Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей паехаў у Бялград па падтрымку


Уладзімір Макей
Уладзімір Макей
Генэральнай рэпэтыцыяй перад сустрэчай міністраў замежных спраў краін «Усходняга партнэрства» называюць многія аглядальнікі паездку ў Сэрбію кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімера Макея. 4–5 ліпеня ён быў у Сэрбіі з афіцыйным візытам.

Уладзімера Макея ў Бялградзе прымалі на найвышэйшым роўні. Зь ім асабіста сустрэўся прэзыдэнт Сэрбіі Таміслаў Нікаліч. Ён згадаў, як наведваў Менск у сакавіку 2013 году. І дадаў, што гатовы разьвіваць сэрбска-беларускія дачыненьні і надалей «на карысьць абодвух народаў».

Пазыцыя афіцыйнага Бялграду выглядае дваістай. З аднаго боку, ён далучыўся да візавых санкцыяў супраць групы беларускіх чыноўнікаў і падаў заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз. З другога — падтрымлівае непасрэдныя кантакты зь беларускім кіраўніцтвам, публічна заяўляе пра жаданьне быць разам у славянскім атачэньні і надзвычай прыязна ставіцца да цяперашняга расейскага кіраўніцтва.

Гэтую дваістую пазыцыю можна зразумець,— цьвердзіць беларускі палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
«Ёсьць пэўная лёгіка ў адносінах паміж Сэрбіяй, дзе кіруе нацыяналістычны прэзыдэнт Нікаліч, які крытычна настроены адносна Эўрапейскага Зьвязу, і Беларусьсю. І таксама трэба ўлічваць, што беларускі рэжым карыстаецца любой магчымасьцю, каб кінуць выклік Эўразьвязу і паказаць, што санкцыі Эўразьвязу ня дзейнічаюць. Магчыма, ёсьць і пэўныя эканамічныя інтарэсы, якія засталіся з той пары, калі прэзыдэнтам быў яшчэ Мілошавіч».

Украінскі журналіст Міхайла Рамач, які стала працуе ў Сэрбіі, гэтак тлумачыць для Свабоды пазыцыю афіцыйных уладаў Сэрбіі:

«Прадстаўнікі сэрбскага ўраду, а таксама прэзыдэнт Сэрбіі кажуць, што Сэрбія не прывязваецца толькі да аднаго боку. Яны ўвесь час кажуць, што на адным баку — Захад, Заходняя Эўропа, Злучаныя Штаты Амэрыкі. А на другім — Расея, Кітай, Індыя. І Бялград хоча добрых стасункаў з абодвума бакамі. Гэта — афіцыйнае тлумачэньне».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што да словаў прэзыдэнтаў Беларусі і Сэрбіі трэба ставіцца па-рознаму:

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі
«Сэрбія — не прэзыдэнцкая рэспубліка. Там шмат што залежыць ад ураду. За апошні час ніякіх заяваў пра зьмену эўрапейскага курсу зь Бялграду не было. Пра палітыку Сэрбіі я сказаў бы так: тое, што гаворыцца пра сяброўства з Усходам, — гэта больш прапагандысцкі курс. А на Захад, у Эўразьвяз краіна паступова ідзе.

Антыэўрапейскіх прыкмет у Сэрбіі цяпер няма. Больш за тое, Сэрбія знаходзіцца і на шляху далучэньня да НАТО. Хоць там ёсьць і пэўны псыхалягічны момант, зьвязаны з бамбардаваньнем НАТО былой Югаславіі. Але казаць, што Сэрбія будзе антыэўрапейскай выспай на Балканах, — гэта ня так».

Пра Сэрбію немагчыма сказаць, што яна хоча ісьці насустрач Расеі альбо Захаду,— пацьвярджае Міхайла Рамач:

«У Сэрбіі ёсьць людзі, якія вельмі набліжаныя да Расейскай Фэдэрацыі. Але ёсьць і такія, якія дужа спадзяюцца на паглыбленьне і пашырэньне стасункаў з краінамі Эўразьвязу. Сэрбская эканоміка найперш зьвязаная з эўрапейскай — нямецкай, італьянскай, францускай… А што яна можа ўзяць на гэтым тле з расейскай?»

22 ліпеня ў Брусэлі заплянаваная сустрэча міністраў замежных спраў краін, якія ўваходзяць у праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». У гэтай сустрэчы пасьля зьняцьця візавых абмежаваньняў можа ўдзельнічаць і Ўладзімер Макей. Як паведамілі Свабодзе ў МЗС Беларусі, беларускі бок цяпер вывучае такую магчымасьць. Пра сваё рашэньне ён праінфармуе пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG