Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры п’яных сьвятаў


Сама меней тры чалавекі ў Беларусі зьніклі за час калядных і навагодніх сьвятаў. Статыстыка зьнікненьняў можа павялічыцца, не выключаюць у міліцыі.

8 студзеня менская міліцыя завяла крымінальную справу аб зьнікненьні менчука Аляксандра Бязьдзеткі, які прапаў увечары 27 сьнежня пасьля навагодняга карпаратыву. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла жонка зьніклага Анастасія. Паводле яе, аб’явы ў мэдыях і інтэрнэце пра пошукі мужа пакуль не даюць выніку.

Чаму ў сьвяты часьцей бясьсьледна зьнікаюць людзі і якія прафіляктычныя захады трэба рабіць, каб пазьбегнуць бяды?

«Вельмі-вельмі дзіўна. Столькі людзей тады было на вуліцы, у тым раёне. Кажуць, у „Плянэце“ было 400 чалавек. Але ніхто нічога ня бачыў і ня памятае», — апавядае жонка зьніклага Аляксандра Бязьдзеткі Анастасія.

Паводле яе, муж раней меў праблемы з псыхікай пасьля ўжываньня алькаголю. Жанчына спадзяецца, што ўсё ж знойдзецца сьведка, які больш раскажа пра тое, што здарылася з Аляксандрам.

Адмыслоўцы зазначаюць, што шматлюдныя сьвяты нярэдка ствараюць перадумовы для зьнікненьня чалавека: калі людзі нападпітку ды іх вельмі шмат, то ўвага расьсейваецца, а потым мала хто можа аднавіць былыя падзеі і згадаць, што адбылося з тым ці іншым чалавекам з кампаніі. У прыватнасьці, пра Аляксандра Бязьдзетку сябры ўзгадалі толькі тое, што ён пайшоў з кавярні, каб, як ён сказаў, «шукаць мяжу з Казахстанам», дзе жыў да пераезду ў Беларусь.

Другі падобны выпадак — у Магілёве: таксама пасьля навагодняга карпаратыву зьнікла маладая жанчына. Сьведкі згадалі, што бачылі, як яна сядала ў невядомы аўтамабіль, а больш пра яе зьвестак не было да самага Новага году, калі нерухомае цела жанчыны знайшлі на вуліцы. Паводле першых дадзеных, яна замерзла, але сьледзтва мусіць высьветліць, ці не была гэтая сьмерць гвалтоўнай.

Ці можна прадухіліць падобныя здарэньні, калі чалавек ня ведае меры са сьпіртным? Нарколяг Уладзімер Максімчук мяркуе, што нецьвярозы чалавек — у пэўным сэнсе ўжо крыніца небясьпекі для сябе і для тых, хто навакол. Пры гэтым адмыслоўцы вылучаюць больш за 30 псыхічных хваробаў, зьвязаных з ужываньнем алькаголю. Пры некаторых зь іх піць зусім ці амаль нельга. Выпадак з Аляксандрам Бязьдзеткам, паводле Ўладзімера Максімчука, — з такіх, калі алькаголь увогуле ня варта было ўжываць. Нарколяг мяркуе, што шанцы знайсьці такога чалавека ўсё ж ёсьць:
Памяць можа зьнікаць ад 5 гадзін да 2 дзён. Але за гэты час чалавек можа ж невядома куды зайсьці

«Памяць можа зьнікаць ад 5 гадзін да 2 дзён. Але за гэты час чалавек можа ж невядома куды зайсьці. У якое сутарэньне ці яшчэ куды, яму ж холадна. Ён будзе хавацца. Таму трэба працягваць пошукі і верыць, што знойдзецца. Паціху сьвядомасьць вяртаецца, і чалавек сам будзе шукаць выйсьця. А ўвогуле гэта адна з формаў ап’яненьня».

Паводле міліцыі, алькаголю ў мінулыя сьвяты спажывалася ня меней, чым у ранейшыя гады. Статыстыка надзвычайных здарэньняў па-ранейшаму драматычная. Паводле начальніка ўправы правапарадку МУС Івана Кубракова, толькі ў навагоднюю ноч былі забітыя ў бытавых сварках 3 чалавекі, на пажарах загінула 56 чалавек. 17 беларусаў за навагоднія сьвяты загінулі ў аўтакатастрофах. Іван Кубракоў устрымаўся ад агалошваньня статыстыкі зьніклых за гэты пэрыяд. Паводле падпалкоўніка Кубракова, ня ўсе заявы людзей аб зьнікненьні сваякоў пацьвярджаюцца, і таму падлічваць рана. Каб чалавек не папоўніў сумную статыстыку зьніклых, Іван Кубракоў дае наступныя парады:

«Трэба рабіць усе захады бясьпекі. Калі вы некуды едзеце, паведаміце сваякам ці знаёмым, куды вы сабраліся. Другое — зарадзіце тэлефон, каб можна было вас адшукаць і вы б маглі пра сябе паведаміць. І не сядайце ў невядомы аўтамабіль, пазьбягайце такіх кантактаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG