Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быкоўскі: «Атрымліваецца набор цікавых лёзунгаў для правядзеньня палітычнай кампаніі»


Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі
Рух за Свабоду і БНФ вызначыліся з пытаньнямі, якія яны хочуць прапанаваць у рамках кампаніі «Народны рэфэрэндум». Сярод пытаньняў — прамыя выбары кіраўнікоў мясцовай улады, ня болей за два тэрміны прэзыдэнцтва для адной асобы, курс на інтэграцыю з Эўразьвязам, разьмяшчэньне ваенных базаў іншых краінаў у Беларусі ды іншыя. Ці можна сказаць, што ініцыятары кампаніі выбралі менавіта тыя пытаньні, якія цяпер найперш хвалююць беларускае грамадзтва? Якія пэрспэктывы ў кампаніі «Народны рэфэрэндум», як улады могуць рэагаваць на яе правядзеньне? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты« Белорусы і рынок» Паўлюк Быкоўскі.

— Ініцыятары «Народнага рэфэрэндуму» прадставілі грамадзтву тыя пытаньні, якія яны прапануюць вынесьці на рэфэрэндум. Наколькі ўдалыя, на вашую думку, гэтыя пытаньні з пункту гледжаньня іхняй прыцягальнасьці для большасьці насельніцтва?

— Тут ёсьць пэўны элемэнт маніпуляцыі, бо рэальна гэта кампанія мабілізацыйная, але не кампанія правядзеньня рэфэрэндуму. Некаторыя з гэтых пытаньняў выглядаюць папулярнымі для насельніцтва (напрыклад, гандлёвая зона з Эўразьвязам) і могуць атрымаць падтрымку. Што тычыцца мясцовага самакіраваньня, то гэта не выглядае вельмі надзённым для большасьці. Тут ёсьць пэўны кірунак працы, і калі гэтыя структуры пачнуць займацца асьветніцкай працай, тлумачыць, чаму варта выбіраць мясцовую ўладу, кантраляваць, куды ідуць грошы ў мясцовых і нацыянальным бюджэтах — то гэта дастаткова важна, але ня ёсьць тым пытаньнем, якое хвалюе большасьць.

Што тычыцца зьмяншэньня платы за ўязныя візы ў Беларусь грамадзянам Эўразьвязу — то наўрад ці гэта кагосьці хвалюе ў самой Беларусі. Што да памяншэньня кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў — гэта ня тое, з чым спрачаюцца самі беларускія ўлады. Прынамсі, на словах прадстаўнікі МЗС Беларусі кажуць, што яны вядуць перамовы на гэты конт.

Усё разам атрымліваецца набор цікавых лёзунгаў для правядзеньня палітычнай кампаніі. Я лічу, што гэта кампанія мабілізацыйная, пад будучыя мясцовыя выбары, прэзыдэнцкія выбары. Гэта дае магчымасьць зьвяртацца да насельніцтва, і тлумачыць, што канкрэтна гэтыя палітыкі робяць і зьбіраюцца рабіць у Беларусі.

— Як можна ацаніць пэрспэктывы «Народнага рэфэрэндуму»? Як на гэтую кампанію пачнуць рэагаваць улады?

— Я думаю, што на пытаньні геапалітычнага выбару (Эўразьвяз, замежныя базы) будзе зьвяртацца дастаткова вялікая ўвага. Але гэта будзе залежаць ад таго, ці будуць гэтыя дзеяньні актыўныя, вулічныя ці проста акадэмічныя дыскусіі. Мы ведаем, што ўдзельнік індывідуальнага пікету супраць расейскай базы адразу быў пакараны. А тое, што ў інтэрнэце ўсе выказваюцца супраць вайсковых базаў — то на гэта ніякай рэакцыі няма. Таму, я думаю, улады будуць выбарачна рэагаваць на гэтую дзейнасьць.

Што да выніковасьці «Народнага рэфэрэндуму», то я нагадаю, што лідэры тых структураў, якія яго распачалі, не выказвалі асаблівага спадзяваньня, што атрымаецца прымусіць дзяржаўныя органы Беларусі правесьці рэфэрэндумы на гэты конт, і яны такую мэту ня ставілі за абавязковую. Таму калі падсумаваць, то кампаніяй «Народны рэфэрэндум» мэта мабілізацыі прыхільнікаў можа быць дасягнута, а мэта зьмяненьня заканадаўства — наўрад ці.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG