Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два грузінскія актывісты "Кмары" вылецелі зь Менска ў Кіеў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня зь менскага ізалятара на вуліцы Акрэсьціна былі вызваленыя грамадзяне Грузіі Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ, якіх беларускія ўлады абвінавацілі ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. Празь дзьве гадзіны пасьля вызваленьня грамадзяне Грузіі ў суправаджэньні грузінскага дыплямата адляцелі зь Менска ў Кіеў. Падрабязнасьці перадае наш карэспандэнт.

А 15-й гадзіне зь менскага аэрапорта адляцеў самалёт у Кіеў, на якім пакінулі Беларусь грамадзяне Грузіі, актывісты моладзевай арганізацыі “Кмара” Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ.

Нагадаем, 24 жніўня грамадзянаў Грузіі затрымалі для праверкі дакумэнтаў, а яшчэ праз некалькі дзён асудзілі да 15 сутак арышту за дробнае хуліганства. Сёньня ў першай палове дня стала вядома, што гарадзкі суд адмяніў гэты прысуд і пастанавіў вызваліць грамадзянаў з-пад варты, аднак яшчэ некалькі гадзінаў яны знаходзіліся ў ізалятары. Толькі апоўдні грузінскі дыплямат Зураб Квачадзэ змог паведаміць, што ягоныя суайчыньнікі ужо на волі.

(Квачадзэ: ) “Іх выпусьцілі. Яны зараз побач са мной. Перадаць ім тэлефон? Гэта выключана. Яны пачуваюцца добра. Больш размаўляць не магу”.

Блізу 15-й гадзіны Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ патэлефанавалі з аэрапорта адвакатцы Веры Страмкоўскай. Яны сказалі, што ўжо прайшлі памежны кантроль і хутка сядуць у самалёт. Ад камэнтароў з нагоды таго, што зь імі адбылося ў Беларусі, Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ устрымаліся, кажа Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) “Канечне, былі шчасьлівыя і радасныя, што іх хоць выпусьцілі адсюль. Нічога не камэнтавалі, толькі падзякавалі за дапамогу”.

Ці трэба лічыць ад''езд Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ зь Беларусі дэпартацыяй? Адвакат Вера Страмкоўская кажа, што ёй невядома пра адмену пастановы пракуратуры аб дэпартацыі гэтых грамадзянаў Грузіі. Між тым, адляталі яны без суправаджэньня міліцыі. “Калі іх дэпартавалі, то ў пашпарты паставілі адпаведную адзнаку, якая забараняе ўезд у краіну цягам 5 гадоў. Ці ёсьць у пашпартах такія адзнакі, стане вядома, калі яны прыляцяць у Кіеў”.

У прэсавай службе менскай гарадзкой міліцыі не здолелі патлумачыць, ці лічыцца ад''езд актывістаў "Кмары" зь Беларусі дэпартацыяй.

Нагадаем, журналіст Георгій Кандэлакі і рэжысэр Лука Цуладзэ бралі актыўны ўдзел у дзейнасьці моладзевай арганізацыі “Кмара”, назва якой з грузінскага азначае “Хопіць!” Лічыцца, што гэтая арганізацыя спрычынілася да посьпеху “рэвалюцыі ружаў” 2003 году ў Грузіі. У Беларусі Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ правялі некалькі сустрэч з актывістамі маладзёвых арганізацыяў, у тым ліку руху “Зубр” і былі затрыманыя. Неўзабаве ўлады абвінавацілі грамадзянаў Грузіі ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі й вырашылі дэпартаваць. Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі назваў гэтую справу палітычнай.

Арганізацыя “Кмара” (па-грузінску “Хопіць”) узьнікла ў 2003 годзе. У адну з раніц жыхары Тбілісі ўбачылі на праспэкце Руставэлі надпіс на асфальце “Хопіць!” У “Кмару” уваходзілі маладыя людзі 18-20 гадоў, пераважна студэнты ВНУ. Яны насілі белыя майкі, на якіх была намаляваная чорная рука і слова “Хопіць”.

Асаблівую актыўнасьць “Кмара” праявіла падчас парлямэнцкіх выбараў у лістападзе 2003 году. Жыхарам Тбілісі запомнілася акцыя “Кмары” каля станцыі мэтро Руставэлі. З кардону была выразаная вялікая фігура Шэварднадзэ, які глядзеў з унітаза. Усе жадаючыя маглі сфатаграфавацца побач з прэзыдэнтам. “Кмара” весяліла народ і здолела адвярнуць грамадзкую думку ад прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ.

“Кмара” мела моцную сувязь з сэрбскім моладзевым рухам “Отпор”, некаторыя нават лічылі яе філіялам “Отпору”. У такіх арганізацыях, як правіла, няма лідэра – усе члены нясуць аднолькавую адказнасьць за дзейнасьць суполкі. Але ў “Кмары” лідэр быў – гэта студэнтка юрыдычнага факультэту Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Тэа Тутбэрыдзэ. У 2003 годзе Тэа Тутбэрыдзэ была студэнткай 5-га курсу і актыўна выступала супраць рэктара.

Сёньня арганізацыі “Кмара” як такой не існуе. Яе былыя члены працуюць у недзяржаўных структурах – большасьць, у тбіліскім “Істытуце Свабоды”. Супрацоўнікамі “Інстытуту Свабоды” зьяўляюцца і затрыманыя ў Менску Георгі Кандэлакі і Лука Цуладзэ.

“Кмара” ніколі не была зарэгістраваная афіцыйна. Формула, якой кіраваліся яе члены – “Нас мала, але нас лёгка заўважыць”. Журналісты тбіліскага бюро Радыё Свабода лічаць, што ў 2003-4 гадах у “Кмару” ўваходзіла да 100 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG