Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праваабаронцы ня трапілі ў пастку ў справе Гайдукова»

абноўлена

Андрэй Гайдукоў
Андрэй Гайдукоў

Інтэрвію Аляксандра Сідаровіча газэце «Комсомольская правда» пракамэнтаваў для Радыё Свабода палітоляг і праваабаронца Юры Чавусаў.

Сёньня «Комсомольская правда» апублікавала інтэрвію з Аляксандрам Сідаровічам, першым намесьнікам пракурора Віцебскай вобласьці, у якім была прачыненая заслона сакрэтнасьці над справай Андрэя Гайдукова.

Паводле суразмоўцы КП, Гайдукоў сам захацеў працаваць на замежныя спэцслужбы, шукаў сувязяў зь імі, а беларускія спэцслужбы проста ўключыліся ў гульню. «У жніўні 2012 году ў спэцслужбу паступіла апэратыўная інфармацыя аб тым, што грамадзянін Беларусі хоча ўсталяваць сувязь з адной з разьведслужбаў. Ён падрыхтаваў ліст: на англійскай мове напісаў адрас ЦРУ (куды ён зьвяртаецца), а потым па-руску — хто ён, што сабой уяўляе. Таксама ў лісьце былі тры зашыфраваныя варыянты магчымай сувязі зь ім. У рамантычна-любоўным такім выглядзе», — распавёў КП.

Інтэрвію Аляксандра Сідаровіча пракамэнтаваў для Радыё Свабода палітоляг і праваабаронца Юры Чавусаў.

РС: Ці мяняе погляд праваабаронцаў на справу Гайдукова інтэрвію, якое віцебскі пракурор даў КП?

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Чавусаў: Трэба адзначыць, што гэта не афіцыйны камэнтар спэцслужбаў. Застаецца пытаньне закрытасьці гэтага працэсу. І цяжка рабіць высновы на падставе неафіцыйных камэнтароў. Хаця такія камэнтары праліваюць пэўнае сьвятло на тое, чаму адбылася перакваліфікацыя справы з арт. 356 (Здрада дзяржаве) на артыкул 356(1).

РС: А у чым гэтае сьвятло? Ён доўга сядзеў. І што — за гэты час не маглі вызначыць кваліфікацыю справы?

Чавусаў: Гэта звыклы падыход нашых спэцслужбаў — затрымаць па артыкуле, які дазваляе трымаць пад вартай да суду, а на судзе зрабіць перакваліфікацыю, калі не атрымаецца знайсьці доказаў. Гэта і трэба пытаць спэцслужбы — калі ад пачатку было зразумела, што ў справе няма здрады дзяржаве, чаму справу па гэтым артыкуле распачалі.

Такое ўжо было ў 2006 годзе. Артыкул 193(1) — наконт дзейнасьці незарэгістраваных арганізацый — не дае права затрымліваць людзей да суду. Таму тады адносна «Партнэрства» справу распачалі на артыкуле 193, а пасьля ў судзе перакваліфікавалі на менш цяжкую. КДБ магло трымаць Гайдукова пад вартай, каб схіліць яго ўзяць на сябе іншыя злачынствы шляхам самаагавору.

РС: У нядаўнім «Праскім акцэнце» вы, Юры, казалі: «ёсьць практыка Страсбурскага суду, які кажа, што ў выпадку, калі спэцслужбы, ведаючы пра злачынства, спрыяюць яму, такія людзі павінны быць апраўданыя». Беларусь не трапляе пад юрысдыкцыю гэтага суду. Але тым ня менш — гэта той выпадак?

Чавусаў: Не. Пытаньні правакацый з боку праваахоўных органаў сталі прадметам разгляду ў Страсбурскім судзе з прычыны скаргаў з краін постсавецкай прасторы, пераважна з Расеі і Ўкраіны. Размова ішла пра тое, што міліцыянты замест таго, каб спыняць злачынствы, актыўна яму спрыяюць, а потым прыцягваюць да адказнасьці. Пазыцыя Страсбурскага суду наступная: калі праваахоўныя органы далучыліся да нейкай крымінальнай актыўнасьці, даведаўшыся, што плянуецца нейкая змова, падыгралі змоўшчыкам, то гэта правакацыяй ня лічыцца. Іншая справа, калі праваахоўныя органы ініцыявалі зараджэньне злачыннага намеру, калі б злачынства не было бязь іх удзелу з самага пачатку, то тады гэта правакацыя і яе ахвяры мусяць быць апраўданыя.

У справе Гайдукова, як вынікае з камэнтара віцебскага пракурора, спэцслужбам стала вядома пра ўжо існую злачынную дзейнасьць і яны ўключыліся ў гэтую гульню.

РС: У той самай перадачы «Праскі акцэнт» журналіст Сяргей Сацук абмаляваў такі сцэнар разьвіцьця падзеяў: «Улады падштурхнуць праваабаронцаў абвясьціць Гайдукова палітвязьнем. А потым... улады дадуць зусім іншыя матэрыялы, дзе будуць прадстаўленыя доказы таго, што Гайдукоў на самай справе шпіён, а ня вязень сумленьня. Гэта чарговы раз выставіць праваабаронцаў дурнямі». Беларускія праваабаронцы Гайдукова палітвязьнем ужо абвясьцілі. Наступным ходам стала інтэрвію віцебскага пракурора КП. Сцэнар, пра які казаў Сацук, працуе?

Чавусаў: Не. Камэнтары праваабаронцаў найперш тычыліся закрытасьці гэтай справы і фармулёўкі артыкулу 356(1), наўмысна двухсэнсоўна сфармуляванай.

Хаця я паглядзеў заканадаўства іншых краінаў, дык беларускае заканадаўства выглядае ў гэтым пытаньні ня самым жудасным. У КК Нямеччыны для наяўнасьці аналягічнага злачынства дастаткова абвяшчэньня замежнай дзяржаве ці аднаму з пасярэднікаў пра гатовасьць удзельнічаць у агентурнай дзейнасьці. Беларускі кодэкс тут не выглядае самым строгім, хаця больш палохае тое, што кодэкс выкарыстоўваецца такім чынам і такімі судамі.

Што тычыцца прызнаньня Гайдукова палітвязьнем, то для беларуска-эўрапейскіх стасункаў самае важнае значэньне мае кансалідаваная пазыцыя міжнароднай супольнасьці, у першую чаргу Amnesty International. Пазыцыя Amnesty International агучаная не была, і гэта дазволіла праваабаронцам не патрапіць у гэтую пастку.

Такія справы патрабуюць пільнага вывучэньня і прынамсі заканчэньня судовага разгляду. Пададзеная касацыйная скарга, справа можа быць перагледжаная.

Хаця тут ёсьць пытаньне мэдыйнага асьвятленьня сумнеўных ці гучных крымінальных справаў. Праваабаронцы ўстрымліваліся ад камэнтароў да заканчэньня гэтай справы, а журналісты імкнуліся вычапіць пазыцыю да прысуду. Я мяркую, што ў сьвятле камэнтара ў КП уладам хопіць розуму зрабіць касацыйны разгляд адкрытым і тады справа паўстане ў зусім іншым сьвятле.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG