Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім тэатры зьнішчылі арлоў


9 сьнежня мінулага году ў Дзяржаўным музычным тэатры Беларусі адбылася прэм’ера м’юзыкла «Сафія Гальшанская» Ўладзімера Кандрусевіча на лібрэта Алены Туравай. Калі б гледачы першых двух прэм’ерных спэктакляў наведалі наступныя паказы, яны б напэўна зьвярнулі ўвагу на адну дзіўную акалічнасьць.

Неўзабаве пасьля першых паказаў прыйшла інфармацыя, што ў другой дзеі, якая разгортвалася ў каралеўскім двары, са строяў танцораў, якія ўвасаблялі ролі польскае шляхты, зьніклі выявы белых арлоў. На маё тэлефанаваньне рэжысэр-пастаноўшчык спэктакля Міхаіл Кавальчык адказаў, што нічога падобнага не адбылося, і запрасіў наведаць спэктакль, каб у тым пераканацца.

Што й было зроблена. 14 студзеня ўжо гэтага году на трэцім паказе м’юзыкла было адзначана, што белыя арлы такі прысутнічаюць. Адзін, вялікі, падчас усёй другой дзеі ўзвышаўся ў глыбіні сцэны, другі быў адзначаны на сьпіне ў галоўнай гераіні — Сафіі Гальшанскай. Здавалася б, пытаньне можна было закрыць: арлы — жывыя. Калі б ня кадры першага прэм’ернага паказу — іх удалося адшукаць, і яны ёсьць у рэдакцыі.

Можна адназначна сьцьвярджаць: рэжысэр-пастаноўшчык м’юзыкла спрабаваў увесьці вашага карэспандэнта ў зман. На здымках, якія можна тут пабачыць, выразна відаць, што на першых паказах выяваў белых арлоў на строях польскае шляхты было значна больш. Цяпер арліная чародка прыкметна зьмізарнела, у чым можа пераканацца кожны, хто наведае чарговы паказ гэтага спэктакля.

З аднаго боку, такая колькасьць «птушак» насамрэч можа падацца, як кажуць, мастацкім пераборам. Зь іншага, немагчыма не згадаць, што ў нядаўняй прэм’еры «Пана Тадэвуша» ў тэатры імя Янкі Купалы выяву «Пагоні» замянілі на нейкі няўцямны знак. Як тэатральны анэкдот ходзіць пагалоска, што камісія Мінкульту Беларусі прыяжджала ў Рускі драматычны тэатар спраўдзіць дакладнасьць тэксту спэктакля паводле «Раскіданага гнязда» Янкі Купалы — бо пасьля рэплікі ў ХІІ зьяве «Чаго седзіцё? Бацька павесіўся!» публіка пачынала пляскаць у ладкі...

Мастак па касьцюмах м’юзыкла «Сафія Гальшанская» Тацяна Лісавенка не назвала, ад каго прыйшоў захад «зачысьціць» чараду птушак, але сказала, што другая дзея ў каралеўскім палацы задумвалася ёю ў бела-чырвоных тонах з пазалотай. Яна падкрэсьліла, што яе распрацоўкі аніяк не былі зьвязаныя з палітычнымі нюансамі, і яна не разумее, чаму нехта можа дыктаваць мастаку, як той павінен працаваць. «Па вялікім рахунку, тое, што атрымалася, — гэта глупства», — сказала спадарыня Лісавенка. І дадала: каб былі грошы, яна б вярнула ганарар тэатру і папрасіла зьняць сваё імя з афішы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG