Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Напад на дачку апазыцыянэра Вячаслава Шэлега выгадны тым, для каго ён — вораг»


Натальля Шэлег
Натальля Шэлег

Выкрадзеную і зьбітую 27 ліпеня дачку бабруйскага прадпрымальніка і сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вячаслава Шэлега выпісалі з бальніцы.

Пасьля нападу на шаснаццацігадовую Натальлю Шэлег лекары дыягнаставалі ў яе страсеньне галаўнога мозгу. Цяпер стан здароўя дзяўчыны здавальняючы. Новыя падрабязнасьці гучнай справы.

Як кажа Вячаслаў Шэлег, дачка пакуль не гатовая гутарыць пра перажытае з журналістамі. Зь ягоных слоў, Натальля яшчэ не зусім акрыяла ад стрэсу. Пра здарэньне пакуль устрымліваюцца распытваць яе і сямейнікі. Дзяўчына пэрыядычна скардзіцца на галаўны боль. Яе ўжо дапыталі ў сьледчым камітэце:

«Яе падрабязна, добра сьледчы апытваў: дзе яна ішла, па якой мясцовасьці. Яна ўсё гэта апісала падрабязна. Яна сказала, што атрымала ўдар, апрытомнела ў лесе, і хто мог нанесьці гэты ўдар, яна ня ведае. Ня можа нават уявіць, хто мог зь ейнага атачэньня такое зрабіць. Яе сябры ў разгубленасьці», — кажа Вячаслаў Шэлег.

Спадар Шэлег устрымліваецца ад адназначных высноваў што да сьледзтва і матываў нападу на дачку. Стараецца пазьбягаць заяваў, падобных да тых, якія рабіў 27 ліпеня. Тады ён казаў, што зьвязвае здарэньне з сваёй грамадзкай дзейнасьцю.

«Мне падаецца, што спэцслужбы і дзяржаўныя арганізацыі нам ня вераць. Мо гэта зьвязана з накладкамі ў нашых паказаньнях. Яны крыху адрозьніваюцца. А яны мяркуюць, што мы нібыта вядзём змову, я так думаю. Хоць сьледчыя зробяць высновы самі. Мая сям’я больш за ўсё непакоіцца, што будуць прызнаныя вінаватымі члены сям’і», — мяркуе Вячаслаў Шэлег.

Справу аб зьбіцьці Натальлі Шэлег расьсьледуе Бабруйскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту. Узбуджаная яна паводле артыкула «Хуліганства». Сёньня адбыўся сьледчы экспэрымэнт. На ім зьбіраўся быць Вячаслаў Шэлег. Ён, аднак, загадзя паведаміў, што пра падрабязнасьці сьледчага дзеяньня гаварыць ня будзе. Спаслаўся на нібыта абавязаньне не разгалошваць таямніцу сьледзтва. У рамках расьсьледаваньня справы Вячаслаў Шэлег здаў на экспэртызу кроў і зрэзы тканкі з пазногцяў.

Незалежны бабруйскі журналіст і блогер Дзьмітры Растаеў кажа, што пакуль справа выкраданьня і зьбіцьця Натальлі Шэлег ня стала гучнай у Бабруйску.

Напад на дачку актывіста апазыцыі падаецца журналісту невыпадковым. Ён нагадвае, што ў Бабруйску раней адбыліся два выпады супраць актывістак апазыцыйных арганізацыяў. Таісіі Кабанчук, таксама сябру аргкамітэту БХД, невядомыя ў 2011 годзе на сьцяне яе пад’езду зрабілі надпісы абразьлівага характару. А супраць актывісткі АГП Галіны Сьмірновай распаўсюджваліся ўлёткі з паклёпам на яе і ейную сям’ю. Актывісткі зьвярнуліся ў міліцыю, але зламысьнікаў тады не адшукалі. Цяпер — напад на Натальлю Шэлег. Журналіст схіляецца да думкі, што ў Бабруйску дзейнічае хуліганская група з прыхільнікаў дзейнай улады, якая, можа, і не зьвязаная са спэцслужбамі, але паводзіць сябе з сваімі апанэнтамі гэткім чынам:

«У 2013 годзе яны вырашылі правесьці сьмялейшую акцыю. Адна справа — улёткі раскідаць, а іншая — дзяўчыну фарбай абмазаць ды даць па галаве. Гэта псыхалягічная траўма. Добра было б міліцыі расьсьледаваць ня толькі гэтую справу, але і папярэднія эпізоды. Каму гэтыя паскудзтвы падкідаюць — у асноўным грамадзянскім актывістам. Каму гэта выгадна? Хто бачыць у Вячаславу Шэлегу, Галіне Сьмірновай ды Таісіі Кабанчук сваіх ворагаў. Мне падаецца, што ў гэтых справах прачытваецца агульны сьлед», — мяркуе бабруйскі журналіст Дзьмітры Растаеў.

27 ліпеня невядомыя ўдарылі Натальлю па галаве падчас ранішняй гімнастыкі, а калі яна страціла прытомнасьць, вывезьлі ў лес, дзе пакінулі, выпацкаўшы ў чорную фарбу ды забраўшы абутак. Дзяўчына, апрытомнеўшы, доўга блукала па лесе, пакуль ня выйшла на дарогу. Ёй удалося спыніць машыну. Праз тэлефон кіроўцы яна зьвязалася зь сям’ёй.

У Вячаслава Шэлега свой бізнэс. У 2006 годзе, пасьля таго, як у яго канфіскавалі партыю тавару, заняўся грамадзкай дзейнасьцю. У 2008-м балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў. У звароце да выбарцаў казаў пра карупцыю ў структурах мясцовай улады. Пазьней далучыўся да апазыцыйнай дзейнасьці. Стаў сябрам аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG