Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаміны-забойцы


Экспэрты па харчаваньні сьцьвярджаюць, што ўсё, што нам трэба, можна знайсьці ў звычайнай дыеце. Прадстаўнікі фармацэўтычнай прамысловасьці, абапіраючыся на гістарычны досьвед, сьцьвярджаюць, што звычайныя прадукты ня ўтрымліваюць усяго патрэбнага, і што нам яшчэ трэба вітамінныя дадаткі.

Навуковыя досьледы пацьвярджаюць хутчэй пазыцыю экспэртаў па харчаваньні, чым прамыслоўцаў, пераконвае нас амэрыканскі часопіс The Atlantic.

10 кастрычніка 2011 году дасьледчыкі з Унівэрсытэту Мінэсоты выявілі, што жанчыны, якія прымалі мультывітамінныя дадаткі, паміралі часьцей, чым тыя, хто гэтага не рабіў. Праз два дні дасьледчыкі з Кліўлендзкай клінікі выявілі сярод мужчын, якія прымалі вітамін Е, павышаную рызыку разьвіцьця раку прастаты.

Гэтыя вынікі не былі новымі. У сямі папярэдніх дасьледаваньнях навукоўцы даказвалі, што вітаміны павышаюць рызыку раку і хвароб сэрца ды скарачаюць жыцьцё. Тым ня менш у 2012 годзе больш за палову ўсіх амэрыканцаў прымала некаторыя формы вітамінных дадаткаў.

Паводле амэрыканскага часопіса, захапленьне чалавецтва вітаміннымі дадаткамі выклікаў адзін чалавек, славуты амэрыканскі хімік, біяхімік і актывіст руху абароны міру Лайнус Полінг (1901-1994), які атрымаў Нобэлеўскую прэмію па хіміі (1954), Нобэлеўскую прэмію міру (1962) і Ленінскую прэмію «За ўмацаваньне міру між народамі» (1970).

Пераломны момант у жыцьці Полінга наступіў у сакавіку 1966 году, калі ён, паводле The Atlantic, паслухаў парады аднаго доктара-шарлатана, які рэкамэндаваў яму прымаць вітамін С, дзякуючы якому ён нібыта зможа жыць як мінімум на 25 гадоў даўжэй, чым людзі, якія гэтага вітаміну не прымаюць.

Полінг паслухаў гэтай парады. «Я пачаў адчуваць сябе больш жвавым і здаровым. У прыватнасьці, зьніклі цяжкія прастуды, ад якіх я пакутаваў некалькі раз на год цягам усяго жыцьця», — казаў ён журналістам.

У 1970 годзе Полінг апублікаваў кнігу «Вітамін С і прастуда», заклікаючы грамадзкасьць прымаць 3000 мг вітаміну С кожны дзень (прыкладна ў 50 разоў болей, чым рэкамэндаваная лекарамі дзённая норма). Кніга Полінга імгненна стала бэстсэлерам і шмат разоў перавыдавалася. Да сярэдзіны 1970-х гадоў 50 мільёнаў амэрыканцаў рэгулярна прымалі вітамін С, як параіў ім Полінг.

І хоць навуковыя дасьледаваньні раз-пораз даказвалі, што ніякага істотнага ўплыву на вылечваньне прастуды вітамін С ня мае, людзі слухаліся Полінга.

Затым Лайнус Полінг павысіў стаўкі. Ён пачаў сьцьвярджаць, што вітамін С ня толькі прадухіляе прастуду, але і вылечвае рак.

Гэтага меркаваньня таксама не пацьвердзілі ніякія навуковыя досьледы, але навукоўцам спатрэбілася значна больш часу і працы, каб урэшце выкінуць гіпотэзы Полінга на сьметнік і супрацьстаяць рэклямнаму дыктату фармацэўтычных кампаній, якім няспраўджаныя меркаваньні амэрыканскага хіміка і абаронцы міру наганялі вялізныя грошы ў кішэні з продажу вітамінных дадаткаў.

У траўні 1980, падчас інтэрвію ва Ўнівэрсытэце штату Арэгон, Лайнуса Полінга спыталі: «Ці вітамін C ня мае ніякіх пабочных наступстваў пры доўгатэрміновым выкарыстаньні?» Адказ Полінга быў хуткі і вырашальны. «Не» — адказаў ён. Празь сем месяцаў пасьля гэтага ягоная жонка памерла ад раку страўніка. А сам Лайнус Полінг памёр ад раку прастаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG