Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўская «Паўлінка» — для абранай намэнклятуры


Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ў часе рэканструкцыі
Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ў часе рэканструкцыі

Пасьля трох гадоў «капітальнага рамонту» ў адноўлены будынак Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы вяртаюцца артысты, адміністратары, тэхнічныя службы.

29 сакавіка Купалаўскі тэатар расчыніць дзьверы ў абноўлены будынак сваёй візытоўкай — культавай пастаноўкай «Паўлінкі» з істотна амалоджаным складам актораў. Квіткі на спэктакль у вольны продаж не паступалі, публіку будуць прапускаць выключна па запрашальніках. Абсалютная бальшыня запрошаных — дзяржаўныя і афіцыйныя асобы.

Другі раз за два дзясяткі гадоў прэзыдэнцтва галоўны акадэмічны тэатар краіны наведае і Аляксандар Лукашэнка. Менавіта зь ім экспэрты зьвязваюць істотную фінансавую карэкцыю выдаткаў на рэканструкцыю ўжо падчас будаўніцтва — кіраўнік краіны заявіў, што ўсе працы трэба правесьці сьціпла і без непатрэбнай паказухі.

У выніку амбітныя пляны нашпігаваць тэатар паводле апошняга слова тэхнікі засталіся збольшага на паперы. Найперш кідаецца ў вочы зьмяншэньне на 100 пасадачных месцаў глядацкай залі. Рэжым эканоміі прымусіў пераарыентавацца на ўжо выпрабаваную на іншых аб’ектах «бульдозэрную рэстаўрацыю». З выкарыстаньнем цяжкай тэхнікі летась разбурылі заднюю частку будынка, дзе акурат сцэна. Тады экспэрты заявілі, што ў адначасьсе зруйнавана ўсё, што было вартага ў гэтым будынку — сьведчаньне ягонай аўтэнтычнасьці. Ці варта было аднаўляць гістарычны будынак такімі мэтадамі — мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі
«Ня варта было б адпачатку пачынаць гэтую рэканструкцыю ў тым духу, у якім яна была зробленая. Бо той фасад, які быў паводле праекту Духана, ужо быў часткай ансамбля праспэкту і той архітэктуры 1950-х гадоў, якая яго атачала. Зразумела, пасьля таго як разламалі сцэнічную каробку — бадай, адзінае, што там заставалася аўтэнтычнага з ХІХ стагодзьдзя, з часоў Караля Казлоўскага — усё астатняе ўжо не прынцыпова, не стратэгічна.

Зьвярну толькі ўвагу на адну акалічнасьць. Казлоўскі, той самы першы архітэктар, які пабудаваў гэты тэатар, быў вельмі вядомы адмысловец менавіта ў тэатральных будынках. Тая акустыка, тое прызначэньне, па якім выкарыстоўваецца ягоны будынак філярмоніі ў Варшаве, тэатар у Любліне, да сёньня служаць сваёй мэце. Тыя, хто выдумляў рэканструкцыю менскага тэатру, то я ня маю пэўнасьці, што яны рабілі менавіта так: ці займаўся хто вылічэньнем акустыкі, ці меў хто неабходную кваліфікацыю ў спэцыфічным тэатральным будаўніцтве ўвогуле?».

Не такія радыкальныя ў высновах прадстаўнікі ўладных структураў, адказных за рэалізацыю маштабнага праекту рэканструкцыі Купалаўскага тэатру. Старшыня прафсаюзу работнікаў культуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Натальля Аўдзеева кажа, што ўмовы працы для тэатральнага калектыву будуць лепшыя за ранейшыя:

«Тое, што зроблена лепш, чым было дагэтуль, я ў гэтым перакананая. Бывае так, што лепш трошку пачакаць, чым потым пашкадаваць аб тым, што нешта недароблена».

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі наракае: у працэсе рэалізацыі такога важнага для ўсёй краіны праекту шмат што рабілася кулюарна, без шырокага абмеркаваньня са спэцыялістамі і грамадзкасьцю, без прыцягненьня аўтарытэтных замежных адмыслоўцаў у галіне тэатральнага будаўніцтва:

«Спачатку былі адны праекты, потым у працэсе рэалізацыі Дзяржкантроль вырашыў праявіць пільнасьць і рэзка зрэзалі — на паўдарозе — фінансаваньне працаў на гэтым праекце. Таму ў выніку маем, што маем: без абмеркаваньняў, без удзелу грамадзкасьці, бяз конкурсаў, бяз тэндэраў падрадчыкаў — нават не шукалі, хто мог бы якасьней ці таньней зрабіць. І абсалютна абсурдная сытуацыя, калі праект пазбаўляюць часткі фінансаваньня ў разгар ужо рэалізацыі. У свой час мяне вельмі моцна разануў камэнтар Лукашэнкі на тэму тэатру. Маўляў, трэба зрабіць нядорага, няма патрэбы занадта выкладацца. Галоўнае, зрабіце акуратненька, сьціпленька. Але такія рэчы, як нацыянальны тэатар — гэта ня той выпадак, каб эканоміць сродкі».

За сваю больш чым 120-гадовую гісторыю будынак тэатру кардынальна перабудоўваўся двойчы, прычым у сярэдзіне 1950-х ён быў мадыфікаваны практычна да непазнавальнасьці. Пры апошняй перабудове была пастаўленая задача максымальна стылізаваць яго ў адпаведнасьці з задумай архітэктара Караля Казлоўскага, увасобленай у 1890 годзе. Наколькі гэта атрымалася — ня могуць адназначна сказаць нават спэцыялісты. Але ёсьць зьвесткі, што пры ўнутраных працах будаўнікі яўна перастараліся з выкарыстаньнем гіпсакардону, які паглынае гук і робіць акустыку далёкай ад міжнародных тэатральных стандартаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG