Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вольны Крычаў годна пройдзе і праз гэтае палітычнае пахаладаньне…»


Расьцягнуты на 14 км уздоўж Сажа, Крычаў сустрэў мяне, нібы як і 5 год таму, у часе апошняй вандроўкі. Насупраць чыгуначнага вакзалу гэтак жа праглядаліся абрысы 10-гадовай даўніны агромністай лужыны дыямэтрам на дзясяткі мэтраў, з-за якой мясцовыя называюць горад яшчэ й «марскім портам».

Чыгунны Ленін у цэнтры цягнуўся традыцыйна ўскінутай рукой да праваслаўнага храма Ўваскрэсеньня Гасподняга. Аднак, паводле апошняга, трэцяга Міжнароднага эканамічнага форуму, я ўехаў у «найлепшы для бізнэсу горад Беларусі з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек». Дый пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў сустрэў іншых крычаўцаў. У нумар гатэлю мы зайшлі разам з маім добрым знаёмым, рэдактарам папулярнай тут незалежнай газэты Сяргеем Няроўным. Відаць, пазнаўшы яго, праз колькі хвілін у дзьверы пастукала кабета сярэдняга веку. Да крызы спадарыня Людміла была індывідуальнай прадпрымальніцай, цяпер — пакаёўка ў гатэлі. Мы слухалі яе, разумеючы, што гэта — крык душы.

Людміла: «Усе мае знаёмыя, сябры — ніхто не галасаваў за Лукашэнку. Як так можна было прайсьці?!»

Карэспандэнт: «Люда, чым вам у асобна ўзятым крычаўскім жыцьці перашкаджае Лукашэнка?»

Людміла: «Таму што няма заробку — даюць толькі на „маршрутку“ і чорны хлеб. У мяне было 330, дабавілі — 350. Яшчэ — праўды няма ў ніводнай газэце, па ТБ. У нас усё гладка-добра. У газэце партрэт — усьміхаецца, глядзець праціўна — наш мэр Пракопаў, сваяк Батуры. Усё павязана, крадзіце далей. Пазорышча — як сын Лукашэнкі па тэлевізары сядзеў на залатым запасе, як на сваім. Людзі працуюць у Маскве 50%, таму што няма заробкаў. Пэнсіянэры ж сабе адзеньне нават не купляюць, маці мне з пэнсіі дапамагае. Кватэры недаступныя, каб купіць. Мая дачка была на сходзе ў выканкаме — аднапакаёвая кватэра 156 млн. І 50 млн трэба адразу ўнесьці — дзе іх узяць?! Мужчына выступіў — „сказалі, што ёсьць ільготныя крэдыты“. Што яму адказалі — „перагледзьце свой імідж“! Ён паслаў іх і пайшоў. А як з Масквы нашы дзеці, мужы не прыяжджаюць — то зваліўся, то абарваўся. Сем’і маладыя распадаюцца, ня вытрымае гэтага хлопец і скончыць жыцьцё самагубствам. У мяне сын так загінуў — я сына пахавала ў 28 год. Адзіная газэта, якая піша праўду — гэта „Вольны горад“!»

«Вольны горад» — адна з найстарэйшых у краіне незалежных мясцовых газэт. Узьнікла пасьля рэфэрэндуму 96 году, які даў Лукашэнку, як той і казаў, «царскія паўнамоцтвы». Пытаюся ў Сяргея Няроўнага:


Карэспандэнт: «Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў „Вольны горад“ гатовы да палітычнага пахаладаньня?»

Няроўны: «„Вольнаму гораду“ 12 год, ён перажыў 3 такія кампаніі. Улетку яшчэ канфіскавалі нумар, які дагэтуль затрыманы — напісалі пра фільм НТБ „Хросны бацька“. Ва ўладаў нэрвы ня вытрымалі. „Вольны горад“ чакаюць, і мы будзем працаваць. Гатовы і да рэгістрацыі — выйсьці на рынак з прафэсійным калектывам і прафэсійным стаўленьнем да журналістыкі…»

Карэспандэнт: «„Вольны горад“ дагэтуль выходзіць, паводле заканадаўства, накладам 299 асобнікаў. Які б замах вы зрабілі, выйшаўшы на рынак?»

Няроўны: «Паколькі газэта рэгіянальная, трапляе ў Чэрыкаў, Клімавічы, Краснапольле, Касьцюковічы, можна было б замахнуцца тысяч на восем. І ў каляровым выглядзе, на 20 старонках…»

Карэспандэнт: «„Вольны горад“ шмат год адсочвае сытуацыю з рэстаўрацыяй Пацёмкінскага палаца, помніка архітэктуры, у якім Кацярына II была. 5 год таму ты казаў, што рэстаўравалі так, што ізноў будуць дзіры, дах, сьцены пацякуць…»

Няроўны: «Так. Будаўнікі некалькі год ліквідавалі гэтыя недахопы, бо рабілася ўсё да прыезду губэрнатара, каб перарэзаць стужачку. Там рэгіструюць сямейныя саюзы, ходзяць экскурсіі, але грошай, якія затрацілі на штучныя рэстаўрацыі, не вярнулі…»

Узгадваем памянёную лужу перад вакзалам. Вакол яе ў «Вольнага гораду» доўгатэрміновае пікіраваньне зь мясцовай вэртыкальнай газэтай. Сяргей нагадвае «гісторыю пытаньня».

Няроўны: «На чыгуначнай плошчы калісьці клалі асфальт і не зрабілі так званай ліўневай каналізацыі. І як толькі дажджы, сьнег тае, узьнікае вялізная лужына, якая не дазваляе аўтобусам падыходзіць да прыпынку. Мы заўжды ставілі лужыну ў дакор уладзе — няўжо нельга ліквідаваць і не саромецца, таму што госьці прыяжджаюць?! Але гэта ўсё ўладзе „да фені“. Апошнім разам больш за 500 чалавек падпісаліся пад заявай у аблвыканкам. Улады напісалі ў „Крычаўскім жыцьці“, што гэта „пеўневыя гульні“, апазыцыя „спэкулюе гэтай лужынай“, „нажывае палітычны капітал“. Дык вы зрабіце — і ня будзем „нажываць“ яго!»

Я пагутарыў зь людзьмі ля вакзалу і ў пакоі дыспэтчараў.

Карэспандэнт: «Вы гэтую лужыну пастаянна бачылі таксама?»

Спадар: «Абыходзім — дрэнна да аўтобуса прайсьці, на маршрутку сесьці. Прыпынак перанесьлі…»


Спадарыня: «Як чаго ахвяруем?! Калі я ішла па сухой дарозе, з вакзалу прыйшла з мокрымі чобатамі. У мяне тут праца кожны дзень праз два дні! (сьмяецца) Усім пасажырам няладна …»

Ізноў слова спадару Няроўнаму.

Няроўны: «Вуснамі намесьніка старшыні райвыканкаму Вераб’ёва, першага намесьніка Марозава ў мінулым годзе сказалі, што пачнуцца комплексныя працы і плошчу супэрэўрапейскай зробяць. Пачаліся працы ў кастрычніку, калі пайшлі дажджы. І нічога не зрабілі дагэтуль — лужына ўвесну яшчэ будзе…»

* * *
Бадай, кардынальная зьмена ў гэтай вандроўцы — ня я прапаноўваў людзям, а яны самі прасілі слова перад мікрафонам Радыё Свабода. У станцыйным буфэце за кавай пазнаёміўся з 31-гадовай Марынай з гумовага заводу. Яна была ў поўнай роспачы пасьля апошняга заробку.

Марыя: «У бухгальтэрыю зайшлі, папрасілі цэтлік — яны сказалі, „нам няма часу“. Што гэта? Яны павінны быць на руках, дзе бачна, за што і колькі. У выніку заплацілі 220 тысяч за месяц, 22 працоўныя дні. А на клейцы абутку цяжка, клей дыханьне забівае. Нічога ня можам дабіцца…»

Гердзій: «Сёньня прыкрая сытуацыя складаецца ў людзей, што атрымліваюць мала. У камунальнай гаспадарцы заробак прыбіральшчыц не перавышае 300 тысяч, а ў аўтапарку ў кандуктараў нават зьменшыўся, у сельскай гаспадарцы — 300 тысяч і меней…»

Апошнім быў эканамічны аглядальнік «Вольнага гораду» Мікалай Гердзій. Гэты каржакаваты, пэнсійнага ўзросту спадар яшчэ на пачатку стагодзьдзя выявіў нязломнасьць сваёй пазыцыі сумленнага чалавека. У знак пратэсту супраць, як кажа, «гвалту над людзьмі і эканомікай» кінуў прэстыжную пасаду намесьніка старшыні райвыканкаму. Да таго ж ён старшыня мясцовага Савету прадпрымальнікаў, якіх у Крычаве больш за 1200 чалавек. Хто, як ня ён, можа расказаць пра «найлепшае спрыяньне бізнэсу» ў Крычаве?! Зрэшты, для пачатку Мікалай пазнаёміў мяне са сваім знаёмым прадпрымальнікам Валодзем, які мае гандлёвую кропку на кірмашы.


Карэспандэнт: «Як вы лічыце, займацца прадпрымальніцтвам у Крычаве пэрспэктыўна — альбо гэта праславутае „падтрымліваньне портак“?»

Уладзімір (сьмяецца): «У асноўным падтрымліваньне портак, каб карміць сям’ю. Былі наёмныя работнікі — два. Таму была не адна кропка, мы разьвіваліся і людзям давалі працоўныя месцы. Можна было б працаваць, каб былі празрыстыя правілы працы. Як толькі настае Новы год — новыя правілы гульні, больш складаныя і незразумелыя — паўгода, пакуль прыстасавацца. Падаткі вельмі завышаныя ў параўнаньні зь іншымі краінамі — зьядаюць 30–40%. З прыбытку палова сыходзіць на падаткі, транспарт, арэнду месца, дастаўку тавараў і г.д. У Расеі падаткі плацяцца пасьля таго, як ажыцьцёўлена прадпрымальніцкая дзейнасьць — пасьля 1 квартала ў 2-м».

Карэспандэнт: «Ці да ўсіх удзельнікаў рынку роўнае стаўленьне з боку адміністрацыі?»

Уладзімір: «Неаднолькавае. Ёсьць тыя, хто карыстаецца перавагамі. Чаму інтэнсіўна сталі ставіць ралеты, прычым адной і тае ж фірмы? Ралеты — мэталічныя павільёны стацыянарнага тыпу. Усе гэтыя заказы праходзяць праз адміністрацыю — яны нам „рэкамэндуюць“, у каго купляць…»


Мікалай Гердзій: «Сытуацыя такая, што сёньня квітнее бізнэс той, што „павязаны“ з уладай. Крычаў характэрны тым, што асноўная маса прадпрымальніцтва — у гандлі. Гэта адзіны ў вобласьці, а мо і ў краіне, горад, дзе дзеючай уладай пад кіраўніцтвам І.І.Пракопава цалкам вынішчаны дзяржаўны гандаль — „Буггаргандлю“ няма, збанкрутавала спажыўкаапэрацыя, усе крамы распрададзеныя прыватнікам. Найлепшыя месцы аддаваліся тым, хто бліжэй да ўлады. Вось канкрэтны прыклад па разьвіцьці кабэльнага ТБ. Год 5–6 таму пад дахам выканкама вядомы ў Крычаве прадпрымальнік па мянушцы „Супец“, прозьвішча яго Ісачанка, прыбраў кабэльнае ТБ у несумленнай канкурэнтнай барацьбе — выціснута было дзяржпрадпрыемства „Гарант“…»

Я сустрэўся з прадпрымальнікам, спадаром Адамам Сьляпцовым, які здаваў «Гаранту» за 50% прыбытку кабэльнае абсталяваньне. Сёньня ён адкрыта ўзгадвае падрабязнасьці нашумелай справы.

Сьляпцоў: «Мы прапанавалі лепшыя ўмовы — за падключэньне кабэльнага ТБ будзе брацца ўтрая менш грошай і 16 каналаў трансьляваць, а „супецкампанія“ — 10. 7 дамоў было ахоплена. А ў пэрспэктыве плянавалі ахапіць 2 мікрараёны — „Камсамольскі“ і „Сож“ з колькасьцю абанэнтаў каля 3 тысяч. І калі „супцы“ ўбачылі, што ім „ня сьвеціць“, іх ня будуць падключаць, пайшлі ў выканкам. Паднялі бучу. Пракопаў паслаў гендырэктара „на..й“. Той прыйшоў да мяне белы — „я не чакаў, што старшыня райвыканкаму…“ А ў „гэтых“ не было наагул ніякіх дакумэнтаў. Дайшло да таго, што ў падземных камунікацыйных каналах праклалі свае сеткі — без дазволу абласнога вузла сувязі. У савецкія часы, каб хтосьці залез, КДБ за рукі б і за краты….»

Са спадаром Гердзіем пераходзім да аналізу эканамічнай сытуацыі ў Крычаве.

Карэспандэнт: «5 год таму „Крычаўцэмэнташыфэр“ павінен быў увесьці лінію на 500 тысяч тон цэмэнту ў год, і, як ты казаў, прадпрыемства атрымала б „добры эканамічны запал“. Што на самой справе?»

Гердзій: «Тое, што плянавалася, было зроблена. Цэмэнт дадатковы пайшоў , што найперш адбілася на разьвіцьці чыгуначнага транспарту, таму што са станцыі Крычаў грузы і ў Расею, і на Захад, на Оршу, Магілёў. Калі ў часы крызісу стаяў завод, наагул стаяла пытаньне аб закрыцьці лякаматыўнага дэпо. Сёньня на „Крычаўцэмэнташыфэры“ самая высокая зарплата ў рэгіёне — у сярэднім мільён дзьвесьце, працуюць 1700–1800 чалавек. Пытаньне іншае — мясцовая ўлада ніяк не спрыяла разьвіцьцю. Тым больш паміж дырэктарам заводу Дудыкам і старшынёй выканкаму Пракопавым склаліся няпростыя адносіны — Пракопаў хацеў вызваліць таго ад займанай пасады і паставіць чалавека блізкага. Іван Іванавіч Пракопаў, можна сказаць, 10 год тут раён закопвае…»

Карэспандэнт: «У чым гэта выяўляецца?»

Гердзій: «Сёньня ў Крычаве працуюць цэмэнтны і хлебазавод, а было 7–8 прадпрыемстваў. За гэты час у горадзе закрыліся маслазавод, на якім працавала 70–80 чалавек, мясакамбінат — калісьці працавала 1100. Сельгастэхніка закрылася — раней крычаўцы адбудоўвалі 7 раёнаў. Цяпер няма ніводнай арганізацыі, якая магла б як генпадрадчык „весьці“ аб’ект…»

Карэспандэнт: «Як гэта ўдалося спадару Пракопаву — геній развалу?»

Гердзій: «Чалавек прыйшоў з разьлікам зрабіць хуткую кар’еру, пайшлі прыпіскі. Карупцыя — складнік цяперашняй адміністрацыйна-каманднай сыстэмы. Без чыноўнікаў немагчымы ані крок — усюды іх „дазволы“. Гэтая сыстэма зайшла ў тупік. Аўтарытарная ўлада павінна альбо адысьці ад прамога ўмяшаньня ў эканоміку, камандаваньня прыватным бізнэсам, альбо будзе зьмеценая…»


У часе вандроўкі ня мог не сустрэцца з «хадзячым палітычным фэнамэнам» Крычава, 72-гадовым спадаром Уладзімірам Кудраўцавым. Ён сябра БНФ ад пачатку існаваньня фронту, у хаце месьціцца рэдакцыя «Вольнага гораду», цягне годную прысядзібную гаспадарку. І зараз ягоны дзень расьпісаны па хвілінах. Некалькі зь іх удзяліў Радыё Свабода.

Кудраўцаў: «Калі „бацька“-дыктатар учыніў пагром на Плошчы, у мяне часткова ўпаў настрой — баліць душа за Беларусь, за лёс краіны…»

Карэспандэнт: «Але 5 год таму сказалі, што „пакуль дыктатара ня стане“…»

Кудраўцаў: «А, абяцаў пражыць сто год і адзін дзень! (Сьмяецца.) Так, вяду здаровы лад жыцьця — ня п’ю, не палю. Перажывем! Жыве Беларусь!»
View Падарожжы Свабоды in a larger map

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG