Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Але Сямёнавай — 75

абноўлена

Архіўнае фота kamunikat.blox.pl.
Архіўнае фота kamunikat.blox.pl.

Сёньня беларускай пісьменьніцы і літаратуразнаўцы Але Сямёнавай споўнілася 75 гадоў.

Пра даробак Алы Сямёнавай і яе асобу гавораць калегі-пісьменьнікі.

Віктар Карамазаў, празаік.

"Ала Сямёнава? Што за падзея? Новая кніга, прэзэнтацыя? Дзень нараджэньня? Віншую. Але што я скажу ёй сёньня. Што я яе люблю? Так, люблю яе чытаць, бо слова тут — ад сэрца, улюбёнага ў радзіму, у сяброў, у птушак, у кветкі, ва ўсё што ёсьць у жыцьці. Яна аднойчы напісала эсэ пра свой Наваградак. Я прачытаў — паехаў у Наваградак, быццам яна мяне туды паклікала. Прыехаў — Алы там няма, але Наваградак па-новаму (хоць быў дагэтуль неаднойчы ў ім) адкрыўся мне вачыма Алы, як сталіца Княства. Яна пісала пра маю аповесьць «Крыж на зямлі». У аповесьці Бялыніцкі-Біруля. Я прачытаў Алу Іванаўну, яе чароўнае эсэ — зараўнаваў. Як магла яна палюбіць майго мастака мацней, чым я яго люблю. Я сябраваў з Стральцовым і пра яго пісаў — раз, і другі, і трэці. Часопіс папрасіў мяне, каб я сказаў нешта новае, і я адмовіўся. Мне падалося, што я ўжо ўсё сказаў, але прачытаўшы пра Стральцова тое, што напісала наша Алачка, адкрыў яго па-новаму, яна мяне пераканала, што пра Стральцова можна пісаць бясконца, што ён — бясконцы. Вось прачытаў яе прадмову да кнігазбораўскага тому Алены Васілевіч... Якое шчырае эсэ! Якая паўната пачуцьцяў да Алены Сямёнаўны, да яе твораў! Спыняюся на назьве эсэ — «Люблю, хвалююся, жыву» Гэта радок з Алены Васілевіч. Яе тут крэда творчае, яе тут душа. Але ж і Алы Сямёнавай і душа, і крэда... Любоў — гэта і ў Алы Іванаўны ня проста слова, і нават ня толькі пачуцьцё, гэта сам стыль жыцьця, стыль яе прозы, які яна нам дорыць у сваіх цудоўных кнігах. І я яе чытаю з адчуваньнем, нібыта тое, што чытаю, яна пісала для мяне. Напісана — як вымаўлена. Чытаю — як размаўляю з Алай, і напаўняюся яе любоўю да жыцьця".

Уладзімер Някляеў, паэт, празаік, былы старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, палітык.

«Сёньня юбілей Алы Сямёнавай, вельмі прыгожай жанчыны, вельмі таленавітага чалавека, які вельмі шмат зрабіў для беларускай літаратуры. Яна і пісала, і піша пра беларускую літаратуру і стварала, і стварае беларускую літаратуру. Яе крытыка і мастацкая проза — вельмі істотны ўнёсак у тое, што называецца беларускім прыгожым пісьменствам. Я памятаю яе ў час, калі літаратура нешта значыла і ў жыцьці беларускага народу, і ў жыцьці беларускай дзяржавы (няхай гэта тады была толькі савецкая рэспубліка), і памятаю пазьней, калі літаратура страціла сваю значнасьць, калі на зьмену ёй прыйшлі нібыта іншыя каштоўнасьці. І вось праз гэта Ала Сямёнава, як і ўсе астатнія літаратары, моцна перажывае. Яна нават апошнім часам схавалася ад публічнага жыцьця і мне вельмі шкада гэтага. Ну ды што ж, будзем спадзявацца, што паперадзе ў нас калі не найлепшыя, то прынамсі лепшыя за цяперашнія часы, і мы яшчэ прачытаем тое, што піша цяпер, схаваўшыся, гэтая таленавітая жанчына».

Міхась Скобла, паэт, намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў:

«Ала Сямёнава нарадзілася на Камчатцы, дзе ёсьць рэчка зь беларускай назвай — Паратунка. Своеасаблівым паратункам для мяне зьяўляецца яе творчасьць, якая нясе сьвятло і жыцьцёвы аптымізм. Яе эсэ пра Міхася Стральцова „Бэзавы попел“ — клясыка жанру, яно мне адкрыла ўнутраны сьвет улюбёнага паэта. У творах Алы Сямёнавай сьветла ад духаўздымнай хрысьціянскай паэзіі, ад помнікаў сакральнай архітэктуры. Яе вандроўныя эсэ гучаць, як музыка: „Санта Марыя дэль Ф’ёрэ... Назва, нібыта прасьпяваная сапрана. Як знак нябёсаў, відзежа, вялікасная выпадковасьць, пераможнае хараство, цуд, чар“. Памятаю, як уразіла мяне эсэ „Sursum сorda!“ („Угору сэрцы!“). Безьліч разоў бываў у Наваградку і ня ведаў пра акт беспрэцэдэнтнай ахвярнасьці, які адбыўся там падчас мінулай вайны, калі 11 сёстраў-назарэтанак пайшлі на сьмерць, каб выратаваць нявінных землякоў. Такое чытво — раскоша для душы і ратавальнае кола ўсім нам, часам безнадзейна занураным у цемру беларускай рэчаіснасьці. І я зычу Але Сямёнавай здароўя і моцы духу, каб яе новыя кнігі і надалей прасьвятлялі нас, яе чытачоў і прыхільнікаў».

Анатоль Кудравец, празаік, былы рэдактар часопісу «Нёман»:

«Ала Сямёнава — вельмі добры чалавек і таленавітая пісьменьніца. Па-першае, яна выдатны крытык, па-другое, выдатная пісьменьніца, па-трэцяе, выдатны рэдактар, па-чацьвёртае, выдатны таварыш. Вось яна напісала нядаўна сваё слова пра мужыка. Я пісаў ёй ліст, дзе выказаў сваё захапленьне. Яна піша і цікава, і добра, і глыбока. Віншую яе зь юбілеем, дай ёй Божа, здароўя, сілы і новага плёну».

***

Альбіна Сямёнава нарадзілася ў сям’і службоўцаў-юрыстаў. Бацькі ў 1930-я гады паехалі на Чукотку, жылі на Камчатцы, пазьней у Хабараўску. У 1944 г. сям’я вярнулася на радзіму ў Беларусь. Жылі ў Наваградку, дзе Альбіна скончыла сярэднюю школу (1955) і паступіла ў БДУ. Пасьля заканчэньня філялягічнага факультэту БДУ (1960) працавала рэдактарам і старшым рэдактарам выдавецтва «Навука і тэхніка». У 1968–1972 гг. літсупрацоўнік у прэс-бюлетэні «Служба быту Беларусі», у 1972–1986 гг. — рэдактар, старшы рэдактар рэдакцыі крытыкі, літаратуразнаўства і драматургіі выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1986 г. — літсупрацоўнік, з 1987 г. — рэдактар аддзелу мастацтва, крытыкі і бібліяграфіі часопіса «Нёман». Сябра СП СССР з 1982 г., потым Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG