Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаў: ПМК працягвае судовую цяганіну зь незалежнай газэтай


Belarus -- Svaboda travel to Kryčaŭ (Krychau), 08Feb2011
Belarus -- Svaboda travel to Kryčaŭ (Krychau), 08Feb2011

Чэрыкаўская перасоўна-мэханізаваная калёна № 280 працягвае судовыя цяжбы зь незалежнай газэтай з Крычава «Вольны горад».

Крычаўскі раённы суд, не пасьпеўшы разгледзець пазоў ад ПМК з чарговымі абвінавачаньнямі на адрас журналістаў у дыскрэдытацыі кіраўніцтва прадпрыемства і падрыве дзелавой рэпутацыі, атрымаў чарговую скаргу з прэтэнзіямі.

Гэтым разам ПМК праз суд намагаецца спагнаць з «Вольнага гораду» 900 тысяч рублёў выдаткаў, якія, як сьцьвярджаецца, панесла прадпрыемства ў выніку разгляду першай справы супраць выданьня. У пазове пазначана, што ПМК мусіла наняць адваката, каб той прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі. Яго паслугі абышліся прадпрыемству ў 600 тысяч рублёў. Яшчэ трыста тысяч — дзяржаўная пошліна.

Нагодай для першага пазову стала публікацыя «Прыгонныя». 17 чэрвеня Крычаўскі суд вынес у гэтай справе пастанову на карысьць ПМК і абавязаў журналістаў надрукаваць абвяржэньне непраўдзівых, як гаварылася ў судовым рашэньні, зьвестак. Журналісты, у сваю чаргу, абскардзілі гэтае рашэньне ў абласным судзе. Разгляд прызначаны на 28 жніўня.

Рэдактар газэты Сяргей Няроўны лічыць, што паводле закону ПМК мае права зьвяртацца з прэтэнзіямі аб спагнаньні выдаткаў у суд, аднак лічыць, што тут пытаньне не ў грашах:

«Калі б мы надрукавалі адразу абвяржэньне, як пастанавіў суд, то наўрад ці ПМК згадвала б тыя выдаткі. Мы ж зьвярнуліся ў абласны суд з абскарджаньнем пастановы раённага суду. Мы разумеем, што ПМК тут выканаўца, мясцовая ўлада падказвае, што рабіць кіраўніцтву прадпрыемства супраць нас. Нас трымаюць у напружаньні. Усё гэта робіцца мэтанакіравана, каб не было публікацыяў у нашай газэце з крытыкай Чэрыкаўскага райвыканкаму».

У невялікім артыкуле «Прыгонныя» гаварылася пра затрымку выплат заробкаў працаўнікам ПМК. Як сьцьвярджаюць журналісты, пра гэта паведаміла ў газэту жонка аднаго з працаўнікоў. У публікацыі кіраўніцтва ПМК угледзела спробу журналістаў дыскрэдытаваць ня толькі адміністрацыю прадпрыемства, але і раённую вэртыкаль улады.

Неўзабаве пасьля суду па «Прыгонных» ПМК зьвярнулася ў Крычаўскі суд з чарговай скаргай. У ёй за подпісам начальніка прадпрыемства Аляксея Фралова сьцьвярджалася, што журналісты публікацыяй «З абвяржэньнем пачакаем…» зноў замахнуліся на дыскрэдытацыю і падрыў яе дзелавой рэпутацыі. Гэтым разам раённая вэртыкаль улады ў пазове ня згадвалася.

У артыкуле «З абвяржэньнем пачакаем…» сьцьвярджаецца, што з двума працаўнікамі прадпрыемства, якія выступалі сьведкамі на разглядзе ранейшай справы ПМК супраць «Вольнага гораду», не былі заключаныя працоўныя кантракты, што парушае працоўнае заканадаўства. Паводле пазоўнікаў, зьвесткі, апублікаваныя ў газэце, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Гэтую спрэчку Крычаўскі суд мае разгледзець 29 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG