Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя прадпрымальнікі страйкаваць?


Грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» адмоўлена ў арэндзе памяшканьня для правядзеньня сходу прадпрымальнікаў.

Сустрэчу меліся правесьці 25 лістапада, каб абмеркаваць новыя ўмовы, у якіх давядзецца працаваць гандлярам зь 1 сьнежня 2013 года. Ці будуць прадпрымальнікі працаваць у новых умовах, альбо гатовыя пратэставаць?

Урад краіны абвесьціў, што ад 1 сьнежня прадпрымальнікі маюць выконваць патрабаваньні тэхнічнага рэглямэнту Мытнага зьвязу, які тычыцца прадукцыі лёгкай прамысловасьці. Гандляры будуць абавязаныя мець сэртыфікаты якасьці і бясьпекі на адзеньне, абутак і іншыя тавары лёгкай прамысловасьці, што нашмат ускладняе іх працу. Ці гатовыя дробныя бізнэсоўцы адстойваць свае правы, цікаўлюся ў менскага прадпрымальніка Аляксандра Таўстыкі:

Аляксандар Таўстыка
Аляксандар Таўстыка
«Ня варта бегчы паперадзе цягніка: па-першае, мы абавязкова будзем чакаць гэтага дня і псыхалягічна мы да яго гатовыя. Шкада, што звычайна ў такіх сытуацыях церпяць выканаўцы — кантралёры і дробныя чыноўнікі. Яшчэ ёсьць час; спадзяюся, што нейкія разумныя рашэньні будуць прынятыя, бо і Лукашэнку ня трэба псаваць адносіны... А хочуць — няхай псуюць адносіны з прадпрымальнікамі і перад выбарамі ў мясцовыя саветы, і перад чэмпіянатам па хакеі — гэта іх праблемы. Прадпрымальнікі будуць сябе бараніць. Як гэта будзе выглядаць — пакажа час. Манэўраў у прадпрымальнікаў за гэты час назапашана шмат — ад нясплаты падаткаў да сыходу з рынку, — і гэта мае адбыцца па ўсёй краіне».

Пэрспэктывай новых умоваў працы абураныя і прадпрымальнікі ў рэгіёнах краіны. Сярод іншых — у Салігорску, як кажа мясцовы актывіст Аляксандр Цыцура. Аднак там зьмены маюць закрануць значна меншую колькасьць працаўнікоў, чым у Менску і буйных гарадах, таму ў сваіх дзеяньнях мясцовыя гандляры традыцыйна арыентуюцца на сталіцу. Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль кажа:

«Колькасьць прадпрымальнікаў, якія падпадаюць пад гэтае распараджэньне, бо гандлююць адпаведнымі таварамі, нашмат паменшылася. Думаю, што гэтым разам будзе як заўсёды: калі ў сталіцы будзе арганізаваны супраціў, дык адсюль таксама будуць накіраваныя людзі. Нехта прыме ўдзел паводле ўласнай ініцыятывы, але колькі іх будзе і ці наогул будуць — мне, да прыкладу, цяжка сказаць».

«Улады не настроеныя на перамовы па пытаньнях пра новыя ўмовы працы для гандляроў. Адзін з прыкладаў таму — сёньняшняя адмова грамадзкай арганізацыі „Пэрспэктыва“ ў арэндзе памяшканьня для сходу прадпрымальнікаў», — кажа лідэр арганізацыі Анатоль Шумчанка. Аднак магчымасьць акцыяў пратэсту будзе залежыць выключна ад ініцыятывы зьнізу, кажа спадар Шумчанка:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка
«Сёньня ўлады чакаюць нейкага арганізаванага пратэсту, нават штурхаюць да яго — складаецца такое ўражаньне. Але мы ў сваю чаргу кажам, што гэта вельмі вялікая паслуга і раскоша, якую мы можам зрабіць уладзе. Яна падрыхтуецца, зробіць справаздачу: маўляў, гэты пасаджаны, гэтыя выйшлі на вуліцу — яны ворагі, і гэтак далей. Не. Грамадзтва павіннае сасьпець, улада павінная адказваць за свае ўчынкі. Калі ўлады лічаць, што яны могуць прыйсьці і забраць у людзей тавар ці абкласьці штрафам, і ўсё гэта пройдзе спакойна, дык няхай прыходзяць і робяць гэта. Калі грамадзтва лічыць, што можа абараніць сябе і адстаяць, дык так яно і будзе. Мы хочам, каб людзі бачылі дзеяньні ўладаў: іх рашэньні і іх крокі».

Акрамя пытаньня што рабіць, прадпрымальнікі і актывісты прадпрымальніцкага руху абмяркоўваюць таксама пытаньне, навошта ўлады робяць новы наступ на гандляроў. «Каб вырашыць свае палітычныя пытаньні — як адзін зь верагодных адказаў прапаноўваюць прадпрымальнікі Барысава», — кажа мясцовы актывіст Міхаіл Васільеў. Магчыма, што пратэстных акцыяў і не спатрэбіцца — урад адкліча свае рашэньні, кажа спадар Васільеў:

Міхаіл Васільеў
Міхаіл Васільеў
«Усяму гэтаму папярэднічала выказваньне Сямашкі пра тое, што нам ня выгадны Мытны зьвяз, а пасьля Пракаповіч выказаўся аб прадпрымальніках. І зараз спрабуюць хваляваць прадпрымальнікаў, а ў выніку пададуць гэта так, што ў нас людзі незадаволеныя Мытным зьвязам і ўмовамі працы паводле ягоных правілаў. У выніку ўсё будзе „адкручанае“ назад, як і плянавалася на 1 ліпеня 2014 года. Але ў будучыні гэтыя прадпрымальніцкія пратэсты стануць аргумэнтам у гандлі паміж Беларусьсю і Расеяй».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG