Лінкі ўнівэрсальнага доступу

108 дзён у засьценках КДБ: праўда пра Дзьмітрыева і Раманчука, «не» «кілерам» у судовай мантыі


Турма КДБ у Менску, спадарожнікавы здымак
Турма КДБ у Менску, спадарожнікавы здымак

Радыё Свабода публікуе разьдзелы кнігі Анатоля Лябедзькі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ».

2 красавіка, субота

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Нарадзіўся у 1961 г. у вёсцы Трылес Стаўбцоўскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў факультэт гісторыі і францускай мовы Менскага пэдагагічнага інстытуту, юрыдычны факультэт БДУ.

Дэпутат Вярхоўных Саветаў Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў.

Адзін з ініцыятараў спробы імпічмэнту прэзыдэнта (1996).

Ад 2000 г. — старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сустаршыня Палітычнай Рады Аб’яднаных дэмакратычных сіл.

За ўдзел у палітычнай дзейнасьці неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці.

Жанаты, мае сына.

Пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня 2010 г. у Менску і зьмешчаны ў СІЗА КДБ.

Яму выставілі абвінавачаньне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках.

6 красавіка 2011 г. вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе.

23 жніўня крымінальная справа супраць яго была спыненая.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Лябедзьку вязьнем сумленьня.
Сёньня ў дворыку так захапіліся зь Ігарам фізкультурай, што не заўважылі, як з намі ў зьвязцы запрацаваў Несьцярэнка. Ён таксама былы спартовец. Як я разумею, гэтым і зарабляў на хлеб з маслам. Квадратны цягне тэрмін, як ён сам кажа, «за брюлики». Дыямэнтавы сьлед у справе нашага новага суседа адсьвечвае букетам крыміналу. Пасьля затрыманьня ў Несьцярэнкі быў ператрус, падчас якога міліцэйскія сышчыкі знайшлі брыльянты. Як прызнаўся сам квадратны, больш за шэсьцьдзесят каменьчыкаў. Аднак потым сярод рэчдокаў у справе фігуравалі ўжо толькі сорак тры. Але і гэтага хапіла на дзевяць гадоў турэмнага зьняволеньня. Калі расказ адпавядае рэчаіснасьці, то ўзьнікае пытаньне: дзе астатнія камяні? Пра гэта можна толькі здагадвацца. І чаму тады за кратамі толькі гэты хлопец зь Дзяржынску? Зрэшты, уся гэтая гісторыя нейкая мутная.

Такі вось трохі дзіўны пасяліўся ў нас сусед. Насьцярожвае. Зрэшты, тут мы ўжо бачылі ўсялякіх. Прытромся і з гэтым.

* * *

Сёньня даваў чарговае «інтэрвію» Каранеўскаму.

Майго новага прыяцеля зьядала цікаўнасьць: чаму Анатоль Лябедзька сам ня ўдзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі? Во як за месяц вырас мой аўтарытэт у вачах палітычна не ангажаваных сукамэрнікаў!

Я засьмяяўся:

— Дарагі, я і без прыстаўкі «кандыдат у прэзыдэнты» ўжо больш як тры месяцы палірую жалезныя нары. І што наперадзе, ведае толькі адзін Бог. А калі б я быў кандыдатам у прэзыдэнты, мне б далі па максымуме, у гэтым я ня маю і ценю сумневу.

Зрэшты, я так разважаю, калі падзеі ўжо адбыліся. І гэта крык наўздагон. Зрабіў паўзу і коратка дадаў:

— Так, Ігар, склаліся абставіны. Але, як ты разумееш, я ні пра што не шкадую.

Але Ігарава пытаньне ўскалыхнула ўспаміны, падштурхнула да дыскусіі і аналізу.

Сапраўды, чаму? Чаму я пагадзіўся быць акторам другога пляну ў гэтым сэрыяле? Самы час яшчэ раз прабегчыся па яшчэ сьвежых, неастылых падзеях.

Як я цяпер разумею, на тое, каб майго прозьвішча не было ў выбарчым бюлетэні, працавалі многія. І ня толькі ўлада. Апошняя заўсёды праяўляе павышаную цікавасьць і выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб не дапусьціць мяне да буйных агульнанацыянальных кампаніяў — як тая ж прэзыдэнцкая. Паводле сьведчаньня амбасадара адной з краін ЭЗ, пасьля таго як мне не хапіла васьмі галасоў для перамогі на Кангрэсе дэмсілаў, дзе абіраўся адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад прыхільнікаў пераменаў, у «Чырвоным доме» быў зладжаны банкет. Менавіта з гэтай нагоды. Там сьвяткавалі сваю маленькую перамогу. Я не кажу пра тое, што ўлада жадала бачыць кагосьці канкрэтна ў якасьці адзінага кандыдата, але сьцьвярджаю, што яна катэгарычна не хацела майго абраньня. З усімі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька


Што да 2010 году, то ў гэтым кірунку працавала і група Някляева. А дакладней — тыя, хто распрацоўваў стратэгію, рэалізацыя якой павінна была прывесьці да новай расстаноўкі сілаў у апазыцыі, да зьяўленьня «канструктыўнай апазыцыі», якая б мірна суіснавала з Лукашэнкам. І прэзыдэнцкая кампанія ў гэтай стратэгіі — толькі інструмэнт, толькі стартавая пляцоўка.

Толькі цяпер, злучаючы ў адно паасобныя сустрэчы, размовы, рэплікі, я разумею, што ў іх была добра распрацаваная пакрокавая стратэгія і плян дзеяньняў. Праца з АГП выбудоўвалася празь міжнароднага сакратара партыі Андрэя Дзьмітрыева. І часткай пляну было вылучэньне ад АГП любога прэтэндэнта, але толькі не Анатоля Лябедзькі. Дзьмітрыеў прасоўваў тэму новага твару настойліва і пасьлядоўна. Пры гэтым спасылаўся на кантакты і перамовы з нашымі міжнароднымі партнэрамі. Да прыкладу, маўляў, усе яны вельмі прыхільна глядзяць на кандыдатуру Яраслава Раманчука, і пад яго мы зможам сабраць добрае фінансаваньне. Цяпер я разумею, што гэта быў блеф. Іншая справа, што я сам з сымпатыяй ставіўся да Яраслава. Па-першае, як эканаміст ён вельмі добра ўпісваўся ў кантэкст выбарчай кампаніі. Выбаршчыкаў збольшага цікавілі і хвалявалі менавіта праблемы эканамічнага зьместу. Хто вінаваты, выбаршчык сам ведае. Прынамсі, ён так лічыць. Таму ён хоча чуць адказ на пытаньне: а што рабіць? Чаго ж ты маўчыш? Адказвай!

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук


І на фоне іншых кандыдатаў, «чыстых палітыкаў», Раманчук глядзеўся выгадна. На пытаньні, якія тычацца эканамічнага складніку, тыя адказвалі альбо лёзунгамі, альбо з паперкі. А Раманчук адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Ён быў натуральны і пераканаўчы.

Цяпер я разумею: атачэньне Някляева баялася, што са мной ня ўдасца дамовіцца аб зьняцьці на карысьць Уладзіміра Пракопавіча. Як паказалі далейшыя падзеі, ім не ўдалося дамовіцца наагул ні з кім. Разьлічвалі на парад зьняцьця прэтэндэнтаў з дыстанцыі і заяваў у падтрымку Някляева. Гэта павінна было зрабіць кандыдата ад ГП дэ-факта адзіным кандыдатам. Выйшаў, аднак, вялікі пшык.

Гэтаксама ж і з Плошчай. Да 19 сьнежня адказнасьць за яе гатовыя былі несьці амаль усе кандыдаты ў прэзыдэнты. Горда і дэманстратыўна. Але ўжо 20-га яна валялася на сьнезе, вытаптаная спэцназаўскім чаравікам.

Мы не без падставаў сьцьвярджалі, што маем самую прафэсійную і эфэктыўную каманду. Але Раманчук яўна ня ўпісваўся ў вобраз Гаўроша на сталічных барыкадах
Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што мы былі на плошчы, але не прэтэндавалі на тое, каб быць там першымі. Так, штаб Яраслава Раманчука заклікаў браць тэрмасы з кавай і прыходзіць на Кастрычніцкую. Гэта была натуральная грамадзянская пазыцыя. Але нашы амбіцыі выяўляліся ў іншым. Мы абгрунтавана заяўлялі, што маем найбольш прапрацаваную і рэалістычную праграму пераменаў. Мы не без падставаў сьцьвярджалі, што маем самую прафэсійную і эфэктыўную каманду. Але Раманчук яўна ня ўпісваўся ў вобраз Гаўроша на сталічных барыкадах. Гэта мая цытата з апошняй прэс-канфэрэнцыі. І гэта была сумленная пазыцыя. Дый за права быць галоўным рэжысэрам Плошчы ішла сапраўдная барацьба, якая час ад часу ўзрывала інфармацыйную прастору. Тут мы не змагаліся.

Вядома, фінансавыя магчымасьці штабу Някляева істотна перасягалі магчымасьці ўсіх астатніх кандыдатаў, разам узятых. Гэта праўда. Але ня ўсё вызначаецца толькі грашыма. Купіць можна ногі, каб яны разносілі ўлёткі. Купіць можна рукі, каб яны пісалі праграмны маніфэст. Купіць можна язык, каб ён казытаў ваш слых прыемнымі словамі. Але немагчыма купіць сымпатыю, павагу, любоў. І калі вам прапанавалі гэта за грошы, то гэта камуфляж, сынтэтыка, майстэрская падробка.

Ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці новая або трэцяя сіла — гэта францускі легіён. Вы плаціце — мы ваюем, то бок працуем! Мы разам! Ня плаціце — кожны сам па сабе. Добры дзень і тут жа бывай. Будуць грошы — тэлефануй!
Але на адных амбіцыях выцягнуць гэтую кампанію таксама было немагчыма. Я хачу! Ён хоча! Яна прагне! Яны жадаюць! У прэзыдыюм! Да мікрафона! На тэлеэкран! У прэзыдэнты! А хто пойдзе разносіць улёткі? Хто будзе арганізоўваць сустрэчы? Правадыроў шмат, індзейцаў малавата! І мінулая прэзыдэнцкая кампанія гэта наглядна паказала. Пры вялікіх амбіцыях і маленькім роце не спрабуйце праглынуць усё і адразу. Можаце падавіцца!

Праект «Гавары праўду!» — гэта спроба стварыць трэцюю сілу. Адна з. У свой час такія спробы рабілі Валер Фралоў, Васіль Лявонаў, Міхаіл Марыніч, і ўсе яны скончыліся аднолькава. Ва ўмовах беларускай рэчаіснасьці новая або трэцяя сіла — гэта францускі легіён. Вы плаціце — мы ваюем, то бок працуем! Мы разам! Ня плаціце — кожны сам па сабе. Добры дзень і тут жа бывай. Будуць грошы — тэлефануй! Як мяне знайсьці, ведаеш.

У канчатковым выніку ўсё кладзецца на адны і тыя ж плечы. На актыў палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. А ў беларускіх умовах гэта штучны тавар. Людзі, калі яны ня ставяць мэтай зьехаць у палітычную эміграцыю, прыходзяць у апазыцыю сьвядома, а значыць, ня масава. І калі пільней прыгледзецца да тых, хто арганізоўваў працу ў штабе Ўладзіміра Някляева, хто зьбіраў подпісы, хто стаяў у пікетах, то можна ўбачыць, што гэта ў асноўным «францускі легіён», сябры палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Але было б несправядліва сьцьвярджаць, што прытоку новых людзей не было зусім. Мы бачылі і ў нашай камандзе шмат новых твараў. Але, як правіла, былі валянтэры. А яны маглі быць удзельнікамі падзеяў, але не арганізатарамі працы.

Для мяне мінулая выбарчая кампанія — добрая школа. Адна з галоўных высноваў, якія я зрабіў: часам у разьведку лепш ісьці аднаму, чым групай. Прынамсі, ня будзеш мучыцца думкай, хто ж цябе здаў.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





3 красавіка, нядзеля

У краіне выходны. Людзі позна валяюцца ў пасьцелях. Потым не сьпяшаючыся пацягваюць духмяную каву. Балбочуць праз тэлефон. Хтосьці едзе на лецішча. Хтосьці плянуе пайсьці ў кіно на вячэрні сэанс.

А ў нас усё як заўсёды. Паводле жорсткага раскладу. Нічога новага. Хіба што думкі. Ну ўсё, заўтра бяруся за працу! Рукавы закасаныя. Буду рыхтаваць тэкст выступу ў судзе. А пакуль думаю. Дакладней, працягваю гэтую тэму прапускаць празь сябе. Роздумы пераконваюць мяне: у судзе я ня буду абараняцца, я буду біцца, буду абвінавачваць.

* * *

Слова «вязень» яшчэ нічога не азначае. Гэтаксама як «дэмакрат». Апошніх я пабачыў нямала, і, мушу прызнаць, даводзілася сустракаць сярод іх і мярзотнікаў, і крывадушнікаў, і ідыётаў
Несьцярэнка паўдня, практычна не перапыняючыся, распавядаў пра плюсы і мінусы жыцьця ў калёніі. Як ні круці, выходзіць, што ў параўнаньні зь СІЗА ў калёніі значна больш магчымасьцяў. Да прыкладу, ёсьць даволі ўстойлівая сталая сувязь зь «Вялікай зямлёй». З дапамогай тэлефона. Вядома, нелегальна. Плюс значна большая свабода перамяшчэньня. Няма гэтых муроў, якія ўвесь час ціснуць на псыхіку. Няма гэтай затхлай, закупоранай прасторы. Многія працуюць, што разгружае шэрае рэчыва ад бязладных думак. Дый сетка міжасабовых камунікацыяў непараўнальная. Праўда, і самаўпраўства з боку адміністрацыі хапае.

Мы слухалі з адкрытым ротам. Я нават завёў на асобнай старонцы слоўнік новых слоў. Відавочна, варта заняцца вывучэньнем мовы вязьняў. Калі не гаварыць, то хаця б разумець яе трэба.

Ясна адно: у калёніі людзі розныя. Як і на волі. Слова «вязень» яшчэ нічога не азначае. Гэтаксама як «дэмакрат». Апошніх я пабачыў нямала, і, мушу прызнаць, даводзілася сустракаць сярод іх і мярзотнікаў, і крывадушнікаў, і ідыётаў. І мяне адкрыта ванітуе ад дэмакратаў у беласьнежных туніках, надзетых на потныя целы. Ад тых, хто ганарыцца, што ня быў у камсамоле, хто ўхмыляецца, прамаўляючы слова «былыя». А хто былыя?

Былы прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір, былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, былы міністар працы Аляксандар Сасноў. Вось яны якраз сапраўдныя. Бо ў кожнага крэдытная гісторыя, бо за кожным учынкі і справы, вартыя павагі. Бо той жа Чыгір мог жа не пратэставаць супраць неканстытуцыйнага рэфэрэндуму і па-ранейшаму езьдзіць у прэм’ерскім «мэрсэдэсе». І Станіслаў Багданкевіч меў магчымасьць ляпіць свой матэрыяльны дабрабыт, не выходзячы з кабінэта кіраўніка Нацыянальнага банку. Мы выцягваем герояў зь мінулага, шукаем прыкладаў для перайманьня ў замежжы. А яны сярод нас. Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Чыгір, Ніл Гілевіч, Юры Хашчавацкі, Генадзь Бураўкін, Зінаіда Бандарэнка, Сьвятлана Алексіевіч, Рыгор Барадулін. Беларусь павінна ганарыцца гэтымі людзьмі. Ганарыцца сёньня, калі яны з намі, а ня заўтра, калі давядзецца апэраваць дзеясловамі ў мінулым часе. Яны ніколі ня здраджвалі сваім прынцыпам, сваім перакананьням.

А вось правільным, чыстапародным дэмакратам у беласьнежных туніках ніхто ніколі не прапаноўваў нават пасаду старшыні сельсавету ў Цюцькавічах. А прапануй — невядома, што здарыцца.

Перачытаў напісанае яшчэ раз. Нейкі я стаў агрэсіўны. Можа, гэта зайздрасьць да тых, хто на волі? Або проста набралася шмат усяго ўнутры. Гэта на волі трэба сачыць за паліткарэктнасьцю, а тут... Тут — што ў галаве, тое і на паперы. Будзем квіты.

* * *

Першы дзень, калі гулялі па дворыку бяз вопраткі. Усе прыкметы сапраўднай вясны. Мы ўжо засумавалі безь цяпла. Знудзіліся па блакітным пакрывале неба.

Займацца фізкультурай у такіх умовах — адна асалода. Сонца зазірала ў дворык гэтак, што прамяні падалі ў адзін кут. Пэрыядычна ў ім зьбіваліся ўсе, выставіўшы твары і заплюшчыўшы вочы. Шчасьлівыя ад асалоды твары.

Пасьля такой сонечнай ванны назад у камэру зусім ня цягне. Тут усё нагадвае пра наш паднявольны статус.

Самаадчуваньне здавальняючае. Імкнуся падтрымліваць форму. Калі да каго і зьвяртаюся ў думках па дапамогу, то да акуліста і дантыста. Варонка на месцы плёмбы, якая выпала, павялічылася, адваліўся кавалак зуба. Найверагодней, гэта ўсё ўжо пад знос, аднавіць зуб ня ўдасца.

* * *

Паводле звыклай традыцыі частку часу правёў за «пісьмовым сталом», функцыю якога выконвае тумбачка. Пачаў зь ліста Сьвятлане. Яшчэ раз прабег вачыма па яе пасланьні, атрыманым учора. Адчуваецца, што мая другая палавінка — пад уплывам вясновых чар. «Сёньня цудоўны, цёплы, па-сапраўднаму вясновы дзень. А ў такі час асабліва абвастраюцца ўсе пачуцьці, і адмоўныя ў тым ліку (крыўдна, што ў нас забралі тры з паловай месяцы жыцьця)».

Пастараўся сфармуляваць максымальна пазытыўны і аптымістычны адказ. Пасланьне скончыў так: «Веру ў сябе, веру ў вас, веру ў нашу будучыню». Гэтыя словы я паўтараю ўсё часьцей і ў лістах, і самому сабе. Я сапраўды веру. Воля і вера робяць цуды.

Потым заглыбіўся ў пісаньне верша пра маю малую радзіму — цудоўны куток пад назвай Трылес.

Трылес — маё гняздо.
Тут нарадзіла мяне маці.
Было гэта даўно,
У старой вясковай хаце.

Трылес — мая калыска.
Адсюль мне многае відаць.
Тут да леса блізка
І да ракі рукой падаць.

Трылес — мой кут
Паміж зямлёй і небам.
Дзяцінства гушкалася тут,
Смакуючы гарбату з хлебам.

Трылес — маё каханьне,
Дзяўчына з доўгаю касой.
Сустрэчы, пацалункі, разьвітаньні,
Вяртаньне зь першаю расой.

Трылес мяне заве.
Кудахчуць куры спазаранку,
Мычыць карова ў хляве
І сырадой дзурчыць у банку.

Трылес — мой успамін,
На смак — 50-гадовы віскі
З пахам сьвежых журавін
На дне драўлянай міскі.

Трылес — маё жыцьцё
Учора, сёньня, заўтра.
Маё жыцьцё — маё быцьцё,
Пражыць якое варта.


Вясковая тэма стала нагодай для яшчэ аднаго прыліву настальгіі. Я зноў адчуў сябе вінаватым. Я ў такіх даўгах перад маімі роднымі! Перад жонкай Сьвятланай, сынам Арцёмам, бацькамі. Спадзяюся, мне хопіць часу ўсё гэта вярнуць. Ведаю па сабе, калі чагосьці вельмі хачу, заўсёды рэалізоўваю на практыцы.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





4 красавіка, панядзелак

Сёньняшні дзень цалкам прысьвяціў падрыхтоўцы да судовага працэсу. Адразу пасьля шпацыру абклаўся паперамі. Стос казённых дакумэнтаў, аркушыкі з пазнакамі, якія я рабіў у хвіліны роздумаў. Усё гэта трэба было сабраць у адно цэлае.

«Высокі суд...» Напісаў і зноў споўз у роздумы. Закрэсьліў. Які да халеры суд, ды яшчэ высокі!
Паклаў перад сабой чысты аркуш, але неяк не пайшло. Хоць над выступам у судзе я думаю ўжо тыдні тры. Яго файлы недзе ў маёй падкорцы, але выцягнуць іх адразу не ўдалося. Толькі хвілін праз трыццаць вывеў першыя словы.

«Высокі суд...» Напісаў і зноў споўз у роздумы. Закрэсьліў. Які да халеры суд, ды яшчэ высокі! Пасьля гэтага радкі пачалі класьціся самі.

«Паважаныя сябры, калегі, прадстаўнікі прэсы, дыпляматычных місіяў! (Спадзяюся, судзілішча ня будзе за зачыненымі дзьвярыма.) У мяне было дастаткова часу, каб прадумаць, узважыць кожнае слова, сказанае тут і цяпер. На будынку, у якім мы цяпер знаходзімся, красуецца шыльда «Суд». Але гэта абалонка, форма, якая ня мае ніякага дачыненьня да зьместу. Судовая сыстэма Беларусі не самастойная і не незалежная галіна ўлады, а звычайны аддзел адміністрацыі «Чырвонага дома». І, адпаведна, у гэтым будынку няма бесстароньніх судзьдзяў, ёсьць толькі чыноўнікі ў спэцыфічнай уніформе — чорнай судовай мантыі. А гэта значыць, што гэта ня суд, а палітычнае судзілішча, якое ажыцьцяўляюць нанятыя на службу «кілеры». Гэта не перабольшаньне, гэта канстатацыя факту. І гэта ня толькі суб’ектыўны погляд палітвязьня Анатоля Лябедзькі, гэта афіцыйная пазыцыя Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту, АБСЭ і іншых міжнародных арганізацыяў, якая зафіксаваная ў шматлікіх дакумэнтах. Таму я заяўляю сваё катэгарычнае і рашучае «не» «кілерам» у судовай мантыі. Я вам не давяраю! Я вас адрынаю!

Другі аргумэнт за вотум недаверу: усе беларускія «судзьдзі», уключна і з вамі, прызначаюцца Аляксандрам Лукашэнкам, а ён — зацікаўленая асоба ў гэтым працэсе. Гэта зь яго ведама, на яго замову я правёў «­­­­___» месяцаў у СІЗА КДБ. Ён ваш бос. Ён ваш працадаўца. Ён — заказчык, вы — выканаўцы.

Судзьдзя — гэта бесстароньні арбітар, а вы — звычайны чыноўнік аўтарытарнай сыстэмы. А гэта значыць, што Канстытуцыя — ня ваша настольная кніга. Тэлефоннае права — вось ваш праваднік
Судзьдзя — гэта бесстароньні арбітар, а вы — звычайны чыноўнік аўтарытарнай сыстэмы. А гэта значыць, што Канстытуцыя — ня ваша настольная кніга. Тэлефоннае права — вось ваш праваднік. У Беларусі ёсьць старшыня Вярхоўнага суду — Валянцін Сукала, але з 1995 году няма суду. Мы памятаем, як насуперак Канстытуцыі быў арганізаваны і праведзены антыканстытуцыйны рэфэрэндум. І адразу пасьля гэтага былі разагнаныя парлямэнт і Канстытуцыйны суд. З таго часу ў Беларусі ня дзейнічае прынцып падзелу ўлады. І «сукалізацыя» судовай сыстэмы дасягнула круглагадовага цьвіценьня. Усе галіны ўлады бесцырымонна і груба абсечаныя. Застаўся адзін ствол, збройны, дубіначны. Гэта нацыянальная трагедыя.

Працэс толькі пачаўся, а прысуд ужо напісаны. У мяне няма ілюзіяў. Я дзясяткі разоў сутыкаўся з «кілерамі» ў мантыях, якія працуюць на абслугоўваньне канвэера рэпрэсіяў. З мужчынамі і жанчынамі, у гадах і маладымі, у Менску, Магілёве, Валожыне. Іх вэрдыкт заўсёды адзін і той жа: вінаваты! І іншым ён быць ня мог.

Я адкідаю ўсе прад’яўленыя мне абвінавачаньні. Ды іх, уласна, і няма. Справа пустая, як піянэрскі барабан. Дэпрафэсіяналізацыя сьледзтва абуральная і жахлівая. Паралелі і аналёгіі з часамі Вышынскага — Берыі абсалютна дарэчныя і арганічныя. Адзінае, але, праўда, істотнае адрозьненьне: цяперашніх палітвязьняў не расстрэльваюць. А гэта значыць, што які б ні быў прысуд, у мяне ёсьць шанец паглядзець у вочы тым, хто рыхтаваў, фальсыфікаваў і выносіў рашэньне па маёй справе. Хай гэта будзе праз год, празь пяць гадоў, празь дзесяць, але гэта абавязкова адбудзецца.

У вас толькі адзін выбар: альбо адклікаць з адпачынку «эскадрон сьмерці», на руках якога кроў маіх аднадумцаў і сяброў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, альбо зрабіць усё, каб я ня выйшаў з калёніі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота


19 сьнежня 2010 году на вуліцу выйшлі дзясяткі тысяч людзей. Так, іх паклікалі апазыцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты. Але вывелі не яны. Гэта зрабіў Аляксандар Лукашэнка. І гэта не перабольшаньне. А яшчэ дакладней, людзей вывелі на вуліцу несправядлівасьць, несумленнасьць, падман. Але ў цяперашняй Беларусі ўлада і гэтыя паняцьці — гэта адно і тое ж.

Ці была ў выбаршчыкаў альтэрнатыва? Як павінны былі рэагаваць людзі на сытуацыю, калі склад участковых выбарчых камісіяў на 99,9 адсотка фармуецца з грамадзян, эканамічна залежных ад кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі? Што павінны адчуваць прыхільнікі астатніх дзевяці прэтэндэнтаў? Падман і прыніжэньне. Што рабіць прыніжаным і абражаным? Зьвяртацца ў суд? Але яго няма, ёсьць толькі шыльды! Апэляваць да парлямэнту? Але на яго месцы разваліны парлямэнтарызму! Клікаць генэральнага пракурора? Але глуханямы сьляпы ня бачыць, ня чуе і, натуральна, маўчыць! Людзі стаміліся чакаць і маліцца. Палахлівыя стаміліся баяцца. Слабым надакучыла рабалепстваваць. Усё мае свае граніцы і межы. Нават страх, боль і прыніжэньне.

Я — Анатоль Лябедзька, чалавек са «сьпісу асабістых ворагаў» Лукашэнкі. І гэтага было дастаткова. Мне нават у «амэрыканцы» пра гэта і намякалі, і казалі зусім пэўна
Зараз пра сваю сьціплую пэрсону. Так, я быў адным з тых, хто выйшаў на вуліцу. І кажу пра гэта з гонарам. І ў мяне ёсьць такое права. Яно гарантаванае Канстытуцыяй. Страсіце зь яе пыл, вы, хто называе сябе судзьдзямі. Маё права гарманічна вынікае зь міжнародных стандартаў правоў і свабодаў чалавека. Тут варта нагадаць пра прыярытэт міжнародных нормаў і абавязаньняў перад унутраным заканадаўствам. Я не абавязаны прасіць дазволу прайсьці па праспэкце сталіцы, якую ніхто не прыватызаваў і ў якой ня ўведзена ваеннае становішча. Можна быць свабодным і ў несвабоднай краіне. Можна захоўваць самапавагу і ў сытуацыі, калі сумленьне і мараль — такі ж тавар, як бутэлька гарэлкі ці слоік кансэрваваных агуркоў.

Я ніколі ня быў абдзелены ўвагай з боку ўлады. Дакладней, яе сілавога складніку. І прэзыдэнцкая кампанія 2010-га ня стала выключэньнем. Хоць у ёй я быў акторам другога пляну. Не кандыдат у прэзыдэнты і нават не кіраўнік выбарчага штабу. І тым ня менш апынуўся спачатку ў СІЗА, а потым і на лаве падсудных. Дзіўна, праўда ж? Зрэшты, не. Я — Анатоль Лябедзька, чалавек са «сьпісу асабістых ворагаў» Лукашэнкі. І гэтага было дастаткова. Мне нават у «амэрыканцы» пра гэта і намякалі, і казалі зусім пэўна. Маўляў, ваш лёс, Анатоль Уладзіміравіч, вырашаецца ня тут і ня намі. Пры гэтым палец цягнуўся да столі, якая, мабыць, сымбалізавала нябачны трон кіраўніка.

Як павінен рэагаваць чалавек жывы на шаленства ў СІЗА КДБ, якое доўжылася зь сьнежня па канец лютага? Як павінен рэагаваць чалавек разумны на тое, што за ўвесь час майго знаходжаньня за кратамі не было ніякіх сьледчых дзеяньняў, што за ўвесь гэты час я лічаныя разы бачыў сьледчага? Зрэшты, як і адвакатаў. Гэта сьведчыць толькі пра адно: мяне трымалі ў ізаляцыі не як чалавека, які парушыў закон, а як закладніка. Дзеля чаго? Каб пакараць «за старыя грахі», як адкрыта заявіў мне трыюмвірат у складзе прадстаўнікоў КДБ, пракуратуры і МУС у першыя дні майго знаходжаньня ў СІЗА. А можа, каб абмяняць Брусэлю ці Вашынгтону на выгадны крэдыт, на прызнаньне вынікаў агіднай выбарчай кампаніі.

Зьвернемся да абвінавачаньня. Дакладней, да тэксту, завізаванага рознымі людзьмі ў пагонах з кваліфікацыяй юрыста.

Сьледзтва не бянтэжыць, што Анатоль Лябедзька ў ходзе выбарчай кампаніі ня меў камунікацыяў зь пераважнай большасьцю тых, хто праходзіць па «справе дзекабрыстаў». Узьнікае простае і натуральнае пытаньне: як можна рыхтаваць змову, масавыя беспарадкі і пры гэтым не кантактаваць адзін з адным? Аднак гэтая нестыкоўка не зьбянтэжыла сьледчых. Здаецца, іх наагул не цікавяць доказы віны абвінавачанага. Яны бессаромна візуюць адкрытую, брыдкую падтасоўку і поўную ахінею. Што тут сказаць? Сон розуму.

Я гартаю худую справу і задаю простыя і натуральныя пытаньні. Можа, Анатоль Лябедзька ледасекам прасякаў уваход у кабінэты ўлады на плошчы Незалежнасьці? Або, можа, зрываў эпалеты зь нечых плячэй? Таварышы сьледчыя, лік якіх, як я разумею, ідзе на дзясяткі, прад’явіце хоць штосьці, што даводзіць маю віну.

Можа, у матэрыялах справы ёсьць аўдыё- або відэазапісы выступленьняў Анатоля Лябедзькі з заклікамі захопліваць пошту, тэлеграф? Бо я быў ня толькі на плошчы, я ўдзельнічаў у сустрэчах у дзясятках рэгіёнаў краіны. І на ўсіх сустрэчах, без выключэньня, супрацоўнікі сілавых структур, а часьцяком і дзяржаўныя СМІ, вялі відэаздымку. Пакажыце гэтыя запісы! Прад’явіце ў судовым пасяджэньні! Вы пачуеце пра праграму «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі», пра абуральныя прыклады карупцыі ў органах дзяржаўнай улады, пра неабходнасьць аднавіць практыку абраньня, а не прызначэньня прэзыдэнта і парлямэнту, пра тое, як разьняволіць ініцыятыву чалавека і пазбавіць людзей рабскага страху. Але праўда ня ёсьць злачынства! Таму тут ня будзе запісаў маіх выступаў падчас прэзыдэнцкай кампаніі, у лепшым выпадку зьявяцца сьведкі зь сілавых структур. З загадзя завучаным тэкстам паказаньняў".

* * *

Двойчы перачытаў напісанае. Падправіў тэкст у некалькіх месцах. У цэлым застаўся задаволены. Вось што значыць настроіцца і сабрацца! Перад сном яшчэ раз перачытаў сьпісаныя аркушы. У адрозьненьне ад дзёньніка тэкст быў разборлівы. Стараўся! Цяпер важна ўсё гэта забіць у памяць. Па-першае, я заўсёды выступаю без паперкі. А па-другое, падчас шмону запісы могуць прыхапіць і ў час не вярнуць.

Для сябе я вырашыў, што судовае пасяджэньне — гэта мой адзіны шанец сказаць праўду. Сказаць гучна і публічна. Сказаць так, каб гэта пачулі і сябры, і ворагі. Я не чакаю цудаў! Але спадзяюся на лепшае. Я ж лідэр палітычных аптымістаў Беларусі!


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





5 красавіка, аўторак

Пасьля візыту дзяжурнага працягнуў працу над тэкстам выступу ў судзе. Перачытаў учорашнія думкі. Сёе-тое з ходу падправіў, але ў цэлым, здаецца, зусім нядрэнна! Якраз тое, што я хачу і што павінен сказаць публічна. На імгненьне паспрабаваў уявіць сабе судовае паседжаньне. Але чамусьці перад вачыма паўстае заплаканы твар маці. Ну што ж, лепш не маляваць карцінкі заўтрашняй будучыні, а засяродзіцца на сёньняшнім хатнім заданьні. Працаваў увесь дзень зь перапынкамі на прыём ежы, актыўную зарадку на вуліцы і трохі жартаў з сукамэрнікамі. Працяг выйшаў наступны.

Я за кратамі, але гэта ня значыць, што мая доля — толькі абараняцца або, ня дай бог, апраўдвацца. У мяне ёсьць маральнае права быць абвінаваўцам, а не абвінавачаным у гэтым працэсе
«За ___ дзён і ___ начэй я бачыў дзьве «амэрыканкі». Адну ў сьнежні-студзені. Другую — у сакавіку-красавіку. Зь пераходным лютым. Гэта былі адны і тыя ж сьцены, але зусім розная маральна-псыхалягічная абстаноўка. Умовы ўтрыманьня — не прадмет разгляду ў дадзеным паседжаньні. Але яны дазваляюць задаць нямала пытаньняў. Напрыклад, хто такія арыштанты «амэрыканкі» — злачынцы або закладнікі? Хто і чаму рыхтаваў плян захопу палітыкаў паводле загадзя падрыхтаванага сьпісу, а не па факце ўчыненых правапарушэньняў? Навошта трэба было ў СІЗА ўводзіць рэжым надзвычайнага становішча і аддаваць усіх падсьледных у поўнае распараджэньне невядомых людзей у масках?

Я за кратамі, але гэта ня значыць, што мая доля — толькі абараняцца або, ня дай бог, апраўдвацца. У мяне ёсьць маральнае права быць абвінаваўцам, а не абвінавачаным у гэтым працэсе. Гэта маю кватэру штурмавалі невядомыя ў ноч з 19 на 20 сьнежня. З ламамі, молатам, зброяй і пагрозамі фізычнай расправы, што кваліфікуецца як бандытызм! Гэта мяне на працягу двух месяцаў разьдзявалі дагала ў сутарэньні і ставілі на расьцяжку ля сьцяны. Гэта мяне ноччу сьляпілі сьвятлом, днём трымалі ў паўзмроку. Гэта мяне прэсавалі невядомыя, якія хавалі свае твары пад маскамі. На мове міжнародных стандартаў гэта нішто іншае, як катаваньні. Слова «катаваньні» нясе ў сабе велізарную канцэнтрацыю нэгатыву і адмоўных эмоцыяў. Тое, што я пералічыў, выкліча шок і абурэньне ў любога грамадзяніна краіны-сябра Эўрапейскага Зьвязу, Канады або ЗША. Але многія нашы суграмадзяне ў гэтай сытуацыі толькі нясьмела і няўпэўнена паціснуць плячыма, бо для іх беззаконьне, прыніжэньне — гэта правіла, а не выключэньне. Чалавек аднолькава прывыкае як да добрага, так і да дрэннага.

Я абвінавачваю сыстэму — бязьлітасную, прагавітую, самаўлюбёную. Ашчаціненую агрэсіяй, злосьцю, усёдазволенасьцю. Сыстэму, якая сее страх, слабасьць, здраду, хлусьню, дэградацыю. Якая выціскае разумных, незалежных, самадастатковых. Тыражуе баязьлівых, цынічных, зласьлівых.

Я абвінавачваю сыстэму — бязьлітасную, прагавітую, самаўлюбёную. Ашчаціненую агрэсіяй, злосьцю, усёдазволенасьцю
Я абвінавачваю людзей, якія яе стварылі. Я абвінавачваю ў тым, што адбылося, людзей, якія ўчапіліся ва ўладу рукамі, угрызьліся ў яе зубамі. Тых, хто прысмактаўся, убудаваўся, адаптаваўся. Тых, хто напісаў для сябе законы, хто пад сябе стварыў правапрымяняльную практыку. Жалю вартыя і нікчэмныя, прадажныя і баязьлівыя. Каб зьмены хоць бы лізнулі пэнітэнцыярную сыстэму, трэба хоць на дзесяць сутак адправіць у «амэрыканку» Лукашэнку, Зайцава, Куляшова. Зрэшты, не зьдзіўлюся, калі даведаюся, што пералічаныя таварышы бачылі і працягваюць глядзець відэазапісы з камэраў СІЗА, з кабінэтаў сьледчых, з дворыкаў для шпацыраў, са спартзалі са «сьцяной катаваньняў і нянавісьці».

Сёньня я магу наўпрост глядзець у вочы ўсім. Я нікога не падвёў, нікога не падставіў, нікому ня здрадзіў! І дзякуй усім, хто ў гэты нялёгкі для мяне і маёй сям’і час падставіў нам плячо, падтрымаў добрым словам. Нізкі паклон вам, добрыя людзі! Я доўга быў у ізаляцыі, ні лістоў, ні вестачкі. Але я адчуваў, я ведаў, што сотні людзей мне пішуць. Гэтыя лісты напісаныя неабыякавымі сэрцамі! Я павінен адпавядаць вашым надзеям, вашым чаканьням. І я гэтага шчыра хачу. Хачу не расчараваць сваіх бацькоў, якія далі мне ўсё, і самае галоўнае — жыцьцё, якое я хачу пражыць годна.

Невінаватыя ня просяць ласкі. Невінаватыя ня каюцца і не шкадуюць. Да майго затрыманьня, фабрыкацыі гэтай ганебнай справы маюць дачыненьне многія. І сёньня я зьвяртаюся да выканаўцаў. Добра, калі ў вашых сем’ях растуць дочкі: у іх ёсьць шанец выйсьці замуж і зьмяніць прозьвішча.

Я карыстаюся магчымасьцю назваць імёны арганізатараў гэтай расправы. Гэта вы, міністар Куляшоў. Гэта вы, старшыня КДБ Зайцаў. Гэта вы, пракурор Васілевіч. Вашы імёны ўжо сталі хадзячай назвай. Вы сымбаль прававога бязьмежжа і дзяржаўнага тэрарызму. За вамі заўсёды будзе цягнуцца гэты шлейф. Нават калі вы ў будучыні захочаце стаць манахамі Жыровіцкага манастыра або валянтэрамі ў дамах састарэлых. У гэты шэраг я б паставіў і старшыню Вярхоўнага суду Валянціна Сукалу, пры якім суд стаў такой жа сілавой структурай і інструмэнтам расправы, як КДБ і МУС.

Анатоль Куляшоў
Анатоль Куляшоў

Вадзім Зайцаў
Вадзім Зайцаў


Рыгор Васілевіч
Рыгор Васілевіч


Знаходзячыся ў «амэрыканцы», я даў сабе слова зрабіць усё магчымае, каб у маім сэрцы не пасялілася нянавісьць. Нянавісьць — дрэннае пачуцьцё. Сёньня ты ненавідзіш ворага, заўтра — апанэнта, пасьлязаўтра — мінака, які выпадкова наступіў табе на нагу. Грань тонкая і далікатная. Да таго ж нянавісьць адна ня ходзіць, толькі ў абдымку з помстай. Я б не хацеў, каб мой сын помсьціў нечым дзецям, каб мае бацькі ненавідзелі бацькоў тых, хто зрабіў дрэнна мне. Краіна, якая патанула ў нянавісьці і ў якой жывуць людзі, асьлепленыя помстай, асуджаная на кроў і сьлёзы".

* * *

Перад сном яшчэ раз прачытаў рабочы тэкст. Усё ідзе паводле пляну. Яшчэ дні два — і тэкст выступу будзе ў чыставым выглядзе. Застанецца толькі прапрацаваць некаторыя прававыя аспэкты справы з адвакатам.


ПАРАЛЕЛЬНЫ СЬВЕТ





Папярэднія разьдзелы

Ноч разарваў доўгі званок...

Начны штурм і «Hilton-амэрыканка»

Грахоў на дзесяцёх, праблемы з вадой і каналізацыяй

Маскарад, першы раз у душы

І ў прыбіральні няма спакою, камэра асаблівага рэжыму, хованкі з пракурорам

«Народная воля» ў камэры, адпускаюць дадому, бег ланцугом

Правакацыя зь «біятуалетам», прынцып «або ўсё, або ніхто», аголены на расьцяжцы

Успаміны пра 2006-ты, псыхоляг-патолягаанатам, нікатынавы Чарнобыль

Крыкі з «пакоя катаваньняў», як выкрадалі Аліневіча, турэмны фітнэс

Абмянялі на Фядуту, характарыстыкі Статкевіча, новыя суседзі

«Сакрэты» Радзінай і Бандарэнкі, шчасьце мець кіпень, выхаваньне холадам, без Аляксандра

Зьяўленьне Арастовіча, аналітык камітэту, засьмярдзела шантажом

Дуліна пратэсту, эпідэмія Адамовіча, катаваньні Баптыста, непапраўны і таму беспэрспэктыўны

Чырвоная паласа, біяграфія пабоеў, фільм пра фонд Маршала

Цырульня за кратамі, парады парадзіхам, Правадыр Лябедзька

Пра Чаргінца, казіно ў «амэрыканцы», «Саўбелія» шырокага ўжытку, канцлягер і прытон пад адным дахам

Партрэты турэмнікаў, Бальзак замест кавы, «Анатоль, танцуй!», Яроменак у камэры

Салідарнасьць Яроменка, пра Сьнегіра, у войска па блату

Маёр Вазьняк, жудасныя маразы, Арастовіч сышоў, чарговы «алігарх»

Акліматызацыя Каранеўскага, сьмех з камэры катаваньня, яшчэ 5 месяцаў за кратамі, «Не коверкайте белорусский язык!»

Сон пра Міхалевіча, лісты вяртаюцца, лекцыя «Лукашызм на экспарт»

Віншаваньні бацьку, ці не надакучыла змагацца, голуб Лёлік

Уцёкі Міхалевіча, «маскі» зьніклі, як бомж на сьметніку

З(а)гадкі 19 сьнежня, лісты з эмблемай EPP, затапіла камэру, начныя жахі


Раманоўскі атрымаў «пяцёрку», прысьніўся Ганчар, хачу праўды!

Кіпень ужо не раскоша, вяртаюся ў маладосьць, аповед Некрашэвіча

Сьвята каўбасы, нестандартная майка, абавязковая тэлетэрапія, паэт «амэрыканкі»

Валасок Арцёмкі, помста Баптыста, прапанова ад Лукашэнкі

Юбілейны ліст дадому, сьледчы Бычак, прэзэнт для Дыка Чэйні, БУЛАГ

Анямелі ад жураўлёў, Кіркевіч у камэры, пра Бога і Філарэта

Камэра №8, верш кату, «аналітык» аказаўся Шуневічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG