Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бамжы вяртаюцца ў гарады


Месца прытулку Эдуарда ды Натальлі
Месца прытулку Эдуарда ды Натальлі
З набліжэньнем зімы ў гарадах паболела людзей бяз сталага жытла. Гэтак званыя бамжы вяртаюцца зь сельскай мясцовасьці, каб перачакаць у гарадах халады. Прытулак яны знаходзяць найчасьцей упад’ездах, падвалах, цеплатрасах ды на вакзалах. Бадзягі зьбіраюць бутэлькі, здаюць мэталалом, жабруюць — з гэтага і жывуць.

Бамжоў на магілёўскіх вуліцах становіцца больш увечары, калі кантэйнэры для сьмецьця перапаўняюцца. На сьметніках і шукаюць прыдатнае для сваіх патрэбаў бадзягі. Удзень некаторыя зь іх таўкуцца на базарах. Спрабуюць прадаць тое, што знайшлі напярэдадні ў тых кантэйнэрах. Некаторыя шыбуюць на нарыхтоўчыя пункты здаваць сабраную макулятуру, мэталалом ды бутэлькі.

Эдуард і Натальля знайшлі сабе прытулак у спальным раёне. Эдуарду 76 гадоў, Натальлі — 35. Ля кантэйнэраў са сьмецьцем яны палуднуюць. Каля іх праводзяць большую частку дня. Начуюць у падвале. Эдуард кажа, што бамжуе зь сёлетняй вясны.

«Я паўгода праляжаў у бальніцы з нагамі. Пад машыну трапіў. Прыехаў — сястра памерла. Пляменьнік дом прадаў і зьехаў некуды. Мяне выпісаў. У мяне дакумэнт ёсьць з бальніцы. Міліцыя кажа, што памрэш — мы цябе забяром у морг. Вось гэтак мучуся. Памерці б хутчэй. Староньнія людзі слоік супу прынясуць. Гарбаткі прынясуць».
Эдуард паказвае гарбату, якую прынесьлі яму людзі
Эдуард паказвае гарбату, якую прынесьлі яму людзі

У Эдуардавай спадарожніцы Натальлі ёсьць сваякі ў вёсцы. Жывая маці. Час ад часу езьдзіць да іх, але вяртаецца ў горад. Кажа, што з хаты выганяюць. Жыве ў горадзе і брат, але і зь ім нелады. Натальля мае заробак — прыбірае ў краме.

«Во толькі што прыйшла. На бутэльку чарніла зарабіла. На паесьці таксама зарабіла. Бутэлькі нам трапляюцца. Жалезьзе якое, чармэт. Носім здаём», кажа Натальля.

На пытаньне, як ставяцца да іх людзі, Эдуард і Натальля даюць адзін і той жа адказ — па-рознаму ставяцца:

«Іншыя і пагарджаюць, але лёс у кожнага можа стаць такі, як у нас. Лёс так складзецца. З усімі такое можа стацца. Гэта дужа цяжка — пераносіць такі лёс».
Натальля
Натальля

За нашай гутаркай з Эдуардам і Натальляй назірае жанчына, якая высыпала сьмецьце ў кантэйнэр. Пытаюся ў яе, як яна ставіцца да суседзтва з бадзягамі:

«Мне вось жанчыну шкада. Ёй жа гадоў трыццаць, трыццаць два. Жаль. Больш нічога няма. Пагарды няма, але шкадоба ёсьць. Вось тут яны былі зрабілі такі дом. Канапу нехта выкінуў, дык яны сабе ўзялі. Але, з другога боку, ня дужа прыемна падыходзіць сюды, да сьметніцы».

Шасьцідзесяцігадовы Генадзь удзень жабруе ля царквы. За гадзіну нажабраваў крыху больш як тры тысячы рублёў. Улетку два тыдні, кажа, пасьвіў каровы ў Чавускім раёне. Далі за працу дваццаць тысяч рублёў. Потым прывезьлі ў горад і кінулі. Калі маці памерла, то кватэру, прызнаецца, страціў, бо яго жулікі ашукалі.

«Я цяпер інвалід, куды я пайду? Я туляюся па вуліцы. На кардонцы сплю на аўтавакзале. Адтуль не праганяюць. Холадна, вядома, але што рабіць? Даюць во тут капейчыну. На хлеб які. Не, я віна ня п’ю. Хоць чаю папіць якога», — апавядае пра сваё жыцьцё Генадзь.
Генадзь ля царквы
Генадзь ля царквы

Пра тое, што бамжоў на вуліцах гораду з набліжэньнем зімы паболела, кажуць і сьмецяры, якія сутыкаюцца зь імі штодня. Вось што кажуць пра бадзягаў сьмецяры ў адным са сквэраў гораду:

«Яны шукаюць цёплыя месцы сабе ў дамах, дзе ёсьць доступ у падвалы, на паддашак. Яны сюды раней за нас прыходзяць. Тут нават лаўкі падзеленыя. Вось вы прыйдзіце сюды раніцай, у чатыры, пяць гадзін. Паспрабуй зайсьці на чужую тэрыторыю. Усе сьметніцы, усе лаўкі падзеленыя. Яны прыходзяць сюды і „шарсьцяць“ тут. Гэта іхны дом. Во каб іх завезьці куды, даць працу, няхай на харчаваньне працуюць. Але што яны, працаваць хочуць? Яны ж прывыклі да сьметніц. Вядома ж, трэба ачышчаць ад іх горад, каб ён чыстым быў. На раёны вывезьці, каб цялятаў якіх глядзелі».
Во каб іх завезьці куды, даць працу, няхай на харчаваньне працуюць. Але што яны, працаваць хочуць?

Мінакі на вуліцах гораду таксама заўважаюць павелічэньне колькасьці бадзягаў. Тлумачаць гэта па-рознаму:

Спадар: «Заробак маленькі. Толкам ніхто ня хоча працаваць. Кожны выжывае як можа. Хто бутэлькі зьбірае, хто што. Таму я лічу, што іх стала болей. Дайце нармальны заробак, і ўсё будзе нармальна».

Спадар: «Жыць стала цяжэй. Раней прымушалі працаваць, а цяпер не прымушаюць. Людзі апускаюцца. Бамжуюць. У пад’ездах жывуць».

Спадарыня: «Трэба цэны рабіць меншыя, каб пазбавіцца ад бамжоў. Людзі банкрутамі становяцца і ператвараюцца ў бамжоў».

Колькі ў Магілёве бамжоў, высьветліць не ўдалося. Кожную зіму пра сьмерць бадзягаў даводзіцца чуць і з афіцыйных крыніцаў. Гэтыя людзі мерзнуць, труцяцца альбо гінуць у пажарах. Наракаюць бамжы на замкнёныя пад’езды ды недаступныя падвалы. Падкормліваюць іх праваслаўныя і каталіцкія прыходы, дабрачынныя грамадзкія арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG