Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забяруць прыватных сьвіней у ваколіцах сьвінакомплексаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сустрэчы кіраўнікоў вэтэрынарных службаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны агучылі пастанову аб адчужэньні сьвіней з асабістых гаспадарак грамадзян у радыюсе 5–10 кілямэтраў ад сьвінакомплексаў па ўсёй Беларусі.

Кіраўнікі вэтслужбаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны сёньня на сустрэчы ў Менску абмеркавалі супольную барацьбу з афрыканскай чумой сьвіней.

Кіраўнікі Рассельгаснагляду, вэтэрынарных службаў Беларусі і Ўкраіны на сумеснай сустрэчы ў Менску дамовіліся аб аб’яднаньні намаганьняў у барацьбе супраць афрыканскай чумы сьвіней, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Апошні заявіў, што гаворка ішла пра тое, каб, акрамя тэхрэглямэнтаў Мытнага зьвязу, якія распрацоўваюцца доўга, увесьці дакумэнты накшталт дырэктыў Эўразьвязу, каб хутчэй рэагаваць на сытуацыю:

«Нам неабходна адзінае заканадаўства ў Мытным зьвязе ў гэтай сфэры, патрэбныя адзіныя правілы ўтрыманьня жывёл, — сказаў ён. — Усе нарматыўныя дакумэнты павінны рэглямэнтавацца Эўразійскай эканамічнай камісіяй».

Акрамя таго, дадаў ён, трэба заканадаўча ўвесьці ідэнтыфікацыю жывёл:

«Гэта павінна быць абавязкова. Трэба таксама жорстка рэглямэнтаваць правілы выкарыстаньня харчовых адкідаў, бо празь іх таксама можа распаўсюджвацца АЧС».

Удзельнікі сустрэчы, якія прадстаўляюць расейскі і беларускі бакі, таксама заявілі, што будуць прасіць Эўразійскую эканамічную камісію правесьці ў верасьні адмысловае пасяджэньне, прысьвечанае сытуацыі з АЧС і захадам барацьбы зь ёю.

Данкверт паведаміў, што на сустрэчы была адзначана праца беларускага боку па мінімізацыі шкоды ад АЧС, па ліквідацыі і прафіляктыцы гэтага захворваньня. Пастаноўлена, сярод іншага, правесьці адчужэньне сьвіней у асабістых гаспадарках у радыюсе 5–10 кілямэтраў ад сьвінакомплексаў на тэрыторыі ўсёй краіны, дадаткова абсталяваць 118 вэтэрынарных станцыяў.
АЧС не паддаецца ні лячэньню, ні прафіляктыцы шляхам вакцынаваньня

У сустрэчы ўзялі ўдзел кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднага эпізаатычнага бюро (МЭБ) па Ўсходняй Эўропе Казімірас Лукаўскас, віцэ-прэзыдэнт рэгіянальнай камісіі МЭБ па Эўропе, першы намесьнік міністра аграпалітыкі і харчаваньня Ўкраіны Іван Бісюк, намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы.

АЧС не паддаецца ні лячэньню, ні прафіляктыцы шляхам вакцынаваньня. Спыніць распаўсюджваньне віруса можна толькі жорсткімі карантыннымі захадамі.

У Расеі вірус распаўсюджваецца з 2007 году, за гэты час там зьнішчаныя сотні тысяч сьвіней. Сёлета ён дабраўся да Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай, дзе вырабляецца амаль чвэрць усёй сьвініны ў Расеі. Паводле зьвестак, пададзеных на сайце Рассельгаснагляду, на 19 ліпеня ў Расейскай Фэдэрацыі зарэгістравана 85 актыўных асяродкаў АЧС.

У канцы чэрвеня — на пачатку ліпеня ўспышкі АЧС былі зарэгістраваныя ў Гарадзенскай і Віцебскай абласьцях Беларусі, у сувязі з чым Рассельгаснагляд абмежаваў увоз у Расею сьвініны з гэтых рэгіёнаў. Пра ўвод абмежаваньняў на беларускую сьвініну абвясьцілі Літва і Ўкраіна, Польшча хоча адгарадзіцца ад Беларусі плотам.

Раней кіраўнік Мінсельгасхарчу Беларусі Леанід Заяц заяўляў, што вірус сьвіной чумы мог быць занесены ў краіну з кармамі для жывёл, якія паходзілі з Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG