Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адмовілася выдаць Таргамадзэ Расеі


Гіві Таргамадзэ
Гіві Таргамадзэ

Расея абвінавачвае грузінскага палітыка, былога старшыню парлямэнцкага камітэту па абароне і бясьпецы Гіві Таргамадзэ ў падбухторваньні да беспарадкаў. Як стала вядома, зь лютага гэтага году сп. Таргамадзэ жыў у Літве.

Цяпер ён паведаміў, што зьбіраецца вярнуцца на радзіму, паколькі Інтэрпол выключыў з сваёй базы дадзеных просьбу Расеі аб яго вышуку і затрыманьні , а пракуратура Літвы адхіліла просьбу Расіі аб яго экстрадыцыі. Пра гэта піша партал delfi.lt. Гэтае рашэньне пракуратуры Літвы пацьвердзіў Віленскі акруговы суд.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Сойме ў аўторак грузінскі палітык паведаміў, што ў красавіку атрымаў ліст генэральнага сакратара Інтэрполу Роналда Ноўбла пра тое, што зварот Расеі з нагоды яго пошуку супярэчыў правілам Інтэрполу, таму яго пошук ня можа праводзіцца, а інфармацыя аб Таргамадзэ будзе выключана з базы дадзеных.

17 красавіка Генэральная пракуратура Літвы таксама паведаміла, што дала нэгатыўны адказ на просьбу Расеі ў парадку прававой дапамогі выдаць ёй грузінскага парлямэнтара. Па словах пракурора Расы Тункявічэне, абвінавачаньні, якія выстаўляюцца Таргамадзэ, не прыводзяць да крымінальнай адказнасьці, таму просьба аб экстрадыцыі адхіляецца.

Гэта рашэньне Генпракуратуры 27 красавіка пацьвердзіў і Віленскі акруговы суд. У рашэньні суду падкрэсьлівалася, што Таргамадзэ ў Расеі можа падпасьці пад перасьлед па палітычных матывах.

Сёлета ў лютым Расея выдала ордэр на арышт Таргамадзэ, абвінаваціўшы яго ў арганізацыі і фінансаваньні масавых беспарадкаў у Расеі. Яго, у прыватнасьці, абвінавачваюць у тым, што ён прапанаваў прадстаўнікам расейскай апазыцыі арганізаваць беспарадкі на тэрыторыі Расеі і перадаў на гэтую дзейнасьць 200 тыс. долараў. Паводле расейскіх праваахоўных органаў, адпаведныя сустрэчы Таргамадзэ з расейскімі апазыцыянэрамі адбываліся ў Менску.

Відэазапіс размоваў грузінскага палітыка зь лідэрам расейскага «Левага Фронту» Сяргеем Удальцовым і яго паплечнікамі дэманстраваліся па расейскіх тэлеканалах. Расейскі апазыцыянэр Канстанцін Лебедзеў, які быў арыштаваны і асуджаны па справе мітынгу на Балотнай плошчы ў Маскве 6 траўня 2012 году, пацьвердзіў, што сустрэча ў Менску мела месца. Сяргей Удальцоў адмаўляе самы факт сустрэчы.

Відэаматэрыялы аб ягоных сустрэчах у Менску называе фальшыўкай і Гіві Таргамадзэ:

«Я не знаёмы з расейскімі апазыцыянэрамі. Не было нагоды зь імі сустракацца, знаёміцца, але з радасьцю пазнаёміўся б. Тое, што спачатку паказалі дзяржаўныя мэдыйныя сродкі Расеі, а пасьля — Сьледчы камітэт, ад пачатку да канца — падробка».

На думку палітыка, мэтай усяго гэтага быў арышт Сяргея Удальцова.

Таргамадзэ на прэсавай канфэрэнцыі ў Сойме Літвы выказаў радасьць з нагоды таго, што яму ўдалося абараніцца цывілізаваным спосабам:

«Я шчасьлівы тым, што створаны прэцэдэнт, што расейскія ўлады ня могуць перасьледаваць людзей, якія ім не падабаюцца, за межамі Расеі, што прававы „беспредел“, які чыніцца ў Расеі, не распаўсюджваецца на цывілізаваны сьвет».

Запрасіў грузінскага палітыка ў Сойм дэпутат парлямэнцкай фракцыі партыі Саюз Айчыны — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты Мантас Адаменас. Падчас прэсавай канфэрэнцыі ён падкрэсьліў, што гэтым разам Расея ня здолела разбурыць давер паміж Грузіяй і Літвой:

«Хачу парадавацца таму, што супрацоўніцтва Літвы і Грузіі не ўдалося разбурыць грубым чынам, пасеяць недавер. Калі б у Літве быў арыштаваны адзін зь лідэраў грузінскай дэмакратыі, без сумневу, разбурэньне гэтага недаверу было б непазьбежным. Трэба спадзявацца, што Літва стане сапраўды бясьпечнай прасторай для дэмакратыі, дзе яе прадстаўнікі ня будуць адчуваць запалохваньняў з боку сакрэтных службаў іншых дзяржаў. Гэта як раз спрабаваў зрабіць аўтарытарны рэжым Масквы, зрабіць гэта не ўдалося, гэтаму трэба радавацца, але быць пільнымі».

Варта адзначыць, што фігура Гіві Таргамадзэ стала прадметам палітычных спрэчак і на яго радзіме. Парлямэнт Грузіі ў найбліжэйшым часе мае намер зацьвердзіць парлямэнцкую групу даверу, якая будзе мець доступ да сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі. Аднак парлямэнцкая большасьць, апазыцыйная прэзыдэнту Саакашвілі, выступіла супраць таго, каб былы старшыня парлямэнцкай камісіі Таргамадзэ стаў чальцом гэтай групы.

Па словах лідэра парлямэнцкай большасьці Давіда Саганэлідзэ, гэта зьвязана з крымінальным перасьледам палітыка расейскімі сьледчымі органамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG