Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На курсах «Мова ці Кава» па-беларуску загаварылі нават маўчуны

абноўлена

Кацярына Кібальчыч
Кацярына Кібальчыч

Беларускамоўныя курсы пад назвай «Мова ці Кава», арганізаваныя на пачатку году журналісткай Кацярынай Кібальчыч у Маскве, а потым падхопленыя і ў Менску, бяруць перапынак на час летніх вакацыяў.

Асьцярогі наконт таго, што, магчыма, празь нейкі час суполкі па моўных інтарэсах страцяць цікавасьць наведнікаў, ня спраўдзіліся, таму ад восені плянуецца ўдасканаліць навучальную базу і прыцягнуць новых выкладчыкаў. З Кацярынай Кібальчыч у Маскве сустрэўся Ігар Карней.

Адна з кавярняў сеткі Starbucks у цэнтры Масквы ў раёне Лубянкі паўгода таму стала прыстанкам для некалькіх дзясяткаў чалавек, якія з розных прычынаў апынуліся ў Расеі, але не забываюцца пра сваю беларускую сутнасьць. Падчас нашай сустрэчы з Кацярынай Кібальчыч у залі было напаўпуста, але кожны панядзелак тут зьбіраецца вялікі беларускамоўны натоўп. Апошні ў сэзоне збор заплянаваны на 31 траўня, як кажа Кацярына — будзе своеасаблівы «выпускны»:

«Вось у Маскве сёньня фактычна пусты Starbucks, нікога няма, хоць звычайна падчас нашых курсаў тут а 9-й гадзіне проста натоўп людзей. Да верасьня мы фактычна разьвітваемся са студэнтамі — праўда, яшчэ не зусім. У нас 31 траўня, у пятніцу, адбудзецца выпусканая вечарына. Нашы студэнты настоялі на тым, што на разьвітаньне трэба правесьці нейкі незвычайны занятак. І вось мы прыдумалі правесьці ўрок танцаў, урок полькі, дзе будуць вучыць, скажам так, танчыць на беларускай мове. Бо мы лічым, што гэта таксама ўрок мовы, але праз танец. Таму вырашылі выпускны сумясьціць са своеасаблівым канцэртам. Мы запрасілі гурт „Пава“, які грае ў этна-стылі, да нас адмыслова прыедуць аж сем чалавек. Будзе такая вось незвычайная вечарына, на якую зьбяруцца ўсе нашы студэнты і ў добрым настроі разьвітаюцца да верасьня».

На курсах «Мова ці Кава» па-беларуску загаварылі нават маўчуны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:49 0:00
Наўпроставы лінк


Ад пачатку існаваньня маскоўскіх курсаў «Мова ці Кава» ў студзені гэтага году празь іх прайшлі ня толькі беларусы, але і расейцы. Але за паўгода касьцяк сталых наведнікаў усталяваўся і цяпер налічвае каля трох дзясяткаў чалавек. Кантынгент надзвычай разнастайны — ад студэнтаў да пэнсіянэраў.

Ужо празь месяц пасьля рэалізацыі ініцыятывы ў Маскве «мова-каўная» экспансія перакінулася ў Менск. Першы ж занятак выклікаў ажыятаж, сабраўшы больш за 100 удзельнікаў. І хоць колькасьць наведнікаў чакана зьменшылася, цікавасьць да курсаў па-ранейшаму значная. У Беларусі, удакладняе Кацярына, «апошні званок» перад вакацыямі прагучыць у панядзелак, 3 чэрвеня:

«У Менску прайшоў перадапошні занятак, які вёў Глеб Лабадзенка, а таксама
ёсьць мова, якой гаворыць Радыё Свабода, мы са студэнтамі таксама шукаем сваю мову, на якой павінны вучыць людзей
паспрабаваў сябе ў якасьці выкладчыка музыка Зьміцер Вайцюшкевіч. А на апошнім занятку ў нас будзе кінапаказ — фільм „Кава і цыгарэты“. Зноў жа, выбралі тэмай размовы, якія адбываюцца за кавай. Мы ўжо ня будзем займацца, а будзе дыскусія пра тое, як павінна разьвівацца беларуская мова. Таму што ёсьць мова, якой гаворыць Радыё Свабода, ёсьць мова, якой карыстаюцца на „Белсаце“, ці, скажам, мова, якой піша „Наша Ніва“. І хоць усё гэта паважаныя СМІ, мы са студэнтамі таксама шукаем сваю мову, на якой павінны вучыць людзей. Будзе дыскусія якраз пра аптымальны варыянт мовы — хоць нас усіх аб’ядноўвае беларуская мова, канцэпцыя разьвіцьця мовы розная. Але калі мы рухаемся разам, калі ў нас ёсьць мэта беларусізацыі, то, як я лічу, як лічаць нашы выкладчыкі, нельга разгойдваць човен. Нам трэба супрацоўнічаць, і вось менавіта пра гэта будзе размова».

Кацярына Кібальчыч адзначае відавочны прагрэс у сваіх студэнтаў. Па яе словах, калі некалькі месяцаў таму ў часе заняткаў многія зь цяжкасьцю падбіралі асобныя беларускія словы, то цяпер гатовыя ўдзельнічаць у дыскусіях:

«Спачатку нам трэба было проста неяк разгаварыць людзей, каб яны вальней пачувалі сябе ў беларускамоўным асяродзьдзі. А ўжо цяпер, калі людзі сталі вельмі падкаваныя, прызвычаіліся да нашых заняткаў, мы хочам даваць больш глыбокую інфармацыю пра мову. Дарэчы, на перадапошнім занятку ў Менску пісалі кантрольную работу па ўсіх тэмах, якія праходзілі на працягу гэтага „сэмэстра“. І правялі вельмі цікавую дыскусію — уявілі, што ёсьць нейкая нацыянальная моўная камісія, якая займаецца дзяржаўнай беларусізацыяй. Студэнтаў падзялілі на дзьве каманды апанэнтаў. Адны лічылі, што трэба беларускую мову дзеля яе ўратаваньня насаджаць прымусова, у тым ліку дыскрымінуючы расейскую, другая каманда, наадварот, пераконвала, што мова сама не памрэ, што столькі стагодзьдзяў яна існавала, нічога зь ёй ня здарыцца, і яна ўсіх нас перажыве. І там аж да крыку даходзіла! Але гэта таксама, я лічу, урок мовы: людзям так хацелася выказацца, што нават самыя маўчуны пачыналі размаўляць. А калі тэма сапраўды цікавая, то людзі будуць імкнуцца гаварыць па-беларуску».

Ініцыятарка моўных курсаў «Мова ці Кава» — 30-гадовая Кацярына Кібальчыч. Скончыла факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Першы журналісцкі досьвед атрымала ў тыднёвіку «Свободные новости». З 2005 году — журналістка Першага расейскага каналу. Ляўрэат прэміі «Залатое пяро Расеі-2010» у намінацыі «Спэцыяльны карэспандэнт». Уганараваная за сэрыю рэпартажаў з «гарачай кропкі», якой у сьнежні 2010 году стала яе радзіма — Беларусь. Рэжысэрка неаднаразова адзначанага на міжнародных фэстывалях дакумэнтальнага фільму «Беларуская мара», прысьвечанага выжываньню ва ўмовах дыктатуры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG