Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны водбліск беларускіх алімійскіх мэдалёў


Антон Кушнір сьвяткуе перамогу
Антон Кушнір сьвяткуе перамогу

Беларусь дэманструе выдатныя вынікі на Алімпійскіх гульнях у Сочы, замацаваўшыся ў мэдалёвым рэйтынгу сярод усясьветных грандаў. Праўда, пры бліжэйшым разглядзе высьвятляецца, што айчынныя спартоўцы, узгадаваныя мясцовымі спэцыялістамі, у зборнай ледзь не ў меншыні.

Прынамсі, усе беларускія трыюмфатары Гульняў-2014 прыехалі з-за мяжы ці былі запрошаныя вярнуцца пад беларускія сьцягі. Дык ці па-сапраўднаму беларускія гэтыя алімпійскія перамогі?

Галоўная «зорка» сочынскай Алімпіяды Дар’я Домрачава ўжо пабіла ўсе магчымыя алімпійскія рэкорды «белых гульняў», заваяваўшы тры вышэйшыя ўзнагароды ў індывідуальных біятлённых гонках. Расчулены Аляксандар Лукашэнка нават прыраўняў яе выступы да «подзьвігу», упершыню ў гісторыі краіны надаўшы спартоўцу званьне Героя Беларусі.

Пры гэтым варта згадаць, што Домрачава хоць і нарадзілася ў Менску, але з 4 гадоў жыла з бацькамі ў Сыбіры, а першыя юніёрскія тытулы здабывала менавіта пад сьцягам Расейскай Фэдэрацыі. Толькі калі настаў час канчаткова вызначыцца з краінай далейшага працаўладкаваньня, шалі не без ваганьняў схіліліся ў бок гістарычнай радзімы. Чаго дагэтуль ня могуць сабе дараваць расейскія спартовыя функцыянэры: не зарыентаваліся, каб затрымаць безь пяці хвілін супэрзорку.

З Расеі прыехала ў Беларусь алімпійская прызэрка сёлетняй Алімпіяды Надзея Скардзіна. У яе выпадку сытуацыя нашмат больш празаічная — захацела памяняць бегавыя лыжы на біятлён, але лава запасных у расейскай камандзе настолькі вялікая, што выбіцца ў асноўную групу амаль нерэальна. І тут прыйшла прапанова ад беларусаў. З гэтай жа прычыны ў Менску атабарыліся Надзея Пісарава, Анастасія Каліна, а яшчэ раней — Вольга Назарава, Кацярына Іванова ды іншыя. Пра «лішніх» асобаў у расейскім спорце — біятлённы аглядальнік газэты «Прессбол» Сяргей Вярсоцкі:

«Выканаўчы дырэктар Саюзу біятляністаў Расеі Сяргей Кушчанка — ён жа адначасна першы віцэ-прэзыдэнт IBU, Міжнароднага зьвязу біятляністаў — націскае на тое, што калі мы такая вялікая краіна і калі такая значная ўвага да разьвіцьця біятлёну, то дазвольце тады нам выстаўляць дзьве эстафэтныя каманды на этапах Кубку сьвету. У такім разе, маўляў, мы расшырым каманду і зможам уключыць у гэтую арбіту нашмат большую колькасьць таленавітых спартоўцаў, якія шукаюць рэалізацыі сваіх здольнасьцяў у іншых зборных і ня бачаць, як ім прабіцца ў сваю расейскую каманду. Прынамсі, такое разуменьне таго, што ў гэтай сфэры адбываецца».

З падобных прычынаў апынуліся ў беларускай камандзе і іншыя залатаносныя кадры — фрыстайлісты Ала Цупер і Антон Кушнір. Абодва — нараджэнцы Ровенскай вобласьці Ўкраіны, галоўнага цэнтру падрыхтоўкі тамтэйшых лыжных акрабатаў. Праўда, у дадзеным выпадку вырашальным фактарам стала ня столькі вострая канкурэнцыя, колькі адсутнасьць грошай на падрыхтоўку.

Карэспандэнт тэлеканалу «Рівно-1» Аляксандар Туз падзяляе жаль ровенцаў, што землякі папераходзілі пад беларускія сьцягі, але разумее: фінансаваньне фрыстайлу паводле рэшткавага прынцыпу практычна не пакідала шанцаў на п’едэстал:

«Зразумела, крыўдна, што яны выступаюць не за Ўкраіну, а здабываюць залатыя мэдалі для Беларусі. Але прычына відавочная — на ўсё проста не хапае фінансаваньня. Ужо былі прыклады, калі біятляністка Алена Зубрылава на піку сваёй кар’еры зьехала і, зноў жа, выступала за зборную Беларусі. Справа ў тым, што калі разьмяркоўваюцца грошы на падрыхтоўку да зімовых Алімпіядаў, то абсалютная бальшыня выдзяляецца біятляністам. Бо гэта ледзь не адзіная магчымасьць зачапіцца за мэдалі. А ўсе астатнія зімовыя віды спорту — так, фінансуюцца, але, што называецца, паводле рэшткавага прынцыпу, ня так добра, як біятлён. Была ўвогуле такая ідэя, каб усе астатнія дысцыпліны „пракінуць“, а фінансаваць толькі біятлён. Дарэчы, учора мы вельмі разьлічвалі на мас-старт, але не атрымалася — Домрачава ўсіх проста „рве“. Цяпер застаецца спадзявацца толькі на жаночую біятлённую эстафэту».

Самі новасьпечаныя беларусы кажуць, што больш пачуваюць сябе мясцовымі жыхарамі, чым «легіянэрамі». Тая ж Дар’я Домрачава падкрэсьлівае, што ніколі ня траціла сувязі з радзімай і 10 гадоў таму проста вярнулася дадому. Надзея Скардзіна трэніруецца побач зь беларусамі столькі ж, колькі і яе сяброўка па камандзе, і ўжо «не адчувае розьніцы паміж Расеяй і Беларусьсю». У Менску займелі сем’і Ала Цупер і Антон Кушнір. 35-гадовая Цупер дэбютавала за Ўкраіну на Алімпіядзе ў Нагана яшчэ ў 1998 годзе, але праз чатыры гады ў Солт-Лэйк-Сіці паехала ад Беларусі. У тым жа 2002 годзе памяняў жоўта-блакітны сьцяг на чырвона-зялёны Кушнір.

Практычна ніхто з асыміляваных спартоўцаў публічна не выказваецца на грамадзка-палітычныя тэмы, абмяжоўваючыся дзяжурнымі выразамі, што трэба «апраўдаць высокі давер». Хіба што Антон Кушнір дазваляе крытыкаваць спартовых функцыянэраў, якія пазбаўляюць стыпэндыі за... траўму і, як сьлед, — адсутнасьць высокіх вынікаў. Пры гэтым заўважае, што адчувае ў сабе кіраўніцкія задаткі, бо ягоны бацька быў ва Ўкраіне навукоўцам і нават займаўся палітыкай. І хоць самі спартоўцы ад палітычных спраў намагаюцца адмежавацца, палітыкі старанна ўцягваюць іх у арбіту сваіх інтарэсаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG