Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няхай бы ўвялі талёны ды купоны для бедных: гэта лепш, чым такія цэны…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Улада называе беларускую дзяржаву сацыяльна арыентаванай. Чыноўнікі пры кожным зручным выпадку нагадваюць пра гэта грамадзянам, хоць у рэальнасьці сьпіс сацыяльных ільготаў у Беларусі на працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў не пашыраецца, а скарачаецца. Адукацыю і мэдыцынскую дапамогу ў сучаснай Беларусі толькі ўмоўна можна лічыць бясплатнымі; пэнсіі і сацыяльныя выплаты ў краіне — адны з самых нізкіх ва Ўсходняй Эўропе. Цэны на хлеб, малако, іншыя асноўныя прадукты харчаваньня дзяржава фактычна перастала стрымліваць…

Пра тое, чаму так адбываецца і да чаго можа прывесьці — значная частка пошты Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Вось што піша на гэтую тэму наша слухачка Данута Крупіца зь Ліды:

«Многія краіны сутыкаюцца з эканамічнымі крызісамі, але дзе яшчэ гэтыя крызісы цягнуцца па 20 год, як у нас? Ну калі ўжо ў Беларусі настане хоць які парадак? Колькі ўжо можна падвышаць цэны, пагаршаць жыцьцё простага чалавека?

Чаму ў Польшчы, Літве цэны даўно стабільныя і прадукты там таньнейшыя, чым у нас, а заробкі — вышэйшыя? Многія нашы людзі (хто маладзейшы ды жвавейшы) езьдзяць туды па тавары, а потым яшчэ і гандлююць імі тут. А што рабіць нам — старэйшым? Вось ляжаць на вітрыне каўбасы — 200 гатункаў. Месяцамі ляжаць, не псуюцца, бо напханыя рознымі кансэрвантамі. Людзі іх амаль не купляюць: кошты нейкія касьмічныя. Каму гэта трэба?

Летась пэнсіі ў нас вырасьлі прыблізна ў тры разы, а цэны на многія тавары — разоў у пяць. Калі даўней каструля, чайнік каштавалі 2–3 рублі і на заробак іх можна было купіць 100 штук, а на пэнсію — 50, то цяпер заробку хопіць хіба што на 10, а то і меней тых чайнікаў. Аналізую цэны на абутак, на бытавую тэхніку — тая ж карціна.

Асабіста ў мяне лядоўня — 1975-га году выпуску. Тэлевізар сапсаваўся і ня ведаю, калі набуду новы. Ані пыласоса, ані міксэра ня маю. Дзе ты іх купіш, калі на ежу не хапае.

Эканоміку нашу нельга назваць ні сацыяльна арыентаванай, ні рынкавай. Нейкі суцэльны заняпад ды ўбоства. Часам думаю: няхай бы ўжо ўводзілі талёны ды купоны для людзей зь нізкімі даходамі ды пэнсіямі: усё было б нейкае выйсьце.

У іншых краінах ледзь дзяржава паспрабуе крыху зьнізіць заробкі — працоўныя выходзяць на вуліцу, дамагаюцца зьмены ўлады. А ў нас гэтак ціснуць народ каторы ўжо год — а паспрабуй хоць бы разявіцца».

Сапраўды, спадарыня Данута, Беларусь ужо на працягу прынамсі дваццаці гадоў — у абсалютных лідэрах сярод эўрапейскіх краін па тэмпах абясцэньваньня сваёй грашовай адзінкі (гэта значыць — па інфляцыі). Чаму так адбываецца? Утаймаваць высокую інфляцыю можна было ўжо даўно. Усе суседзі Беларусі, якія таксама перажылі складаны пераходны пэрыяд ад сацыялізму да свабоднага рынку, зрабілі гэта яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. І польскі злоты, і літоўскі літ, і латвійскі лат, і нават расейскі рубель ужо больш як дзесяцігодзьдзе — устойлівыя валюты, і цэны ў гэтых краінах калі і растуць, то на некалькі працэнтаў за год.

У Беларусі ўсё па-іншаму. І робіцца гэта, відавочна, сьвядома. Перад якой-небудзь чарговай палітычнай кампаніяй улада раптам шырокім жэстам падвышае заробкі і пэнсіі, раздае льготы. Альбо пад лёзунгам абароны маладых сем’яў пачынае масава раздаваць амаль бясплатныя шматмільярдныя крэдыты на будоўлю жыльля. Альбо распачынае маштабнае будаўніцтва лядовых палацаў — аб’ектаў заведама стратных, нерэнтабэльных і надзвычай дарагіх. Натуральна, што грошы гэтыя — не заробленыя, надрукаваныя. І вельмі хутка яны абясцэньваюцца. Праўда, да таго часу чарговая палітычная кампанія ўжо, як правіла, скончылася, і ўлада дабілася таго, чаго хацела ад людзей. Ну, а людзям застаецца змагацца з наступствамі чарговай дэвальвацыі. Гэтая схема на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў спрацоўвала неаднаразова.

✉ ✉ ✉

Наступны ліст — ад Віктара Макарэвіча зь вёскі Няровы Валожынскага раёну. Разважаючы аб прычынах шматлікіх эканамічных і сацыяльных праблемаў, зь якімі ня можа справіцца беларуская дзяржава, слухач піша:

«Думаю, галоўная прычына — у тым, што ў нашым кіраўніцтве амаль няма прыстойных, мудрых, адукаваных людзей, здольных самастойна арганізоўваць працу і адстойваць уласны пункт гледжаньня. У краіне яны ёсьць, але ўся сыстэма ўлады пабудаваная так, што ім няма дарогі ў структуры кіраваньня. Да ўлады дапускаюць пераважна кар’ерыстаў, прыслужнікаў, падхалімаў і прыстасаванцаў.
Не хапае ў нашым грамадзтве сапраўднай салідарнасьці, адзінства — інакш такое кіраўніцтва даўно загрымела б у адстаўку, а некаторыя, напэўна, і ў турму
Не хапае ў нашым грамадзтве сапраўднай салідарнасьці, адзінства — інакш такое кіраўніцтва даўно загрымела б у адстаўку, а некаторыя, напэўна, і ў турму. Нават калі б адзін толькі прынцып хрысьціянскага братэрства дзейнічаў — і то было б усё па-іншаму. Але ж дачыненьні між людзьмі ў нас будуюцца пераважна на іншых прынцыпах. Страшныя перажыткі ленінска-сталінскай сыстэмы ўсё яшчэ вельмі трывалыя ў беларускім грамадзтве. І ўсё ж, спадзяюся, калі-небудзь гэта ўдасца пераадолець».

Так, спадар Віктар, уладная намэнклятура пачувае сябе ў такіх умовах цалкам камфортна: справаздачы перад людзьмі яна не трымае, палітычнага суперніцтва і канкурэнцыі не адчувае, за будучыню не непакоіцца, паколькі тэрмін сваёй улады лічыць неабмежаваным… Без уласных высілкаў беларусаў тут наўрад ці што зьменіцца: начальства паводзіць сябе так, як дазваляе яму большасьць грамадзтва.

✉ ✉ ✉

Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе ў Беларусі — ужо амаль дзевятнаццаць гадоў. Як да гэтага ставяцца людзі? Ці спрыяе незьмяняльнасьць улады беларускай эканоміцы? Вось як адказвае на гэтыя пытаньні Антон Касянюк з Ашмянаў. Слухач піша:

«Цяпер у народзе ідзе палеміка: колькі яшчэ часу Лукашэнка будзе прэзыдэнтам. Людзі рознае кажуць. Але большасьць усё ж сыходзіцца на думцы, што прэзыдэнта рана ці позна трэба мяняць.

Выкрываць ды лаяць яго я не вазьмуся: небясьпечна, дый непрыстойна. Калі ён выступае па тэлевізары, пераканаўча гаворыць, лае сваіх падначаленых, са сьлязой у голасе спачувае простаму народу і махае пры гэтым рукамі — дык неяк верыш яму. Я заўважаю, што і іншыя вераць: згодна ківаюць галовамі, бо праўду ж кажа… Яно ўсё так, усё праўда, але ж пасьля гэтага ўжо дваццаць гадоў нічога не мяняецца. Дык я ўсё часьцей успамінаю народную прымаўку: колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе…
Чым усё гэта скончыцца? Напэўна, бедзтвам
Стабільнасьць у нас толькі ў тэлевізары. У рэальным жыцьці людзі стабільнасьці не адчуваюць. З цэнамі што робіцца — гэта ж нейкі жах. Кожны дзень — новыя, вышэйшыя. Чым усё гэта скончыцца? Напэўна, бедзтвам. Самім простым людзям цяжка ва ўсім гэтым разабрацца. Добра было б, каб Захад дапамог нашаму беднаму народу дабіцца праўды. Самастойна наўрад ці здолеем.

Асабіста я тройчы быў асуджаны за народную справядлівасьць — першы раз за „тунеядзтва“, другі — за супраціў прадстаўнікам улады, трэці — за бадзяжніцтва.

Яшчэ хачу сказаць пра тое, што крадуць у нас бязбожна. Ня ведаю, як начальнікі, але і простыя рабацягі цягнуць з працы, хто што можа. У сувязі з гэтым прапаную ў школьных сталоўках не даваць дзецям сасіскі, катлеты і ўсё такога кшталту, што лёгка вынесьці ды ўкрасьці. Трэба гатаваць супы ды іншыя вадкія стравы, якія кухарам ды прыбіральшчыцам будзе немагчыма цягнуць у сумках ды кішэнях дахаты».

Надта ж радыкальны спосаб барацьбы са злодзеямі вы прапануеце, спадар Антон. Калі яго выкарыстаць, то пацярпяць, баюся, ня столькі махляры, колькі дзеці. Дарэчы, найбольш крадуць зусім ня тыя, хто цішком спрабуе вынесьці нешта са школьнай сталоўкі. Гэта — дробязі ў параўнаньні з набітымі валютай чамаданамі, якія ў якасьці «адкатаў» за свае паслугі атрымліваюць высокапастаўленыя чыноўнікі. Хоць увогуле гэта зьявы аднаго парадку, і сьведчаць яны пра глыбінныя заганы, уласьцівыя ўсяму грамадзтву. Адолець іх павінны самі беларусы. Гэтак жа самастойна давядзецца вырашаць і праблему зьмяняльнасьці ўлады. Дасьведчаныя замежныя суседзі могуць тут дапамагчы парадай, але ніхто ня можа і не павінен зрабіць тое, што пад сілу толькі самому беларускаму грамадзтву.

✉ ✉ ✉

У аглядзе пошты 17 красавіка прагучаў ліст Рыгора Сенькіна з Барысава, у якім ішла размова пра тое, чаму дзяржава, выдаткоўваючы вялізныя грошы на вялікі спорт, так абыякава ставіцца да спорту дзіцячага. На гэты ліст адгукнуўся наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Ён піша:

«Цалкам пагаджаюся са спадаром Рыгорам наконт занядбанасьці дзіцячага спорту ў Беларусі і адсутнасьці працы з рэзэрвам. Наогул, на беларускіх дзетак наша дзяржава зьвяртае, мякка кажучы, недастаткова ўвагі. Чыноўнікі, вядома, не пагодзяцца са мной, знойдуць тысячу „доказаў“ таго, што я ня маю рацыі, што ў нас для дзяцей робіцца ўсё магчымае і нават немагчымае. Але я вам, шаноўныя чыноўнікі, не прэзыдэнт Лукашэнка, мне пыл у вочы ня трэба пускаць і локшыну на вушы вешаць таксама ня варта, бо ў вас усё роўна нічога не атрымаецца. Навошта мне вашыя фальшывыя справаздачы? Каб упэўніцца ў вашай чыноўніцкай хлусьні, мне нават на вуліцу выходзіць ня трэба — дастаткова глянуць у вакно. А яно выходзіць у мой двор (дарэчы, самы вялікі двор у нашым райцэнтры), і двор гэты больш нагадвае танкадром. У якасьці доказу дасылаю два здымкі гэтага двара. Адзін зроблены ў канцы 2008 году (дакладней, 4 сьнежня), другі — сёньня, 30 красавіка 2013-га. Яны, акрамя надвор’я, мала чым адрозьніваюцца. Вы бачыце ў гэтым двары хоць што-небудзь, зробленае для дзяцей? Тут амаль за пяць гадоў хоць што-небудзь памянялася, акрамя таго, што на месцы кантэйнэраў для сьмецьця ля райвыканкамаўскага гаража зьявілася вялізная яміна? Ды нічога! І ня трэба паказваць пальцам на занядбаную пяцікантовую пясочніцу, якая хоць і мае пэўнае дачыненьне да дзяцей, але ніякім чынам ня можа характарызаваць вас, панове чыноўнікі, станоўча.

Гэтыя здымкі, шаноўныя „заступнікі“ дзіцячага вольнага часу, як найлепш адлюстроўваюць вашыя сапраўдныя адносіны як да беларускіх дзяцей наогул, так і да дзіцячага спорту ў прыватнасьці, асабліва ў правінцыі. Запэўніваю, што падобным чынам выглядаў гэты двор і дзесяць, і пятнаццаць, і дваццаць год таму. Мяркую, што такое можна ўбачыць ня толькі ў нашым райцэнтры».

На фатаздымках, якія даслаў спадар Кастусь, — вялікі занядбаны двор, увесь перарэзаны каляінамі ад транспарту, без аніякіх прыкметаў гаспадарскага догляду. Хоць плошча двара такая, што там маглі б разьмясьціцца і спортпляцоўка, і куток для дзіцячых гульняў. Зрэшты, такі ж малюнак можна назіраць ледзь ня ў кожным беларускім горадзе…


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG