Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску звольнілі актывіста незалежнага прафсаюза


Працаўнікі бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў патрабуюць аднавіць на працы звольненага сябра суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Дзьмітрыя Курмаза.

Ліст з такім хадайніцтвам дасланы ў адміністрацыю прадпрыемства. Яго падпісалі больш за два дзясяткі калегаў звольненага актывіста. Сам актывіст лічыць, што застаўся бяз працы, бо ня выйшаў, як таго жадала кіраўніцтва заводу, зь незалежнага прафсаюзу.

Дзьмітры Курмаз адпрацаваў на заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў больш за шэсьць гадоў. Рабіў наладчыкам заводзкага абсталяваньня. У Свабодны прафсаюз Беларускі ўступіў тры гады таму, бо палічыў, што той адстойвае правы працоўных. Сам падпісваў звароты ў абарону сваіх калегаў. Сяброўства ў незалежным прафсаюзе, лічыць ён, і стала прычынаю для звальненьня:

Курмаз: «Мне сказана было так: «Выходзь з Свабоднага прафсаюзу, альбо можаш вылецець з заводу. Па маёй працы ў мяне ніколі заўвагаў не было».

Карэспандэнт: «Рэакцыя вашых калегаў на ваша звальненьне была якой?»

Курмаз: «Людзі былі абураныя дужа. Пісалі зварот на імя дырэктара. Падпісаліся за мяне 25 чалавек».

Карэспандэнт: «А ў вас цяпер ці ёсьць магчымасьць знайсьці працу?»

Курмаз: «Ня ведаю. Тут жа паміж заводамі начальства павязанае, і калі пра мяне напелі ўжо на другіх заводах, то цяжка будзе».

Працаўнікі прадпрыемства пацьвярджаюць, што зьвярталіся да адміністрацыі, каб тая не звальняла Курмаза. Адзін з падпісантаў паведаміў «Свабодзе»:

«Працаўнікі напісалі ліст. Адправілі дырэктару. Дырэктар на разбор адправіў копію гэтага дакумэнту начальніку цэху. Тут жа выклікалі падпісантаў. Выклікалі па адным. Пыталі, ці асабіста яны падпісвалі. Нават правяралі подпісы — як хто расьпісваецца. Чалавек адпрацаваў сем гадоў, і ў ім мелі патрэбу, а цяпер у ім ня маюць патрэбы — гэта ж несправядліва. Лепшага спэцыяліста яны наўрад ці знойдуць. Давядзецца вучыць».
Выклікалі па адным. Пыталі, ці асабіста яны падпісвалі. Нават правяралі подпісы — як хто расьпісваецца

Гаварыць пра звальненьне Дзьмітрыя Курмаза, як і іншых раней звольненых актывістаў суполкі прафсаюзу, у адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюцца.

Тым часам на заводзкім сайце ў разьдзеле «Вакансіі» пазначана, што прадпрыемства мае патрэбу ў наладчыках. На тым жа сайце, але ў разьдзеле «Навіны кампаніі», зьмешчаная публікацыя, у якой прызнаецца, што працаўнікі зьвярталіся да адміністрацыі, каб тая падоўжыла працоўны кантракт з Курмазам. У адказ у нататцы заяўляецца, што звольнены актывіст парушаў працоўную дысцыпліну і нават быў сёлета дэпрэміяваны. Выказваецца сумнеў, што Курмаз — спэцыяліст высокай кваліфікацыі. Звольнілі яго па сканчэньні тэрміну дзеяньня кантракту.

На Магілёўшчыне толькі дзьве незалежныя прафсаюзныя суполкі на прадпрыемствах маюць зарэгістраваны статус. Абедзьве ў Бабруйску. Акрамя заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў, ёсьць яшчэ суполка Беларускага незалежнага прафсаюзу на «Белшыне». Паводле старшыні суполкі Міхаіла Ўсьціновіча, адміністрацыя аднаго з найвялікшых прадпрыемстваў рэгіёну пакуль цярпліва ставіцца да незалежных прафсаюзьнікаў. Звальняюць прафсаюзных актывістаў найчасьцей з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў.

Старшыня тамтэйшай незалежнай прафсаюзнай арганізацыі Міхаіл Кавалькоў лічыць, што адміністрацыя пастанавіла зьнішчыць суполку, таму пакрысе пазбаўляецца ад ейных актывістаў. Нагодай для звальненьня робіцца заканчэньне тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. У значнай часткі сяброў суполкі кантракты сканчаюцца ў наступным годзе. Сярод прычынаў, чаму звальняюць незалежных прафсаюзьнікаў, спадар Кавалькоў называе эканамічную нестабільнасьць:

«На заводзе, як і ў краіне, не зусім добрая эканамічная сытуацыя. Яны разумеюць, што менавіта наш прафсаюз ня будзе маўчаць пра праблемы заводу, якія могуць надысьці, і яны гэтага баяцца. Прафсаюз, як і раней, будзе патрабаваць, каб людзі былі забясьпечаныя працай, і галоўнае — каб заробкам».

Канфлікт адміністрацыі заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў з прафсаюзнай суполкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага рэгулярна становіцца нагодай для публікацыяў у беларускіх масмэдыях. Адносіны бакоў абвастрыліся ў лістападзе 2011 году. Тады працаўнікі сабралі тысячу подпісаў за падвышэньне заробкаў. Неўзабаве пасьля гэтага ў Міхаіла Кавалькова ўзьніклі праблемы з праходам на тэрыторыю заводу. Суполку пазбавілі сядзібы ў будынку заводакіраўніцтва. 31 жніўня 2012 году кіраўніцтва Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў і адміністрацыя прадпрыемства дамовіліся, што праблемы на заводзе ў стасунках між бакамі будуць разьвязвацца ў рэчышчы сацыяльнага супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG