Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліклінікі будуць платнымі. Пакуль часткова


Нядаўна дэпутат Палаты прадстаўнікоў Дзьмітры Шаўцоў у інтэрвію дзяржаўным СМІ паведаміў, што палата гатовая на заканадаўчым узроўні зацьвердзіць абавязковую плату за наведваньне паліклінік.

За платнае наведваньне паліклінік неаднаразова выказваўся і віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік. Наколькі рэальна, што за візыт да ўчастковага неўзабаве давядзецца сапраўды плаціць, як кіраўнікі Мінздраву гэта тлумачаць, і ці адпавядае гэта Канстытуцыі, якая дэкляруе права кожнага на ахову здароўя?

Новая рэдакцыя Закону аб ахове здароўя ўжо ў парлямэнце. Пра гэта паведаміла 12 лютага на прэсавай канфэрэнцыі намесьніца начальніка галоўнай управы арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Тацяна Мігаль. Ці ўтрымліваецца там норма, што наведваньне паліклінікі стане платным? Наўпрост на гэтае пытаньне чыноўнікі ад мэдыцыны не адказваюць.

Тацяна Мігаль
Тацяна Мігаль
Тацяна Мігаль: «Тая колькасьць наведваньняў, якая апраўданая, яна павінна быць. Усё тое, што па жаданьні пацыента, калі для гэтага няма падставаў, — тады, калі ласка, платна».

Карэспандэнтка: «Дык вы за плату ці супраць?»

«Што значыць — за аплату ці супраць аплаты? Я кажу: тады, калі ёсьць падставы для наведваньня лекара — гэта тое, што называецца неабходнасьць. А што не ўваходзіць у аб’ём неабходнай дапамогі, калі чалавек сам дыктуе, калі чалавек кажа: „Я хачу наведаць лекара“ — тады за аплату».

Патлумачыць больш канкрэтна, што можа служыць падставай для наведваньня лекара, а што не, Тацяна Мігаль ня здолела.

Першы намесьнік старшыні Камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч таксама кажа пра так званыя «непатрэбныя наведваньні»:

Ігар Юркевіч
Ігар Юркевіч
«Безумоўна, мы працягваем змагацца з колькасьцю непатрэбных наведваньняў, тое, што казаў віцэ-прэм’ер. Наша задача — мінімум наведваньняў, максымум мэдычнай дапамогі».

Як можна пры мінімуме наведваньняў аказаць максымум дапамогі, калі толькі ў сталіцы не хапае 700 лекараў? Чыноўнік Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч спадзяецца гэтую праблему вырашыць:

«Па выніках разьмеркаваньня 2012 году з мэдыкаў, якія праходзяць цяпер інтэрнатуру, 489 спэцыялістаў накіравана ў сталіцу. Участковымі тэрапэўтамі разьмеркавана 136, 49 — участковымі пэдыятрамі. Па ўчастковых пэдыятрах патрэба цалкам будзе закрыта, па ўчастковых тэрапэўтах недахоп — парадку 100 чалавек».

Што да катастрафічнай сытуацыі ва ўсёй краіне з вузкімі спэцыялістамі, то намесьніца начальніка галоўнай управы арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Тацяна Мігаль прапануе такое выйсьце:

«Што тычыцца дэфіцыту вузкіх спэцыялістаў, то тут асаблівы ўпор павінен быць на ўзроўні ведаў участковых спэцыялістаў. То бок, калі ёсьць пэўны ўзровень ведаў, дастаткова шырокі для таго, каб паставіць дыягназ і аказаць неабходную дапамогу, — можа, адпадае неабходнасьць трапіць да гэтага вузкага спэцыяліста».

Чэргі ў паліклініках да ўчастковага, максымум 12 хвілін на пацыента, чаканьне па некалькі месяцаў талёнчыка на ультрагукавое дасьледаваньне, праблемы з так званымі вузкімі спэцыялістамі — і за гэта яшчэ беларусаў могуць абавязаць плаціць. Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага Суду Валер Фадзееў апавёў, што яшчэ ў 1995 годзе абмяркоўваў гэтую праблему з тагачасным міністрам аховы здароўя Інэсай Драбышэўскай:

«Яна са мной абмяркоўвала гэтае пытаньне як з судзьдзём Канстытуцыйнага суду, як з чалавекам, які пісаў Канстытуцыю 1994 году. Ну, і мы тады прыйшлі да высновы, што гэта не зусім адпавядае Канстытуцыі. Усё ж такі абсалютная большасьць мэдычных паслуг павінна быць бясплатная. Калі гучаць такія рэчы, што за наведваньне паліклінікі я павінен заплаціць хоць пэўную долю, тады давайце будзем зьніжаць падаткі, бо нашы падаткі ідуць у тым ліку і на ўтрыманьне лячэбных устаноў. Тады трэба праводзіць іншую сацыяльную палітыку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG