Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаў: ПМК перайшла ў наступ на незалежную газэту «Вольны горад»


29 жніўня Крычаўскі раённы суд пачаў разгляд грамадзянскай справы супраць незалежнай газэты «Вольны горад».

Чэрыкаўская перасоўна-мэханізаваная калёна № 280 вінаваціць журналістаў у дыскрэдытацыі кіраўніцтва прадпрыемства і падрыве дзелавой рэпутацыі.

Падставай для судовай спрэчкі стала публікацыя ў газэце «З абвяржэньнем пачакаем...».

У ёй сьцьвярджаецца, што з двума працаўнікамі прадпрыемства, якія выступалі сьведкамі на разглядзе ранейшай справы ПМК супраць «Вольнага гораду», не былі заключаныя працоўныя кантракты, што парушае працоўнае заканадаўства. Як заяўляюць журналісты, пра гэта нібыта стала вядома ад саміх працаўнікоў, калі тыя давалі суду тлумачэньні.

Паводле ж кіраўніцтва ПМК, зьвесткі, апублікаваныя ў газэце, не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Сёньня адбылося папярэдняе слуханьне па справе. На ім рэдактар газэты Сяргей Няроўны высьветліў, што супраць «Вольнага гораду» ў Крычаўскі суд прыйшоў яшчэ адзін пазоў. Паводле журналіста, пазоўнікамі гэтым разам выступаюць двое працаўнікоў ПМК, якія згадваліся ў публікацыі «З абвяржэньнем пачакаем...»

Сяргей Няроўны
Сяргей Няроўны
«Завуць іх Конеў і Байгола, сталяр і тынкоўшчыца. Яны хочуць кампэнсацыі маральнай шкоды на суму 16 мільёнаў рублёў — па 8 мільёнаў кожнаму. Яны абразіліся, што мы пра іх напісалі, што яны ня маюць працоўных кантрактаў. А яны, як вынікае з пазову, іх маюць», — кажа Сяргей Няроўны.

Як заяўляе журналіст, з пазовам работнікі пасьпяшаліся, бо разгляд цяперашняй справы мае высьветліць, ці былі зь імі заключаныя працоўныя кантракты. Сяргей Няроўны заяўляе:

«Калі я даведаўся пра чарговы пазоў, то выснаваў, што супраць „Вольнага гораду“ распачалі фінансавую і псыхалягічную вайну. За гэтым усім, пэўна ж, стаіць уладная вэртыкаль Чэрыкаўскага раёну. Рукамі ПМК нам хочуць закрыць рот — зьнізіць напал крытычных публікацыяў пра сытуацыю ў раёне. Яны мяркуюць, што, выйграўшы першы суд, яны знайшлі спосаб, як з намі змагацца. Цяпер нам выстаўляюць фінансавыя прэтэнзіі. 16 мільёнаў — гэта сума значная».

17 чэрвеня Крычаўскі раённы суд па першым пазове ПМК супраць «Вольнага гораду» вынес пастанову на карысьць пазоўніка. Тады нагодай для суду сталася публікацыя «Прыгонныя». У ёй гаварылася пра затрымку выплат заробкаў на прадпрыемстве. У артыкуле кіраўніцтва ПМК угледзела спробу журналістаў дыскрэдытаваць ня толькі адміністрацыю прадпрыемства, але і раённую вэртыкаль улады.

Неўзабаве Чэрыкаўскае ПМК зноў зьвярнулася ў Крычаўскі суд. Цяпер ужо з прэтэнзіямі па публікацыі «З абвяржэньнем пачакаем...». Сёньня судзьдзя Антаніна Качанава ўзгадніла пазыцыі бакоў. Прадстаўнікі ПМК свае прэтэнзіі падтрымалі, а «Вольны горад» зь імі не пагадзіўся. Суд адновіць слуханьні па справе 18 верасьня.

І па першым, і па другім пазовах кіраўніцтва ПМК не выстаўляла да журналістаў фінансавых прэтэнзіяў, а толькі прасіла суд, каб той прызнаў апублікаваныя зьвесткі несапраўднымі і абавязаў «Вольны горад» надрукаваць абвяржэньне. Адно зь іх — па публікацыі «Прыгонныя» — мае выйсьці ў бліжэйшых нумарах газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG