Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплывае стаўка рэфінансаваньня на прывабнасьць укладаў?


З 17 красавіка рашэньнем Нацыянальнага банку на 1,5% зьніжаецца стаўка рэфінансаваньня. Цяпер яна будзе складаць 27% гадавых.

Летась стаўка зьніжалася восем разоў — ад 45% да 30%, да канца 2013-га гэты паказьнік плянуецца зьменшыць да 13–15%. З аднаго боку, такая палітыка зробіць больш даступным крэдытаваньне эканомікі і насельніцтва, зь іншага — зьменшыць прывабнасьць банкаўскіх укладаў.

Аналітыкі Нацбанку сьцьвярджаюць: нягледзячы на зьніжэньне намінальнага ўзроўню працэнтных ставак, рублёвая форма зьберажэньняў будзе і надалей забясьпечваць абарону ад інфляцыі. Да таго ж рублёвыя дэпазыты па-ранейшаму перавышаюць даходнасьць у замежнай валюце. А да якой мяжы яшчэ можна зьніжаць плянку, каб не атрымаць адваротнага эфэкту — масавага пераводу рублёвых укладаў у наяўныя даляры ці эўра? Меркаваньне выказвае намесьніца дырэктара па камэрцыйных пытаньнях парталу infobank.by Кацярына Сьмірнова:

«Бязбольна зьніжацца стаўкі да бясконцасьці, вядома, ня могуць. Яны павінны, як мінімум, кампэнсаваць інфляцыю, як максымум — павінны заставацца прывабнымі для насельніцтва, каб людзі не пачалі нават псыхалягічна разглядаць пэрспэктыву пераводу іх у валюту. Наколькі я гутарыла з банкірамі, досыць многія выказваюцца, што ў цяперашняй сытуацыі стаўкі могуць быць на ўзроўні дзесьці 20%, але яны не павінны быць ніжэй за 15% у прынцыпе. Таму што як толькі гэтыя велічыні дасягаюцца, досыць значная частка насельніцтва пачынае ўжо на падсьвядомым узроўні перакладаць свае ашчаджэньні ў больш стабільныя валюты. То бок — у прынцыпе не разглядаючы розьніцу па стаўках у валюце і рублях, не разглядаючы гэта як артыкул даходнасьці. Мяркую, так і будзе».

Дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі, аслабленыя фінансавым крызісам 2011 году, зацікаўленыя прыцягваць сродкі насельніцтва. Але калі яшчэ летась рублёвыя стаўкі сягалі 60% гадавых і нават больш, то цяперашнія паказьнікі збольшага прывязаныя да стаўкі рэфінансаваньня. Дзеля параўнаньня: уклады ў валюце і год таму, і цяпер вагаюцца ў прамежку 6–8%. Тым ня меней лічбы сьведчаць пра досыць заўважнае падзеньне. Так, калі на пачатку сакавіка фіксаваныя стаўкі ў рублях складалі 40–42% гадавых, то празь месяц «столь» была ўжо 34–35%. У банкаўскім асяродзьдзі кажуць, што паступова рублёвыя стаўкі будуць зьніжацца, але асьцярожна, каб не напалохаць насельніцтва.

А вось крэдыты па-ранейшаму застаюцца для многіх недаступнымі. Так, пазыка на набыцьцё аўтамабіля выдаецца ў сярэднім пад 40% гадавых, на спажывецкія патрэбы — да 50%, на нерухомасьць — у шэрагу выпадкаў сягае 60%. І нават зьмена стаўкі рэфінансаваньня на лічбы ня надта ўплывае. Як кажа прадстаўнік банкаўскай сфэры Вадзім Запрудны, калі банкі хочуць заставацца на плыву, трэба ад такой палітыкі адмаўляцца:

на сёньня і заходняе фандзіраваньне для банкаў таксама вельмі дарагое, прыкладам, сама меней пад 20% гадавых
«Я думаю, што працэнтная стаўка ўсё ж пачне паніжацца, хай сабе для пачатку і неістотна. Вы ж бачыце, што сёньня адбываецца на рынку нерухомасьці, што дэкляруецца — ніхто нікога забясьпечваць жыльлём не зьбіраецца. Адпаведна, працэнты пад будаўніцтва вельмі высокія, пацягнуць такія крэдыты наўрад ці хто здолее. Гэта ж тычыцца і аўтамабіляў, і спажывецкіх пакупак. Але трэба адзначыць, што на сёньня і заходняе фандзіраваньне для банкаў таксама вельмі дарагое. Мы, прыкладам, маем фандзіраваньне сама меней пад 20% гадавых, што зусім ня танна. Бо атрымліваць у валюце пад такія працэнты — гэта выдаткі, якія банк мусіць кампэнсаваць дзесьці ў іншым месцы».

Як лічыць фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова, аб’ектыўных падставаў да рэзкага зьніжэньня стаўкі рэфінансаваньня, пра што абвясьцілі ўлады, пакуль няма. Але кажа, што многія банкі сочаць за фінансавай каньюнктурай, не прывязваючыся да «афіцыйнай лініі»:

«Ня варта забывацца, што яшчэ больш стратэгічная мэта, чым стаўка рэфінансаваньня, — гэта ўтрыманьне інфляцыі. Калі інфляцыя будзе
па выніках году інфляцыя ніяк ня будзе меншая за 20%
дастаткова высокая, стаўка рэфінансаваньня ня будзе ніжэйшай за яе. Асабіста я мяркую, што па выніках году інфляцыя ніяк ня будзе меншая за 20%. Паглядзім, вядома, чый прагноз спраўдзіцца, тады і вып’ем за здароўе таго аналітыка. Але, па сутнасьці, гэткі працэс у часавай пэрспэктыве ідзе дзесьці апошнія 2,5 месяца. То бок стаўкі па рынку зьніжаюцца. З аднаго боку, напэўна, ёсьць пэўная залежнасьць ад стаўкі рэфінансаваньня, зь іншага — ніхто гэтага не чакае, бо стаўкі шмат у якіх банках ні да чога наўпрост не прывязаныя. Таму што ўвогуле зьніжаецца ўзровень ставак на рынку па дэпазытах у рублях. Гэты працэс ідзе паралельна з плянавым зьніжэньнем стаўкі рэфінансаваньня».

Пэрспэктывы беларускай фінансавай сыстэмы пакуль што спрэчныя. Так, у надрукаванай напярэдадні справаздачы Міжнароднага валютнага фонду прагназуецца, што інфляцыя па выніках 2013 году складзе 20,5%, а беларускія ўлады абяцаюць стрымаць інфляцыю на ўзроўні 12%. Зыходзячы з гэтага, і мяркуецца зьнізіць стаўку рэфінансаваньня да памежнай рысы — 13%. Праўда, ужо за першы квартал рост коштаў у Беларусі дасягнуў амаль 5,5%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG