Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Арыэль Шарон


Арыэль Шарон
Арыэль Шарон

Былы прэм'ер-міністар Ізраілю 85-гадовы Арыэль Шарон амаль восем гадоў знаходзіўся ў коме пасьля інсульту.

Арыэль Шарон, герой вайны 1967 і 1973 гадоў, адзін з самых вядомых людзей Ізраілю, узначальваў урад ад 2001 да 2006 году.

Шарон знаходзіўся ў коме ад 4 студзеня 2006 году. Яго называлі адным з апошніх «дыназаўраў» ізраільскай палітыкі, разам з прэзыдэнтам краіны Шымонам Пэрэсам. У адрозьненьне ад Пэрэса, ураджэнца Беларусі, Шарон нарадзіўся ў Ізраілі ў сям'і беларускіх рэпатрыянтаў.

Ягоны дзед Мардэхай Шэйнэрман нарадзіўся і вырас у Берасьці ў сям'і кантаністаў, прадзед Арыэля Шарона 25 гадоў праслужыў у царскай арміі расейскай імпэрыі і ў якасьці ўзнагароды за доўгую службу атрымаў надзел зямлі. Мардэхай Шэйнэрман быў перакананым сіяністам і стаў адным з заснавальнікаў сіянісцкай арганізацыі ў родным Берасьці. Таксама ён сябраваў з Зеэвам Бегіным, бацькам будучага прэм'ер-міністра Ізраілю Менахема Бегіна, які таксама быў сіяністам і заснавальнікам сіянісцкай арганізацыі гораду. У 1910-м Шэйнэрман зь сям'ёй перабіраецца на сталае жыхарства ў Палестыну, але праз 2 гады сям'я вярнулася з-за цяжкіх умоў і недахопу грошай.

У 1914 годзе ўлады Расейскай імпэрыі выселілі ўсіх габрэяў з прыфрантавой зоны. У Тыфлісе сын Мардэхая, Шмуэль Шэйнэрман паступіў у Тыфліскі ўнівэрсытэт на факультэт сельскай гаспадаркі. У Тыфлісе ён сустрэў сваю будучую жонку Двойру Шнэераву, дачку багацея з Магілёва, яна таксама вучылася ва ўнівэрсытэце на лекара.

У 1921 годзе Шэйнэрманы зьехалі з Расеі ў Палестыну. Арыэль Шарон (уроджаны Шэйнэрман) нарадзіўся 26 лютага 1928-га ў Кфар Малале.

Вайсковая кар'ера Шарона пачалася, калі яму было 14 гадоў: у 1942 ён уступіў у «Гадну», маладзёвае ваенізаванае аб'яднаньне. Шарон актыўна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасьць Ізраілю ў 1948 годзе і даслужыўся да камандзіра ўзводу. У 1949-50 служыў у разьведцы, а пазьней яму было даручана сфармаваць і ўзначаліць спэцыяльнае антытэрарыстычнае падразьдзяленьне – «частка 101». Шарон змагаўся ва ўсіх ізраільскіх войнах: у 1956-м ён камандаваў парашутнай брыгадай у 1967 – бранятанкавай дывізіяй, у 1969-1973 узначальваў Паўднёвую вайсковую акругу Ізраілю. Адтуль ён сышоў у запас у званьні генэрал-маёра, але падчас «вайны Суднага дня» 1973-га вярнуўся на вайсковую службу.

Ідэі, якія ён ўжываў падчас Шасьцідзённай вайны і падчас вайны Суднага дня, вывучаюцца ў вайсковых акадэміях у розных краінах сьвету, а ў Ізраілі генэрал атрымаў мянушкі «Цара Ізраілю» і «Льва Госпада». Шырока распаўсюджаны пункт погляду, што менавіта ягоная тактыка падчас Шасьцідзённай вайны прынесла тады Ізраілю перамогу.

Арыэль Шарон займаў розныя міністэрскія пасады: ён быў міністрам сельскай гаспадаркі, міністрам абароны, міністрам прамысловасьці і гандлю, жыльлёвага будаўніцтва, міністрам інфраструктуры і міністрам замежных спраў. Калі Шарон быў міністрам абароны – з 1981 па 1983 год – падчас уварваньня ізраільскіх войскаў у Лібан ў 1982-м лібанскія хрысьціяне-фалангісты наладзілі разьню ў лягерах палестынскіх уцекачоў Сабра і Шацiла. Праведзенае спэцыяльнай камісіяй расьсьледаваньне паказала, што разьні не адбылося б, калі б ізраільскае абароннае ведамства дзейнічала інакш. Ускосная адказнасьць за масавыя забойствы была ўскладзеная на Шарона, які быў вымушаны сысьці ў адстаўку з пасады міністра.

28 верасьня 2000 году Шарон наведаў Храмавую гару. Гэты візыт да габрэйскай сьвятыні быў выкарыстаны палестынскімі ўладамі як падстава для пачатку «другой інтыфады», падрыхтоўка да якой ішла даволі даўно.

У лютым 2001 году ён стаў прэм'ер-міністрам Ізраілю, абвясьціўшы «палітыку стрыманасьці» – паступовае прасоўваньне па шляху нармалізацыі адносін з палестынцамі пры ўмове адмовы кіраўніцтва Палестынскай аўтаноміі ад тэрарызму і прызнаньня палестынцамі права на існаваньне габрэйскай дзяржавы. У 2005 годзе, у рамках той жа палітыкі, Шарон правёў плян разьмежаваньня, паводле якога былі дэмантаваныя габрэйскія паселішчы з паўночнай Самарыі і раёну Газы, а гэтыя тэрыторыі былі перададзеныя палестынцам. Гэты крок быў вельмі непапулярным: гвалтоўнага высяленьня вялікіх габрэйскіх сем'яў са сваіх дамоў Шарону дараваць не маглі.

Потым, у дадатак да карупцыйнага скандалу, у якім галоўнымі фігурантамі былі яго сыны, на Шарона абрынулася яшчэ і габрэйская містычная адплата «Пульс дэНура». Сутнасьць гэтага абраду заключаецца ў тым, што некалькі чалавек, якія праводзяць яго, зьвяртаюцца да Ўсявышняга з просьбай наслаць на чалавека анёла сьмерці. Пры гэтым яны прыцягваюць боскую ўвагу і да саміх сябе: калі яны, з пункту гледжаньня верніка, спрабуюць наклікаць гнеў божы на невінаватага, то ўсе, хто праводзілі абрад, памруць. Калі ж іх зварот да божага суду абгрунтаваны, то загіне той, на каго быў накіраваны «Пульс дэНура». Ізраільскі ультраправы рабін Ёзэф Даян прызнаваў, што ўдзельнічаў у двух такіх абрадах – у 1995 годзе ў дачыненьні да Іцхака Рабіна, які празь месяц пасьля гэтага быў забіты, а ў 2005-м – у дачыненьні да Арыэля Шарона, які запаў у кому празь некалькі месяцаў пасьля гэтага абраду.

Ізраільскі палітоляг Алекс Коган, журналіст парталу IzRus, зазначае, што для большасьці насельніцтва краіны Арыэль Шарон памёр быў ужо даўно:

– Калі пэрыядычна сталі зьяўляцца паведамленьні пра тое, што ён быццам бы расплюшчыў вочы, стаў рэагаваць на голас сына і іншыя кароткія зьвесткі аб зьмене яго стану то ў лепшы, то ў горшы бок, то для многіх ізраільцян гэта стала знакам таго, што Шарон, якога яны ведалі, «Арык-бульдозэр», памёр і засталося толькі яго цела, у якім на просьбу яго сваякоў машыны і мэдыкі падтрымліваюць жыцьцё. Стаўленьне да Арыэля Шарона сярод правых і левых у Ізраілі дастаткова блытанае. Адны ня могуць дараваць яму разьмежаваньня і выгнаньня дзясяткаў тысяч габрэяў і стварэньня, як сьледзтва, «філіі Халіфату» ў Газе, іншыя ўсё яшчэ памятаюць яго як «ястраба», рэзкага і агрэсіўнага праціўніка саступак палестынскім арабам. Ён, несумненна, зьяўляецца адной з самых значных ізраільскіх палітычных асоб, які некалькі разоў прайшоў шлях ад нацыянальнага героя да нацыянальнага расчараваньня.

Сёлета 2 студзеня сыны Шарона вырашылі спыніць працэдуры, накіраваныя на падаўжэньне жыцьця бацькі, але пакінулі яго падлучаным да апаратаў жыцьцезабесьпячэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG