Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму моладзь ня хоча служыць у міліцыі


Міліцыянты чытаюць газэту «Товарищ» падчас аднаго зь пікетаў у Магілёве, архіўнае фота
Міліцыянты чытаюць газэту «Товарищ» падчас аднаго зь пікетаў у Магілёве, архіўнае фота

На Магілёўшчыне не хапае ўчастковых міліцыянтаў. Недакамплект сягае 14 працэнтаў. Кіраўніцтва абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў заяўляе, што шукае ахвотных служыць у міліцыі ва ўнівэрсытэтах і ў спэцыялізаваных вучэльнях.

Недахоп участковых кіраўніцтва магілёўскай міліцыі тлумачыць невысокімі заробкамі і вялікай працоўнай занятасьцю. Недакамплект штату, прызнаюць у абласным упраўленьні ўнутраных спраў, ускладняе крымінагенную абстаноўку.

Пра невысокія заробкі ў міліцыянтаў кажа і моладзь. На пытаньне: «Ці хацелі б служыць у міліцыі?» — адказ маладых людзей, зь якімі ўдалося пагутарыць непадалёк ад абласной управы ўнутраных спраў, быў пераважна адмоўны. Некаторыя зь меркаваньняў:

«Там заробкі маленькія. Па-другое, там людзі працуюць, лічы, без выходных. У мяне сябры служылі ў міліцыі — у іх выходных зусім не было. Нават калі ў яго выходны законны, яму тэлефануюць а пятай раніцы — і прыяжджай на працу. Ніякага асабістага жыцьця».

«Маленькія заробкі, вядома ж. А там вялікая адказнасьць. Трэба мець дужа вялікі сацыяльны статус, бо адказваеш за простых грамадзян».

«Дужа малыя заробкі ў сілавых структурах у нас у Беларусі — мільёны тры, калі першапачаткова, толькі з арміі прыйшоўшы, служыць».

Карэспандэнт: «Прафэсія міліцыянэра — паважаная сярод людзей?»

«Так. Я паважаю міліцыянэраў і тых людзей, якія змагаюцца са злачыннасьцю ў нашай краіне. Але я ня ўпэўнены, што такі крытэр існуе для ўсіх і яны гэтак ставяцца, як я, да міліцыянэра».

«Не настолькі яна аўтарытэтная, як, напрыклад, была на пачатку 2000-х гадоў. Проста ў нас народ страціў давер да міліцыі крыху».

«Міліцыя ж у любым выпадку патрэбная. Людзі і там усякія бываюць, але трымаць парадак усё роўна нехта мусіць».

Удалося пагутарыць на вуліцы і зь міліцыянтам. «Ці хацелі б вы служыць у міліцыі?» — пытаюся ў маладога чалавека. Ён адказвае:

«А я служу ў міліцыі — у дэпартамэнце аховы. У нас таксама людзей не хапае. Паўсюль не хапае. Для некага мо й заробкі невысокія. Ёсьць такія, што прыходзяць, не служыўшы ў войску. Такія адпрацуюць два гады — і сыходзяць. Абы толькі ў войска не ісьці. А ёсьць такія, хто працуе сумленна».

Суразмоўца прызнае, што служба ў міліцыі нялёгкая, але яму падабаецца. Пра памер заробку малады міліцыянт у цывільным не сказаў, аднак заявіў: прафэсія міліцыянта застаецца ў грамадзтве паважанай.

Людзі больш сталага веку называюць свае прычыны, чаму ўчастковых міліцыянтаў не хапае. Гучыць зноў жа праблема грашовага заахвочваньня, але ня толькі яна:
Цяпер дужа шмат народу ўсё на міліцыю валяць, замест таго каб самім наводзіць парадак

«Мо заробкі нізкія, дый прафэсія не настолькі цяпер паважаная. Цяпер дужа шмат народу ўсё на міліцыю валяць, замест таго каб самім наводзіць парадак. Міліцыянт часта становіцца вінаватым».

«Участковыя маюць дужа шмат працы і дужа нізкую аплату працы ў параўнаньні зь іншымі падразьдзяленьнямі, у тым ліку і з АМАПам. Іх забясьпечваюць лепей, і заробкі вышэйшыя, і абмундзіраваньне лепшае. А ўчастковым трэба бегаць і за ўсё адказваць».

Яшчэ на адно пытаньне — «Ці хацелі б, каб вашы дзеці служылі ў міліцыі?» — адказ таксама быў пераважна адмоўны. Тут, акрамя заробку, людзі казалі пра небясьпеку службы ўчастковым. Быў і такі адказ:

«Гэта права дзяцей, вядома ж. Але ў нас міліцыя часта выконвае ня тыя функцыі — не бароніць грамадзян, а робіць наадварот...»

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў прызнае, што ўчастковыя выконваюць вялікі аб’ём важнай працы, але плата за яго мізэрная. Тое, што іх не хапае, адбіваецца на якасьці выкананьня службовых абавязкаў:

«Выходзіць, што ўчастковы ахоплівае тэрыторыю большую, чым трэба. Ягоны рэжым працы заўжды аўральны. І гэта, я вам скажу, тычыцца ўсіх іншых службаў. Прафэсійны адбор міліцыянтаў перастаў існаваць як такі. Участковыя міліцыянты часта выконваюць не зусім свае функцыі. Іх прыцягваюць да забесьпячэньня ўсіх палітычных мерапрыемстваў — ці то гэта мерапрыемствы апазыцыі (на пярэднім пляне мы бачым АМАП і ўчастковых), ці то забесьпячэньне аховы прэзыдэнта. Яны ўсё кідаюць і «фортачкі зачыняюць», зазначае Мікалай Казлоў.

На думку суразмоўцы, нястача кадраў у беларускай міліцыі сягае дваццаці і болей працэнтаў. Адмысловец лічыць: каб зьмяніць сытуацыю з кадрамі ў міліцыі, варта скарачаць непатрэбныя службы ў ёй.

Тым часам вядома, што нямала беларускіх міліцыянтаў пазвальнялася, каб усьлед за спэцыялістамі іншых прафэсіяў падацца на пошукі большых заробкаў у Расеі. Там яны ўладкоўваюцца пераважна ў ахоўныя фірмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG