Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага-2: ці выдаваў Тбілісі Менску зьвесткі пра беларускую апазыцыю?


Гіві Таргамадзэ
Гіві Таргамадзэ
Пра тое, што гэта мела месца, заявіў ў інтэрвію «Коммерсанту» расейскі апазыцыянэр Канстанцін Лебедзеў, які праходзіў па справе аб акцыях пратэсту на Балотнай плошчы ў Маскве ў траўні летась. «Здраднікам сябе не адчуваю» — сказаў Лебедзеў, які пайшоў на судовую зьдзелку — у абмен на зьмякчэньне прысуду прызнаў віну і даў паказаньні на сваіх паплечнікаў.

У інтэрвію Лебедзеў сказаў, што сустрэчы ў Менску грузінскага палітыка Гіві Таргамадзэ і прадстаўнікоў левага крыла расейскай апазыцыі сапраўды адбываліся, пры гэтым абмяркоўваліся пляны акцыяў пратэсту ў Расеі, а таксама вырашаліся пытаньні іх фінансаваньня. Відэазапіс сустрэчаў Таргамадзэ з адным з лідэраў расейскай апазыцыі Сяргеем Удальцовым фігураваў у стужках расейскіх тэлеканалаў, якія дыскрэдытавалі апанэнтаў Крамля.

Пры гэтым у заявах Лабедзева прысутнічала і ўласна беларуская тэма:
«У 2010 годзе, калі яны запрасілі мяне папрацаваць у Менск чарговы раз, я ўжо ведаў, што з 2008 году яны памірыліся з беларусамі. Лукашэнка тады павярнуўся ў бок Эўропы, і да яго прыехаў Беразоўскі. Грузіны памірыліся зь беларусамі і праз Сухарэнку, тагачаснага кіраўніка КДБ Беларусі, пачалі туды прыяжджаць. І ў 2010 годзе Таргамадзэ распавёў мне, на якіх умовах гэта адбылося: яны вельмі хацелі, каб Лукашэнка адвярнуўся ад Расеі. Адной з умоваў было, што ўсе свае дадзеныя па беларускай апазыцыі, зь якой яны працавалі вельмі даўно і ўклалі туды шмат грошай, яны здаюць КДБ. Яны распавялі ім пра ўсе спансаваныя імі акцыях і здалі ўсіх беларускіх апазыцыянэраў, з кім яны працавалі. На выбарах у 2010 годзе яны далі мне заданьне: пахадзі па сябрах-апазыцыянэрах, уведай іх пляны і раскажы нам. Пасьля гэтага я купіў дыктафон і стаў запісваць такія размовы. Даў паслухаць мясцовым сябрам-актывістамі, яны, вядома, ахранелі. Сытуацыя была непрыемная».

У інтэрвію Лебедзева фігуруе яшчэ адзін пэрсанаж — ізраільскі бізнэсовец беларускага паходжаньня Анатоль Моткін. Адказваючы на пытаньне, хто здымаў відэа, якое потым зьявілася на расейскіх тэлеканалах, апазыцыянэр адказаў: «Варыянтаў шмат, я схіляюся, што пісалася самімі грузінамі на ўсялякі выпадак. Я і Сярогу (Удальцову — РС) казаў: ты ж разумееш, што яны нас пішуць? Ён адказваў: разумею. Але мы ня верылі, што ім спатрэбіцца нас калі-небудзь зьліваць. Я дагэтуль не магу зразумець прычыны, па якой гэта магло адбыцца, таму не бяруся адназначна сьцвярджаць, што гэта грузіны нас здымалі. Адзінае, у іх мог быць перарасход. Яны хапанулі дзесьці грошай, пасьля 6 траўня нічога сур’ёзнага не адбылося, а грошы ўжо ўхапілі, вось і вырашылі нас зьліць, каб потым адказ не трымаць. Яшчэ ёсьць такі пэрсанаж Анатоль Моткін, эмісар Бярозаўскага, ён быў у курсе ўсіх спраў, грузіны яму вельмі давяралі. Ён такі сапраўдны дзялок. І гэты чалавек мог весьці нейкую сваю гульню. Усе кватэры, дзе мы зьбіраліся, ён ведаў і мог здымаць. Усё магло быць».

Мы паспрабавалі высьветліць сапраўднасьць шчыраваньняў Лебедзева. Тэлефон Гіві Таргамадзэ, які застаецца дэпутатам грузінскага парлямэнту, але ўжо страціў пасаду старшыні камісіі па абароне і бясьпецы, не адказвае. Раней у інтэрвію расейскай «Новой газете» ён казаў, што ў барацьбе Пуціна з апазыцыяй яго сымпатыі на баку апошняй, аднак не пацьвярджаў нават факту знаёмства з Сяргеем Удальцовым. Пераемнік Таргамадзэ на пасадзе старшыні парлямэнцкай камісіі па абароне і бясьпецы, прадстаўнік руху «Грузінская мара» Іраклі Сесіашвілі сказаў, што ня мае інфармацыі пра тое, што грузінскія ўлады ў часы кіраваньня Міхаіла Саакашвілі перадавалі беларускім уладам інфармацыю пра беларускіх апазыцыянэраў. Спадару Сесіашвілі невядома, ці вядуць нейкія органы, падсправаздачныя новым грузінскім уладам, расьсьледаваньне на гэты конт. Палітык выказаў меркаваньне, што калі перадача такіх дадзеных і адбывалася, то неафіцыйна, што ўскладняе дасьледаваньне.

Заяву Лебедзева пра перадачу зьвестак пра беларускую апазыцыю з Тбілісі ў Менск мы папрасілі пракамэнтаваць аглядальніка грузінскай службы нашага радыё Кобу Ліклікадзэ.

Луклікадзэ: «Мне здаецца гэта ненатуральнай устаўкай у інтэрвію, накіраванай на тое, каб падарваць стасункі Беларусі і Грузіі. Я не разумею, якія такія сакрэты беларускай апазыцыі маглі ведаць у Грузіі, што гэта давала беларускаму КДБ і чаму Саакашвілі мог так сябе дыскрэдытаваць перад Захадам. Я зусім не прыхільнік Саакашвілі, я не галасаваў за яго, але я ня думаю, што зь яго ведама такія інфармацыя была перададзеная Лукашэнку».

Дракахруст: «А ці ня мог гэта зрабіць грузінскі палітык больш авантурнага складу, кшталту спадара Таргамадзэ?»

Ліклікадзэ:« Гэта вельмі добрае пытаньне. Пасьля леташніх кастрычніцкіх выбараў і перамогі апазыцыі сталі відавочныя супярэчнасьці ўнутры прапрэзыдэнцкага «Адзінага нацыянальнага руху». Кіраўнік дэпартамэнту канстытуцыйнай бясьпекі МУС Грузіі Дато Ахалая, які 7 месяцаў знаходзіцца ў выгнаньні, апублікаваў артыкул, дзе напісаў, што ва ўсіх апошніх бедах Грузіі вінаваты былы міністар унутраных справаў Вано Мэрабішвілі».

Дракахруст: «Цікава, што яшчэ ў верасьні 2007 году менавіта Мэрабішвілі прылятаў у Менск, сустракаўся з Лукашэнкам і з таго часу пачалося паляпшэньне адносінаў паміж Менскам і Тбілісі. Мэрабішвілі мог згуляць сваю гульню зь інфармацыяй пра беларускую апазыцыю?»

Ліклікадзэ: «Мог. Ён быў вельмі уплывовы чалавек і шмат што кантраляваў. Ці кантралявалі яго — гэта пытаньне. Магла быць зьвязка Таргамадзэ-Мэрабішвілі».

Ізраільскі бізнэсовец, ўладальнік інфармацыйнага парталу «Курсор» і адначасна ганаровы консул Беларусі ў Ізраілі Анатоль Моткін, камэнтаваць заявы Лебедзева на ягоны конт катэгарычна адмовіўся.

Няма пэўнага пацьверджаньня (як і абвяржэньня) інфармацыі пра тое, што грузінскія ўлады ў 2008 годзе і пасьля перадавалі беларускаму афіцыйнаму боку нейкія зьвесткі пра беларускіх апазыцыянэраў. Да таго ж сваё інтэрвію Канстанцін Лебедзеў даваў несвабодным, а знаходзячыся ў расейскай турме. Пры гэтым расейскія ўлады лічаць Міхаіла Саакашвілі сваім ворагам і зацікаўленыя ў яго дыскрэдытацыі. Варта адзначыць, што сытуацыя з гіпатэтычнай перадачай зьвестак пра беларускую апазыцыю з Тбілісі ў Менск адрозьніваецца ад сытуацыі з перадачай літоўскімі і польскімі банкамі інфармацыі пра рахункі Алеся Бяляцкага. Там гэта стала здабыткам галоснасьці і прывяло да арышту і турэмнага зьняволеньня канкрэтнага чалавека. Зьвесткі з Грузіі, калі яны і перадаваліся, нідзе публічна не ўсплывалі і ні на якіх працэсах не фігуравалі.

Матывацыя Таргамадзэ, на якую спасылаецца ў сваім інтэрвію Лебедзеў, уяўляецца дзіўнаватай. Лукашэнка не прызнаў незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі зусім не дзеля Грузіі, а дзеля Захаду, дзеля Эўразьвязу і наўрад ці выстаўляў Тбілісі нейкія ўмовы гэтага непрызнаньня.
Аднак вядома, што з пэўнага моманту стасункі паміж Менскам і Тбілісі рэзка зьмяніліся да лепшага. Яшчэ ў сакавіку 2006 году Міхаіл Саакашвілі кляйміў беларускую тыранію і абяцаў падтрымку беларускай дэмакратыі, а грузінскіх актывістаў высылалі зь Беларусі за «ўмяшаньне ва ўнутраныя справы». Напярэдадні выбараў 2006 году КДБ Беларусі паведамляў пра ўдзел грузінскіх палітычных актывістаў у падрыхтоўцы акцый пратэсту і нават больш радыкальных дзеяньняў у Беларусі. Аднак ужо у верасьні 2007 году міністар унутраных справаў Грузіі , блізкі паплечнік прэзыдэнта Саакашвілі Вано Мэрабішвілі наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Было дамоўлена аб ўзаемным адкрыцьці амбасадаў. Супраца стала больш інтэнсіўнай пасьля грузіна-расейскай вайны і адмовы Аляксандра Лукашэнкі сьледам за Масквой прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Беларусь, у адрозьненьні ад Расеі, не разарвала дыпляматычныя стасункі з Грузіяй, таксама не ўжываліся ніякія эканамічныя і візавыя санкцыі. У разгар інфармацыйнага канфлікту паміж Менскам і Масквой ў 2010 годзе (сэрыял "Хростны бацька — 1-4 і інш.) БТ перадала інтэрвію Міхаіла Саакашвілі з крытыкай расейскай пазыцыі і падтрымкай Менску.

Зразумела, усе гэтыя факты ня робяць перадачу зьвестак пра беларускую апазыцыю з Тбілісі ў Менск стоадсоткава верагоднай. Аднак робяць яе ў прынцыпе палітычна магчымай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG