Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікаў спыняюць на трасе і адбіраюць тавар


Belarus - The strike of entrepreneurs in the market, Vitsebsk, 06Jun201
Belarus - The strike of entrepreneurs in the market, Vitsebsk, 06Jun201

Блізу Асіповічаў, на шляху зь Менску на Гомельшчыну, мясцовая міліцыя спыняе праежджых прадпрымальнікаў і нярэдка адбірае тавар.

11 сьнежня надвячоркам тут затрымалі з таварам прадпрымальнікаў зь Сьветлагорску. А 5 сьнежня асіповіцкія міліцыянты адабралі тавар у траіх прадпрымальнікаў з Рэчыцы. Гандляры лічаць гэта беззаконьнем і рабункам.

Прадпрымальніца зь Сьветлагорску спадарыня Алена апавядае пра мэтодыку затрыманьня прадпрымальнікаў з таварам, які яны вязуць мікрааўтобусам зь менскага рынку «Экспабел»:

«На трасе каля Асіповічаў нас спыніў супрацоўнік ДАІ. Папрасіў дакумэнты ў кіроўцы — кіроўца паказаў. А да нас падышоў малады чалавек і пытаецца: „У вас ёсьць дакумэнты на тавар?“ — Адказваем: „Ёсьць. Мы самі — прадпрымальнікі. У нас ёсьць квіткі на аплату падатку, у тым ліку й на даданую вартасьць, у нас ёсьць пасьведчаньні прадпрымальнікаў“. У нас было ўсё. Ён кажа: „Выходзьце — будзем глядзець“. Мы выйшлі».

Сьветлагорскія прадпрымальнікі везьлі побытавыя тавары: патэльні, рондалі, імбрыкі, венікі, некалькі штучных ялінак. Натуральна, прадпрымальнікі пыталіся, на якой падставе іх затрымлівае міліцыя.

Алена: «Гэты малады чалавек і кажа: „Паколькі ў вас няма тавара-транспартных накладных, то паедзеце з намі ў аддзел“. — „А на якой падставе — у вас ёсьць прадпісаньне?“ Ён: „Вось паедзем у аддзел, і я вам усё пакажу“. Ён нам не назваў сябе, не паказаў пасьведчаньне. Яны з даішнікам забралі дакумэнты ў кіроўцы й загадалі ехаць за імі. Я яму прапаноўвала разабрацца на месцы. А ён у адказ: „У мяне няма асадкі“. Я яму: „Вось вам асадка — пішыце, што хацелі“. Ён: „Мне холадна на вуліцы“».

У Асіповічах прадпрымальнікі даведаліся, што іх даставілі ў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Спадарыню Алену апытваў супрацоўнік Віктар Штык. Заўвагі да пратаколу Алене напісаць не дазволілі — забралі з-пад рук.

Прадпрымальнікі пасьпелі зьвязацца праз мабільнікі з калегамі зь Сьветлагорску. А тыя, у сваю чаргу, паднялі на ногі ці то чыноўнікаў з аблвыканкаму, ці то з абласной міліцыі. Хто і як зьвязваўся з асіповіцкімі міліцыянтамі, прадпрымальнікі ня ведаюць. Але пасьля больш як трох гадзінаў знаходжаньня ў Аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю (АБЭЗ) іх нарэшце адпусьцілі. І тавар не забралі.

Рэчыцкім прадпрымальнікам, затрыманым на трасе ля Асіповічаў 5 сьнежня, пашанцавала меней.
Усё, што было — усё забралі. Батарэйкі, асадкі, іншыя канцтавары, швейныя прылады, драбязу ўсякую

Алена Осіпава, прадпрымальніца з Рэчыцы, маці дачкі-інваліда: «Усё, што было — усё забралі. Батарэйкі, асадкі, іншыя канцтавары, швейныя прылады, драбязу ўсякую — крэм для абутку. Спынілі. Удваіх яны былі — даішнік і супрацоўнік АБЭЗ. Патрабавалі тавара-транспартныя накладныя. Мы сталі казаць, што сплачваем двайны падатак. У аднаго з нашых прадпрымальнікаў былі нават квіткі. У нас былі касавыя чэкі. Нічога гэта іх не цікавіла. Яны сказалі: калі няма тавара-траспартнай накладной, мы павінны забраць тавар да поўнага разгляду справы. Павезьлі ў АБЭЗ. Начальнік АБЭЗ Багдановіч, ён асабіста мяне дапытваў. Трымалі там шэсьць гадзінаў — з 5 да 11 вечара. У мяне асабіста забралі тавараў на 21,5 мільёна».

У прадпрымальнікаў Барысавай і Мядзьведзева забралі агулам тавараў таксама больш як на 20 мільёнаў.

Антаніна Барысава: «Яшчэ адзін абсурд. З Масквы можна перавозіць тавар без накладных, а зь Менску нібыта й нельга. Яны ўсё забралі, выгрузілі без усякага вопісу. Скрынкі, мяшкі перапісалі, а нам на рукі ніякіх дакумэнтаў не далі. Начальнік АБЭЗ сам прысутнічаў. Яны забралі тавар незаконна й перадалі ў фінансавую міліцыю».

Сяргей Багдановіч, начальнік аддзелу барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Асіповіцкага РАУС, адмовіўся даваць журналістам хоць які камэнтар з прычыны канфіскацыі тавараў у прадпрымальнікаў. Спаслаўся на тое, што гэтым займаецца адпаведная служба ў Магілёве.

Алег Шабетнік
Алег Шабетнік
Лідэр рэчыцкіх прадпрымальнікаў Алег Шабетнік кажа, што асіповіцкая міліцыя займаецца на дарозе адкрытым захопам чужой маёмасьці:

«Рэчыцкім прадпрымальнікам тавар не вярнулі. На трасе быў захоп чужой маёмасьці. Міліцыя займаецца адкрытым беззаконьнем. У заканадаўстве выразна напісана, што калі прадпрымальнік плаціць двайны падатак на дадатковую вартасьць, то ён мае права вазіць тавар без накладных. Гэта запісана ў частцы 3 артыкулу 293 Падатковага кодэксу».

Дырэктар аналітычнага цэнтру рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Зьмітровіч лічыць, што для міліцыі патрэбныя курсы лікбезу:

«Для нашага МУС, і асабліва для супрацоўнікаў АБЭЗ і ДАІ, якія працуюць на дарогах, трэба правесьці лікбез. Каб ім падаткоўцы патлумачылі, што індывідуальныя прадпрымальнікі дзеляцца на тры катэгорыі: тыя, хто працуе, сплачваючы падаходны падатак, хто працуе па спрошчанай сыстэме і хто сплачвае адзіны падатак па падвоенай стаўцы. Не бывае такога ў цывілізаванай краіне, што падатковы орган і Мінфін прапісваюць у Падатковым кодэксе, што можна, а МУС канфіскоўвае тавар і кажа: „Нельга!“ Навядзіце парадак у сябе, а пасьля патрабуйце ад прадпрымальнікаў. У нас 90 адсоткаў дзяржаўнай уласнасьці — паўсюдна крадзяжы й карупцыя. Чаму АБЭЗ не працуе там?!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG