Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэтэран Аўганістану Камароўскі: «Аўтамабільныя часткі, дзе служыў Аўтуховіч, былі самыя небясьпечныя»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Вэтэран Аўганістану Мікалай Аўтуховіч сустрэў 25-годзьдзе заканчэньня той вайны ў гарадзенскай турме. Сябар Аўтуховіча Аляксандар Камароўскі паведаміў, што нядаўна атрымаў ад яго ліст: «Настрой у яго нармальны, баявы. Чакае вызваленьня».

Паводле былога вайсковага лётчыка-аўганца Камароўскага, Мікалай Аўтуховіч ваяваў там у самых небясьпечных частках — аўтамабільных — і паказаў сябе з самага лепшага боку.

«Гэта ў тысячу разоў небясьпечней, чым выведка. Яны едуць па дарозе, безаабаронныя, калі на іх нападуць. Калі выведнік можа хоць у кусты схавацца ды адстрэльвацца, то куды ты з машынай схаваесься? У Аўганістане гэта была самая небясьпечная справа. Нават лётчыкам не настолькі было небясьпечна служыць, як аўтамабілістам. Аўтуховіч мае тры баявыя ўзнагароды, гэта сапраўдны герой, і тыя, хто яго засадзіў у турму, сфальшаваўшы справу, — гэта нягоднікі. Вялікае злачынства яны гэтым робяць, вялікае. Гэтак можаце і перадаць мае словы».

Мікалай Аўтуховіч асуджаны за захаваньне некалькіх патронаў на 5 гадоў зьняволеньня, і да гэтага тэрміну суд дадаў яму яшчэ 2 месяцы, не адбытых за першую судзімасьць. Як першы прысуд, паводле суду за нясплату падаткаў, гэтак і другі праваабаронцы лічаць палітычна матываваным, зьвязаным з барацьбой Мікалая Аўтуховіча з карупцыянэрамі ў Ваўкавыску, Горадні і Менску. На волю Мікалай Аўтуховіч мусіць выйсьці ў пачатку красавіка.
Аляксандар Камароўскі згадаў, што некалькі разоў вэтэраны Аўганістану зьвярталіся ў Генпракуратуру і Вярхоўны суд з заклікамі вызваліць Мікалая Аўтуховіча датэрмінова, улічыць кепскі стан ягонага здароўя, а таксама тое, што ён мае баявыя узнагароды. «На апошні наш зварот прыйшоў чыста бюракратычны адказ — што падстаў для датэрміновага вызваленьня няма», — паведаміў Аляксандар Камароўскі.

Ці будзе Мікалаю Аўтуховічу на волі прызначаны прэвэнтыўны нагляд, як былым палітвязьням Паўлу Вінаградаву, Аляксандру Малчанаву, Зьмітру Дашкевічу. Паводле актывісткі, рэжысэркі Вольгі Мікалайчык, якая лістуецца з Аўтуховічам, ён гэтым пытаньнем вельмі занепакоены:
Яны разам з маці Лідзіяй Юльянаўнай марылі, што паедуць у Друскенікі на лячэньне

«Апошні ліст ад яго быў крыху сумны. Ён перакананы, што яму ўсё ж дадуць нагляд. А гэта касуе некаторыя пляны. Яны разам з маці Лідзіяй Юльянаўнай марылі, што паедуць у Друскенікі на лячэньне, куды іх запрасілі. Але вось Мікола напісаў, што, хутчэй за ўсё, будзе нагляд, і ён будзе з-за гэтага нявыязны. А, безумоўна, ён хацеў, пасьля 5 гадоў турмы, паехаць туды разам з маці».

Ужо два гады Мікалая Аўтуховіча трымаюць як злоснага парушальніка рэжыму ў гарадзенскай турме. Вядома, што там палітвязень рэзаў сабе лязом вены на знак пратэсту супроць ціску. Таксама Аўтуховіч шмат скардзіўся на дрэнныя ўмовы ў турме. Артыкулы Мікалая Аўтуховіча ў незалежных мэдыях паўплывалі на тое, што хаця б часова ў іншых калёніях умовы паляпшаліся. Пра гэта згадаў, у прыватнасьці, былы вязень 22-й калёніі Андрэй Чалапа, які нядаўна выйшаў на волю:

«У 22-й калёніі пасьля артыкулаў Аўтуховіча два месяцы выдавалі туалетную паперу і станкі для галеньня. Потым гэта закончылася. Вельмі балюча адміністрацыя папраўчых устаноў рэагуе на тое, што нехта, як яны кажуць, „лезе ў іх агарод“».

Праваабаронцы Беларусі і сьвету прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязьнем і дамагаюцца ня толькі ягонага безумоўнага вызваленьня, але і рэабілітацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG