкраіна — гэта адзін зь нешматлікіх партнэраў, зь якім станоўчае сальда гандлю. Для грамадзянскай супольнасьці будзе больш магчымасьцяў, бо, давайце казаць шчыра, шмат у чым наш недзяржаўны грамадзянскі сэктар разьвіваецца, дзякуючы донарскай падтрымцы з заходняга боку. І магчыма тут будуць кінуты дадатковыя сродкі на прасоўваньне заходняга ўплыву ў Беларусі.

Дракахруст: Павал, ваша ацэнка рызыкі і, так бы мовіць, вокнаў магчымасьцяў? Што шырэй?

Вусаў: Я думаю, што вокны магчымасьцяў адсутнічаюць, бо, калі б Лукашэнка жадаў пайсьці на дыялёг з Захадам, то ўжо зрабіў бы першы крок і перш за ўсё выпусьціў бы палітычных вязьняў. Але мы разумеем, што зараз, калі Масква вельмі напружаная і вельмі агрэсіўна паводзіць сябе ў дачыненьні да Ўкраіны, то крокі Менску ў кірунку да Захаду вельмі моцна маглі б яе раздражніць. А менш за ўсё Лукашэнка жадае ў гэтых умовах раздражняць Маскву. Вучэньні, прылёт самалётаў — усё гэта сьведчаць пра тое, што Лукашэнка не пашырае вокны магчымасьцяў, а наадварот звужае іх. Другі момант. Ня трэба забывацца пра тое, што ў 2015 годзе — прэзыдэнцкія выбары. Напярэдадні выбараў Лукашэнка будзе патрабаваць ня толькі палітычнай падтрымкі, але і эканамічнай, бо мы ведаем, які стан гаспадаркі ў Беларусі на сёньняшні дзень. Перад выбарамі дэстабілізаваць сытуацыю азначала б стварыць умовы для вельмі моцнай пагрозы, тым больш, што гэтую ўмову маглі б выкарыстаць і расейцы. Прыгадаем, як разгортвалася перадвыбарчая кампанія ў 2010 годзе, якая вайна разгортвалася супраць Лукашэнкі з боку Расеі. Ён вельмі добра гэта памятае. Таму я ня думаю, што ён будзе рабіць рэзкія рухі ў бок Захаду.

І трэці момант: ён будзе чакаць, і ўсе чакаюць, як будзе паводзіць сябе Захад у дачыненьні да Ўкраіны. Калі ён праглыне тое, што Крым будзе адарваны, то Лукашэнка нават аднаго кроку ня зробіць у кірунку да Захаду, бо ён будзе ведаць, што ў выніку сур’ёзнага канфлікту з Масквой Захад яго не падтрымае. Што тычыцца беларускага грамадзтва і апазыцыі, то пасьля ўкраінскіх падзеяў ціск на іх толькі ўзмоцніцца і нейкія зрухі больш-менш радыкальныя ў беларускім грамадзтве прывядуць да даволі жорсткіх рэпрэсіяў.

Дракахруст: Вікторыя, ваш адказ: усе вокны і дзьверы зачыняюцца?

Закрэўская: У цэлым, усё будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца канфлікт: ці будзе ён заставацца ў плашчыні палітыкі або пойдзе па шляху эскаляцыі ці, барані Бог, пяройдзе ў плашчыню вайны. Безумоўна, калі рэальныя баявыя дзеяньні пачнуцца, гэта спародзіць масу рызыкаў для Беларусі і яны перакрыюць любыя плюсы ад магчымасьцяў, якія дае цяперашняя сытуацыя. Пакуль жа плюсаў (а хутчэй магчымасьцяў, якія адкрыліся) досыць шмат: манаполія на статус «галоўнага саюзьніка» Расеі ў рэгіёне, новыя магчымасьці паляпшэньня стасункаў з Захадам, магчымасьць выступаць у якасьці «акна ў Эўропу» для Расеі. Калі яшчэ нядаўна нам прапаноўвалі мець зносіны з Захадам пры садзейнічаньні Расеі, то зараз чаму б нам не прапанаваць Захаду пагутарыць з Расеяй пры нашым садзейнічаньні? Пытаньне ў тым, як Беларусь зможа скарыстацца гэтымі магчымасьцямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG