Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка – трэці лішні ў новым «рамане» Масквы і Кіева?


Ці перакупіў Пуцін Украіну ў Эўропы? Колькі Кіеў атрымае і ад Брусэля? Ці азначаюць маскоўскія пагадненьні канец Майдану? Лукашэнка – трэці, які радуецца, ці трэці лішні на фоне маскоўскай шчодрасьці на адрас Украіны? На гэтыя тэмы Алена Радкевіч размаўляла ў эфіры «Свабоды» зь Юрыем Дракахрустам.

Радкевіч: Зьніжэньне цаны на газ на траціну і крэдыт 15 мільярдаў даляраў – пра гэтыя даброты, якія Расея дае Ўкраіне, заявіў сёньня Ўладзімер Пуцін падчас перамоваў зь Віктарам Януковічам. Ці азначае гэта, што Расея перакупіла Ўкраіну ў Эўразьвязу, купіла геапалітычны выбар Ўкраіны?

Дракахруст: Па вялікім рахунку – не. Па вялікім рахунку Расея фактычна аплаціла status quo, якое было прыкладна год таму. Украіна не зьяўляецца сябрам мытнага саюзу і мне здаецца, што ўкраінская апазыцыя дарма так палохала гэтым. У той сытуацыі, якая цяпер ёсьць ва Ўкраіне, Януковіч проста ня мог бы падпісаць адпаведнае пагадненьне. Камічна было назіраць, як не Януковіч, а Пуцін паведамляў, што яны ані слова не прамовілі пра мытны саюз з украінскім госьцем. Нібы гэта дурная хвароба. Расея аплаціла прамежкавы статус Украіны, які ў яе быў пэўны час таму. Пра гэтыя падарункі Пуцін насамрэч абвясьціў яшчэ два тыдні таму, калі сустракаўся ў Сочы з Януковічам пасьля вяртаньня апошняга з Кітаю. Як абяцаў, так і зрабіў. За імпэрыю даводзіцца плаціць. За яе прывід – таксама.

Радкевіч: Ці будзе зараз афіцыйны Кіеў гандлявацца і з Брусэлем, выставіўшы геапалітычны выбар краіны на таргі, спрабаваць атрымаць грошы і адтуль?

Дракахруст: Я мяркую, што будзе. Хаця грошы наўрад ці дадуць, там пазыцыя такая, што мы ня плацім за геапалітычную ляяльнасьць. Але я не выключаю, што пагадненьне аб асацыяцыі, магчыма, ва ўсечаным выглядзе, асацыяцыя-light паміж ЭЗ і Ўкраінай у бліжэйшы час будзе падпісаньне. Іншая справа, што ані Брусэль, ані Масква ня могуць выратаваць Кіеў ад неабходнасьці рабіць рэформы. Зараз далі вялікія грошы, каб заткнуць дзірку. Гэтую. Але без рэфармаваньня гэтая сытуацыя будзе паўтарацца раз за разам. І ці хопіць Януковічу таленту, як Лукашэнку, гадамі выпампоўваць з Расеі грошы – гэта пытаньне.

Радкевіч: На ваш погляд, як вынікі сёньняшніх расейска-ўкраінскіх перамоваў у Маскве паўплываюць на палітычны канфлікт ва Ўкраіне, ці дапаможа ён Януковічу ўтрымацца ва ўладзе?

Дракахруст: Яны, зразумела, будуць гэтаму спрыяць. Відавочна, што Пуцін сваім тлумачэньнем, што яны не гаварылі пра мытны саюз, гуляў на Януковіча, на тое, каб зьбіць майданныя настроі. І ў выніку, як распавяла наш карэспандэнт у Кіеве Аляксандра Дынько, пасьля абвяшчэньня вынікаў маскоўскіх перамоваў на Майдане адчувалася пэўная разгубленасьць.

Але гэтыя даброты ў асноўным будуць станоўча ўспрынятыя тымі ўкраінцамі, якія і бяз гэтых падарункаў на вуліцы не выходзілі. А на Заходнюю Ўкраіну, на значную частку Цэнтральнай, на тых, хто выходзіць на Майдан, гэта можа і не зрабіць вялікага ўражаньня. На вуліцу людзі выходзілі за каштоўнасьці. І гэты палітычны гандаль можа іх толькі раззлаваць. Прынамсі, ніадкуль не вынікае, што пасьля таго, як гэтыя грошы дадуць, Майдан задаволена разыйдзецца.

Мэтай Майдану была эўраінтэграцыя, а зараз ужо і адстаўка ўраду і прэзыдэнта. І не з прычыны, што яны ня могуць выбіць грошы з Масквы, а за карумпаванасьць і зьбіцьцё людзей. А гэтага расейскія падарункі ніяк не зьмянілі.

Радкевіч: Але ў пратэстоўцаў зараз менш падставаў патрабаваць адстаўкі менавіта Януковіча, які ўмудрыўся і цнатлівасьць захаваць, і грошы атрымаць.

Дракахруст: Ну зразумела ж, што ў такіх выпадках гаворыцца: што гэтыя грошы – гэта пастка, пятля на шыі ўкраінскага народу. Я мяркую, што пасьля невялікага пэрыяду разгубленасьці лідэры ўкраінскай апазыцыі знойдуць гэтыя формулы.

Радкевіч: Як сёньняшнія падарункі Ўкраіне паўплываюць на беларуска-расейскія адносіны? Лукашэнка на фоне гэтай маскоўскай шчодрасьці – трэці, які радуецца, ці трэці лішні?

Дракахруст: Лукашэнка цалкам натуральна можа адчуваць сябе лішнім на гэтым сьвяце славянскай дружбы. Здаецца невыпадковай ягоная ўчорашняя заява падчас атрыманьня даверчых грамат паслоў ЭЗ, што Беларусь гатовая зрабіць усё для паляпшэньня адносінаў з Эўропай. Можна прыгадаць і забаўную заяву міністра Макея на Віленскім саміце Ўсходняга партнэрства, што «ад Эўразьвязу ніхто не застрахаваны».

Паколькі жарсьць Пуціна зараз скіраваная пераважна на Ўкраіну, то афіцыйнаму Менску можа дастацца менш грошай, чым ён разьлічваў. І Лукашэнка такімі заявамі – сваімі і свайго міністра – спрабуе паказаць, што ня так ужо ён і завязаны на Маскву. Я не выключаю, што зараз афіцыйны Менск будзе калі не тэрмінова паляпшаць стусункі з Эўропай, то прынамсі дэманстраваць Маскве, што можа гэта зрабіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG