Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя адрэагавала на ідэю Севярынца вылучыць «адзінага» ў красавіку


Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі у 2007 годзе
Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі у 2007 годзе

Някляеў падтрымлівае. Вячорка лічыць, што вылучаць «адзінага» заўчасна, паколькі ў апазыцыі існуе стратэгічны раскол і трэба вызначыцца са стратэгіяй, а АГП не адмаўляецца ад праймэрыз

Някляеў: Патрэбны адзіны кандыдат, якога прызнаюць усе


Экс-кандыдат на прэзыдэнта Уладзімер Някляеў падтрымлівае ідэю вылучаць адзінага на Кангрэсе:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«Я яшчэ на тых выбарах, прэзыдэнцкіх выбарах 2010 настойваў, каб ад дэмакратычнай апазыцыі Беларусі ў выбарах удзельнічаў адзіны кандадыта. Я ўсё што мог зрабіў. Выйшла тое што выйшла».

Някляеў кажа, што ідэю Кангрэсу ўжо абмяркоўвалі зь Севярынцам ды іншымі лідэрамі палітычных рухаў і арганізацыяў.

«Мы прыйшлі да высновы, няма лепшага, чым апрабаваны мэханізм кангрэсу дэмакратычных сілаў. Усе іншыя мэханізмы не дадуць адзінства, якое прызнаюць усе дэмакратычныя сілы. Гэта значыць ня будзе легітымнасьці ў гэтага прадстаўніка. Бо тут пры нязгодзе некага ён ужо ня будзе адзіны»

На засьцярогі часткі апазыцыі, што дэлегатамі кангрэсу змогуць стаць толькі кандыдаты на мясцовых выбарах, Някляеў адказаў:

«Тыя, хто будуць удзельнічаць у гэтых выбарах, прапануюць сваіх дэлегатаў, а тыя, хто ня ўдзельнічае, прапануюць сваіх».

Вячорка: Найперш трэба вызначыцца з фарматам удзелу ў так званых выбарах


Сустаршыня аргкамітэту «Беларускага руху» Вінцук Вячорка ў інтэрвію Свабодзе падкрэсьліў, што вылучаць «адзінага» заўчасна, паколькі ў апазыцыі існуе стратэгічны раскол і трэба найперш вызначыцца з фарматам удзелу ў выбарах 2015 году, бо шмат што можа зьмяніцца:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
«Калі казаць пра Кангрэс у цэлым, то ў 2005 годзе кангрэс ужо вылучаў адзінага ці „паўадзінага“ кандыдата. Але цяпер у апазыцыі праходзіць выразная лінія расколу, і гэты раскол не праз амбіцыі, а паводле стаўленьня да рэжыму: ці магчымая яго лібэралізацыя, ці магчыма антыэўрапейскі рэжым уцягнуць у Эўропу, ці трактаваць Лукашэнку як абарону незалежнасьці... Мне здаецца, што паразуменьне паміж гэтымі плынямі немагчымае».

Паводле Вячоркі, еднасьць мусіць быць сярод тых, хто лічыць, што рэжым нерэфармавальны:
«І ўжо тады можна весьці размову пра фармат кампаніі 2015 году ды стратэгіі падрыхтоўкі да яе. Толькі тады, магчыма, вылучаць адзінага кандыдата. Нельга апрыёры закладаць, што гэта будзе клясычная выбарчая кампанія».

Вінцук Вячорка занепакоены, што ідэя Паўла Севярынца, каб дэлегатамі Кангрэсу сталі кандыдаты на мясцовых выбарах, адсячэ значную частку тых, хто ў так званых выбарах ня ўдзельнічае ці іх байкатуе. Яны не прызнаюць вынікаў такога Кангрэсу.
«Аргумэнтацыя тых, хто байкатуе, — вельмі ясная, яна знаходзіцца ў сугучнасьці з настроямі грамадзтва. Выбары ня маюць ніжняга парогу яўкі. Цяперашнія ўмовы выключаюць магчымасьці агітацыі ды кантролю за падлікам галасоў».

АГП не адмаўляецца праймэрыз


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
АГП разам зь іншымі партнэрамі па кааліцыі «Талака» схіляюцца да ідэі вылучэньня адзінага праз праймэрыз падчас мясцовых выбараў. Аднак ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч ня супраць Кангрэсу як запаснога варыянту:
«Цяжка сказаць наконт Кангрэсу. Калі будзе такая згода, і ў „Талакі“ не атрымаецца правесьці экспэрымэнт па вылучэньні надзінага кандыдата пры дапамозе больш шырокага кола людзей ў форме праймэрыз, то можа быць і такі варыянт. Праймэрыз быў бы лепшы, калі ён атрымаецца. Бо гэта ня група апазыцыйных лідэраў, а ўсё грамадзтва будзе выказвацца»

ПРАЦЯГ ТЭМЫ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG