Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі лічаць, што ўлады змовіліся з алігархамі


На гарадзенскім рынку "Цэнтральны"
На гарадзенскім рынку "Цэнтральны"
Бальшыня прадпрымальнікаў на рынках Гарадзеншчыны не арыентуюцца, якія дакумэнты ў іх павінны быць для пацьверджаньня якасьці іх тавару згодна з патрабаваньнямі тэхрэгляманту Мытнага зьвязу. А тэхрэглямант зьбіраюцца ўводзіць нібыта з 1 сьнежня.

Нядаўняя заява віцэ-прэм’ера Беларусі Пётра Пракаповіча, што патрабаваць сэртыфікаты, якія пацьвярджаюць якасьць прадукцыі, прапанаванай на рынку, і караць за іх адсутнасьць улады пачнуць зь 1 сьнежня, шакавала гандляроў.

Ужо на мінулым тыдні Гарадзенская дзяржаўная інспэкцыя Дзяржстандарту пачала масштабны маніторынг на рынках вобласьці сярод прадпрымальнікаў, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасьці.

На рынку ў Горадні
На рынку ў Горадні


Агучаныя дадзеныя не суцяшаюць: на 23 рынках з 28 у вобласьці каля 75% гандляроў нават не арыентуюцца, якія дакумэнты ў іх павінны быць для пацьвярджэньня якасьці іх тавару згодна з патрабаваньнямі тэхрэгляманту Мытнага зьвязу. 15% не прадстаўляюць пакупнікам ніякай інфармацыі пра тавар, а некаторыя наагул вывесілі шыльдачкі: «Тавар несэртыфікаваны».

Сёньня я на гарадзенскім рынку «Цэнтральны» цікаўлюся ў гандляроў ці гатовыя яны зь 1 сьнежня прадставіць сэртыфікаты на свой тавар.

Спадар: «Я з першага працаваць ня буду, бо па гэтых правілах дакумэнты зрабіць немагчыма. Я бяру тавар у аптавіка ў Менску, а яны прывозяць з Масквы, там ім таксама ніхто не дае ніякага сэртыфікату, то адкуль яго магу ўзяць я...».

Да размовы далучаецца спадарыня, якая гандлюе курткамі і швэдрамі:

Спадарыня: «Калі б мы маглі зрабіць дакумэнты, якія ад нас патрабуюць, то мы б з задавальненьнем іх зрабілі б. Але мы не разумеем — чаго ад нас патрабуюць. Мы фізычна ня можам зрабіць тое, што нам прапаноўваюць. Бізнэс у нас і так цяпер ня вельмі ідзе, а што з намі будзе далей..., невядома».

Да нас далучаюцца яшчэ дзьве гандляркі і кажуць, што сытуацыя іх вельмі палохае, паколькі яны рэальна баяцца страціць працу і магчымасьць зарабляць на сям’ю.

Першая спадарыня: «Ну вось мы стаім і наагул ня ведаем, што рабіць далей, як быць. Мы наагул у разгубленасьці, мы папросту спынім працу і ўсё».

Іншая спадарыня: «А як жыць? Мы ня ведаем як далей жыць. Мы ўжо усе разам тут думалі што рабіць — будзем напэўна з’яжджаць за мяжу і шукаць там працу, бо на нашыя заводы ніхто ня пойдзе, яны там і так на каленках стаяць. Ну куды тут ісьці працаваць? І галоўнае, што нам тут не прапаноўваюць ніякага выйсьця, толькі цьвердзяць: трэба і ўсё. Але мы ня тое, што ня хочам гэтых сэртыфікатаў, іх немагчыма атрымаць».
Некаторыя гандляры перакананыя, што ўлады наўмысна ўводзяць такія правілы, каб ачысьціць канкурэнцыю для набліжаных алігархаў, якія апошнім часам актыўна адкрываюць вялікія супэрмаркэты.

Яшчэ адзін спадар дадае, што разам зь сябрамі хадзілі ў дзяржаўныя ўстановы, спрабавалі дамагчыся, каб ім параілі як і дзе браць гэтыя сэртыфікаты.

Спадар: «Але высьветлілася, што дзяржаўныя службы таксама толкам нічога пакуль аб гэтым ня ведаюць».

Некаторыя гандляры перакананыя, што ўлады наўмысна ўводзяць такія правілы, каб ачысьціць канкурэнцыю для набліжаных алігархаў, якія апошнім часам актыўна адкрываюць вялікія супэрмаркэты. Адзін зь іх дадае, што выкананьня ўмоў тэхнічнага рэгляманту Мытнага зьвязу патрабуюць толькі ад прадпрымальнікаў Беларусі.
Яшчэ адна спадарыня лічыць, што такім стаўленьнем улада папросту хоча выцягнуць з прадпрымальнікаў дадатковыя грошы, якіх зараз не стае ў бюджэце

Спадар: «Я зараз пра Казахстан хачу сказаць, бо ў мяне там радня жыве. Малы бізнэс там наагул ніхто не чапае. Вось села на самалёт, паляцела ў Турцыю, потым вяртаецца, заплаціла падатак па кіляграмах і ніякіх накладных, сэртыфікатаў. Бярэш сама і глядзі, каб браку не было, бо інакш дрэннае возьмеш і не прадасі».

Яшчэ адна спадарыня лічыць, што такім стаўленьнем улада папросту хоча выцягнуць з прадпрымальнікаў дадатковыя грошы, якіх зараз не стае ў бюджэце.

Спадарыня: «Хіба ў нас на нешта ў Беларусі глядзяць? Вось патрэбныя зараз грошы і іх трэба ўзяць любым спосабам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG